Хавіер Бардэм
Хавіе́р-А́нхэль Бардэ́м-Энсі́нас (па-гішпанску: Javier Ángel Encinas Bardem; нар. 1 сакавіка 1969 году, Ляс-Пальмас, Гішпанія) — гішпанскі кінаактор, які зьняўся ў больш як дваццаці гішпанскіх кінафільмах. Ляўрэат міжнародных кінапрэміяў, у тым ліку ўзнагароды Амэрыканскай кінаакадэміі ды BAFTA «За найлепшую мужчынскую ролю другога пляну» ў фільме «Старым тут ня месца» (2007). Таксама атрымаў «Залаты Глёбус» у намінацыі «Найлепшая мужчынская роля — драма» за гэтую ролю.
Біяграфія
рэдагавацьХавіер Бардэм нарадзіўся 1 сакавіка 1969 году ў горадзе Ляс-Пальмас, на гішпанскай высьпе Гран-Канарыя, якая ўваходзіць у Канарскі архіпэляг. Ягоная маці Піляр Бардэм зьяўляецца нашчадкам роду Бардэмаў, прадстаўнікі якога пачалі працаваць у кіно як толькі яно зьявілася ў Гішпаніі. Старэйшы брат Хавіера Карляс ды сястра Моніка таксама акторы. Кінадэбют Хавіера Бардэма адбыўся, калі яму было шэсьць гадоў. Яшчэ хлопчыкам ён зьняўся ў шэрагу тэлевізійных сэрыялаў, але потым заняўся жывапісам ды спортам. Перш чым стаць прафэсійным акторам, Хавіер Бардэм нават увайшоў у склад моладзевай зборнай Гішпаніі па рэгбі.
Кар’ера
рэдагавацьУ 1992 годзе Хавіер Бардэм зьявіўся ў стужцы «Хамон, хамон», у якой таксама здымалася Пэнэлёпа Крус. Гэтая стужка была першай стужкай з удзелам Бардэма, паказанай за межамі Гішпаніі. Вялікім посьпехам для яго стаў фільм «Пакуль не надыйдзе ноч» (2000), у якім ён сыграў ролю кубінскага паэта Рэйнальда Арэнаса. За гэтую ролю яго намінавалі на Оскара «За найлепшую мужчынскую ролю». Гэта была першая намінацыя актора з Гішпаніі на гэтую прэмію. Таксама гэтая роля была першай, у якой Бардэм размаўляў па-ангельску. У 2002 годзе Бардэм сыграў галоўную ролю ў рэжысэрскім дэбюце Джона Малкавіча «Танцорка наверсе». У 2004 годзе на экраны выйшаў фільм «Мора ўнутры», за ролю ў якім Хавіер Бардэм быў узнагароджаны кубкам Вольпі на Вэнэцыянскім кінафэстывалі. У гэтым жа годзе Бардэм сыграў эпізадычную ролю ў галівудзкай крымінальнай драме «Супольнiк». 2007 год прынёс гэтаму актору міжнародную славу. Ён сыграў, па-першае, у экранізацыі раману Габрыеля Гарсіі Маркеса «Каханьне падчас халеры», па-другое, ролю другога пляну ў стужцы «Старым тут ня месца» братоў Коэнаў, за якую ён атрымаў «Оскар», «Залаты Глёбус», Сатурн, узнагароду BAFTA і шэраг іншых прэміяў. У 2008 годзе Бардэм разам з Пэнэлёпай Крус і Скарлет Ёгансан сыграў у фільме «Вікі Крыстына Барсэлёна» рэжысэра Ўудзі Алена. За ролю ў гэтым фільме намінаваны на «Залаты Глёбус».
Сям’я
рэдагавацьЖанаты з акторкай Пэнэлёпай Крус, маюць сына Лео (нарадзіўся ў 2011 годзе).
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Javier Bardem // filmportal.de — 2005.
- ^ Javier Bardem // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Javier Bardem // Munzinger Personen (ням.)
- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #1019804122 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Хавіер Бардэм (анг.) на сайце IMDb