Савецкая акупацыя Балтыйскіх дзяржаваў (1940)
Саве́цкая акупа́цыя Балты́йскіх дзяржа́ваў — акупацыя Латвіі, Летувы і Эстоніі Савецкім Саюзам, якая адбылася ў 1940 року пасьля заключэньня з гэтымі дзяржавамі актаў пра ўзаемадапамогу ў 1939 року. Паводле гэтых актаў савецкія ўлады займелі магчымасьць разьмяшчаць на тэрыторыі Прыбалтыкі вайсковыя базы. Улетку 1940 року сілы Чырвонай арміі змусілі кіраўнікоў краіны сысьці з пасадаў. Прэзыдэнты Латвіі і Эстоніі былі арыштаваныя і пазьней загінулі ў ссылцы. Замест легітымнага кіраўніцтва былі створаныя марыянэткавыя ўрады, якія і правялі сфальсыфікаваныя выбары ў «народныя сходы», якія ўрэшце прагаласавалі за далучэньне да СССР.
Перадумовы
рэдагавацьПаводле пакту Молатава — Рыбэнтропа ў сфэру ўплыву Савецкага Саюзу трапілі і балтыйскія дзяржавы. СССР запатрабаваў ад іх заключэньня дамоваў пра ўзаемадапамогу. Падставай для ўльтыматуму эстонскаму міністру замежных справаў 24 верасьня 1939 року стаў сыход польскай падводнай лодкі «Арол» з Таліну 18 верасьня. Саветы абвінавацілі Эстонію ў ненэўтральнасьці і запатрабавалі падпісаньня дамовы пра ўзаемадапамогу з мэтаю заснаваньня ў Эстоніі вайсковых базаў[1][2]. Эстонцы былі вымушаныя пагадзіцца і 28 верасьня 1939 року падпісалі пагадненьне, якое прадугледжвала заснаваньне савецкіх марскіх, авіяцыйных і сухапутных вайсковых базаў на двух эстонскіх астравох і ў порце Палдыскі[1].
5 і 10 кастрычніка 1939 року падобныя пагадненьні падпісалі адпаведна Латвія і Летува. Савецкі Саюз атрымаў магчымасьць з кастрычніка разьмясьціць у Латвіі 30 000 вайскоўцаў, у Летуве — 20 000 і 25 000 у Эстоніі, а таксама трымаць вайсковыя базы ў Прыбалтыцы цягам усяе вайны ў Эўропе[2].
Фінляндыя адмовіла аналягічным патрабаваньням, з-за чаго СССР у лістападзе напаў на яе. У выніку вайны Фінляндыя страціла частку тэрыторыі, але захавала сувэрэнітэт. Балтыйскія дзяржавы ў гэтым канфлікце захоўвалі нэўтралітэт, што Саветы назвалі прыкладнымі паводзінамі[3].
Акупацыя
рэдагавацьСаветы разгарнулі на межах балтыйскіх дзяржаваў войскі (з улікам разгорнутых на ўнутрыдзяржаўных базах) колькасьцю 435 000 чалавек, каля 8000 гарматаў і мінамётаў, больш за 3000 танкаў і 500 бронемашынаў[4]. 9 чэрвеня Сямён Цімашэнка аддаў загад войскам Ленінградзкай вайсковай акругі падрыхтавацца 12 чэрвеня быць гатовымі:
- захапіць караблі вайсковых флётаў Латвіі, Летувы й Эстоніі на базах ці ў моры;
- захапіць латвійскія й эстонскія гандлёвыя караблі й іншыя судзіны;
- падрыхтавацца да ўварваньня і высадкі ў Таліне і Палдысках;
- перакрыць Рыскую затоку, заблякаваць узьбярэжжы Латвіі й Эстоніі ў Фінскай затоцы і Балтыйскім моры;
- перашкодзіць эвакуацыі латвійскага й эстонскага ўрадаў, войскаў і скарбаў;
- забясьпечыць падтрымку з мора наступу на Раквэрэ;
- перашкодзіць вылету латвійскіх і эстонскіх самалётаў у Фінляндыю або Швэцыю[5].
12 чэрвеня савецкі Балтыйскі флёт пачаў высоўвацца на пазыцыі ў Балтыйскім моры, Рыскай і Фінскай затоках. У марской блякадзе былі задзейнічаныя 120 суднаў, у тым ліку крэйсэр, сем эсьмінцаў, 17 падлодак, а паветраную падтрымку складалі 219 самалётаў, сярод якіх 84 бамбавікі[6]. Паколькі заходні сьвет сачыў за падзеньнем Парыжу нацыстам, блякада Эстоніі ня выклікала ніякой рэакцыі. Пры гэтым савецкія зьнішчальнікі зьбілі фінскі пасажырскі самалёт «Калева», які вёз амэрыканскую дыпляматычную пошту з Таліну ў Хельсынкі. У катастрофе загінуў супрацоўнік амэрыканскай амбасады Генры Антэйл-малодшы.
Масква абвінаваціла балтыйскія краіны ў змове супраць Савецкага Саюзу і выставіла ім ультыматумы з патрабаваньнем новых саступак, сярод якіх было абраньне новых урадаў і допуск на сваю тэрыторыю неабмежаванай колькасьці войскаў. Пры адмове выканаць патрабаваньні пагражала вайсковае ўварваньне. Апынуўшыся ў міжнароднай ізаляцыі і з войскамі на сваіх граніцах, балтыйскія дзяржавы вырашылі не чыніць вайсковага супраціву з мэтай пазьбегнуць дарэмнага крывапраліцьця[7]. 15 чэрвеня Чырвоная армія ўвайшла ў Летуву, 16 чэрвеня — у Латвію і Эстонію.
Амаль усе войскі і тэрытарыяльная абарона Эстоніі на загад эстонскага ўраду не аказалі супраціву і былі абяззброеныя Чырвонай арміяй[8][9]. 21 чэрвеня 1940 року толькі разьмешчаны на вуліцы Раўа ў Таліне незалежны батальён сувязі паспрабаваў супрацьстаяць Чырвонай арміі і камуністычнай міліцыі[10]. Бальшавікі выклікалі на дапамогу шэсьць браневікоў, і пасьля некалькіх гадзінаў супрацьстаяньня сувязны батальён здаўся і быў раззброены.
Савецкая палітыка
рэдагавацьНа акупаванай тэрыторыі балтыйскіх дзяржаваў адразу пачаліся рэпрэсіі і масавыя дэпартацыі, якія цягнуліся да ўварваньня Нямеччыны.
Саветы пачалі пераўладкоўваць палітычныя сыстэмы трох дзяржаваў, першым чынам сфармаваўшы пераходныя «часовыя ўрады»[11]. Законныя прэзыдэнты і ўрады пад ціскам «народных сходаў» і прысланых Сталінам эмісараў[a] вымушаныя былі скласьці паўнамоцтвы. 14-15 ліпеня адбыліся выбары ў «народныя сходы», прычым законы былі незаконна зьмененыя такім чынам, каб удзел у выбарах маглі ўзяць толькі камуністы ды іхнія прыхільнікі[12]. Вынікі выбараў былі сфальсыфікаваныя і зьявіліся ў друку яшчэ да закрыцьця выбарчых участкаў[13][14]. Абраныя «народныя сходы» сабраліся 21 ліпеня толькі дзеля таго, каб адзінагалосна прагаласаваць за ўваход у склад Савецкага Саюзу. У пачатку жніўня Вярхоўны Савет СССР «ухваліў» усе тры запыты. З пункту гледжаньня савецкага боку, у балтыйскіх дзяржавах адбыліся сацыялістычныя рэвалюцыі, пасьля чаго яны добраахвотна ўвайшлі ў склад СССР.
Урады балтыйскіх дзяржаваў працягнулі дзейнасьць у выгнаньні ў Лёндане і заставаліся прызнанымі заходнімі дзяржавамі. Са здабыцьцём незалежнасьці савецкіх рэспублік гэтыя ўрады вярнуліся і ўліліся ў наваствораныя дзяржаўныя інстытуцыі.
Глядзіце таксама
рэдагавацьЗаўвагі
рэдагаваць- ^ Акрамя акрэдытаваных амбасадараў, Савецкі ўрад накіраваў у краіны Балтыі спэцыяльных эмісараў: у Латвію намесьніка старшыні Саўнаркаму Андрэя Вышынскага; у Летуву — намесьніка наркама замежных справаў Уладзімера Дэканозава; у Эстонію — чальца Палітбюро Андрэя Жданава
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Hiden & Salmon 1994. С. 110.
- ^ а б David J. Smith 2002. С. 24.
- ^ Mälksoo 2003. С. 83.
- ^ Мельтюхов М. И. 2008. С. 198.
- ^ Pavel Petrov 2008. С. 154.
- ^ Pavel Petrov 2008. С. 164.
- ^ David J. Smith 2002. С. 19.
- ^ Alan Ertl 2008. С. 394.
- ^ Toivo Miljan 2004. С. 111.
- ^ Press Service of the Office of the President. (19 сьнежня 2001) The President of the Republic acquainted himself with the Estonian Defence Forces (анг.). Office of the President of Estonia. Праверана 31 сакавіка 2017 г.
- ^ Taagepera 1993. С. 20.
- ^ Taagepera 1993. С. 26-27.
- ^ Mangulis 1983.
- ^ Švābe 1949.
Літаратура
рэдагаваць- Мельтюхов М. И. Упущенный шанс Сталина. Советский Союз и борьба за Европу: 1939—1941. — М.: Вече, 2008. — 537 с. — ISBN 9785953326971
- Ertl, Alan [books Toward an Understanding of Europe]. — Universal-Publishers, 2008. — ISBN 1-59942-983-7
- Johan Hiden, Patrick Salmon. The Baltic Nations and Europe. — Revised. — Harlow, England: Longman, 1994. — ISBN 0-582-25650-X
- Lauri Mälksoo. Illegal Annexation and State Continuity: The Case of the Incorporation of the Baltic States by the USSR. — The Netherlands: Martinus Niljhoff Publishers, 2003. — ISBN 978-90-411-2177-6
- Mangulis, Visvaldis VIII. September 1939 to June 1941 // [magulis_saturs.htm Latvia in the Wars of the 20th century]. — Princeton Junction: Cognition Books, 1983. — ISBN 0-912881-00-3
- Miljan, Toivo Historical Dictionary of Estonia. — Scarecrow Press, 2004. — ISBN 0-8108-4904-6
- Švābe, Arvīds The Story of Latvia. — Stockholm: Latvian National Foundation, 1949.
- The Baltic States: Estonia, Latvia and Lithuania / by David J. Smith, Artis Pabriks, Aldis Purs and Thomas Lane. — London and New York: Routledge, 2002. — ISBN 0-415-28580-1
- , Romuald J. Misiunas, Rein Taagepera. The Baltic States, years of dependence, 1940—1990. — University of California Press, 1993. — ISBN 0-520-08228-1
- Petrov, Pavel [raamat Punalipuline Balti Laevastik ja Eesti 1939—1941]. — Tänapäev, 2008. — ISBN 978-9985-62-631-3