Даміні́к Рудні́цкі (па-польску: Dominik Rudnicki; 28 ліпеня 1676, ВКЛ — 10 кастрычніка 1739) — беларускі і польскі пісьменьнік.

Дамінік Рудніцкі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 28 ліпеня 1676
ВКЛ
Памёр 10 кастрычніка 1739
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, пісьменьнік
Жанр верш
Мовы беларуская, польская

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Паходзіў зь беларускай шляхты. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (к. 1694). Настаўнічаў у езуіцкіх калегіюмах Слуцку, Горадні, Мсьціслава, Наваградку. 3 1720 у Варшаве, пракуратар Літоўскай правінцыі езуітаў. 3 1730 у Нясьвіжы.

Творчасьць

рэдагаваць

У рукапісных зборніках Рудніцкага (вядомыя з публікацыяў А. Брукнэра і У. Ператца, загінулі падчас Варшаўскага паўстаньня ў 1944) акрамя польскіх, было 9 беларускіх вершаваных твораў, альбо напісаных ім, або народных. У іх выяўляюцца рысы позьняга барока: алегорыя, гратэск, марнасьць і хуткаплыннасьць жыцьця. Адчуваецца арыентацыя на народную песьню. Аўтар інтэрмэдыяў на польскай мове, казаньняў, зборніку «Свабодны голас у вершаванай форме» (выд. 1741).

Рудніцкаму прыпісваецца аўтарства беларускіх вершаваных «Вітаньняў» з нагоды наведваньня Вільні ў 1729 вармінскім біскупам Крыштафам і Пінску ў 1730(?) валынскім біскупам Стафанам.

Ім створана алегарычная сыстэма вобразаў у вершаваным сатырычным цыклі «Зьвярыныя гратэскі» (творы «Ваенны паход грыбоў», «Птушыны баль», «Камара з дуба цяжкі ўпадак» і інш.). У апісаньні злых прыгод птушак, казурак і расьлінаў угадваецца рэальнае жыцьцё дробнай шляхты.

Літаратура

рэдагаваць
  • Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 72-78, 116—126.
  • Eustachiewicz M. Twórczość Dominika Rudnickiego. Wrocław, 1966.