Грэка-турэцкі абмен насельніцтвам
Грэка-турэцкі абмен насельніцтвам — прымусовы абмен насельніцтвам Грэцыі, Турэччыны і Баўгарыі ў 1923 годзе. Стаў вынікам паразы Грэцыі ў Другой грэка-турэцкай вайне 1919—1922 гадоў і заключэньня Лязанскага мірнага дагавору. У грэцкую гістарыяграфію ўвайшоў як «Малаазіяцкая катастрофа» (па-грэцку: Μικρασιατική καταστροφή).
Абмен закрануў каля 2 мільёнаў чалавек і насіў прымусовы характар, асабліва ў стаўленьні да грэцкага насельніцтва Малой Азіі і Ўсходняй Тракіі. Галоўная мэта абмену — гамагенізацыя нацыянальнага складу дзяржаваў, якія ўтварыліся на тэрыторыі былой Асманскай імпэрыі і прадухіленьне разьвіцьця сэпаратызму з боку патэнцыйных этнарэлігійных меншасьцяў.
Умовы абмену
рэдагавацьПаміж Грэцыяй і Турэччынай абмен адбыўся па рэлігійнай (а не этнічнай) прыкмеце. Так, грэкамоўныя мусульмане вымушаны былі пакінуць тэрыторыю Грэцыі, (асабліва Крыт — глядзіце: Крыцкія мусульмане), у той час як хрысьціянскае насельніцтва пакідала Турэччыну (дакладней Анатолію), нягледзячы на тое, што большасьць хрысьціянаў з унутраных раёнаў паўвостраву ўжо не размаўляла па-грэцку і перайшла на турэцкую мову.
Паміж Грэцыяй і Баўгарыяй абмен праходзіў па этнічнай прыкмеце. Баўгарыя і Турэччына прымусовы абмен насельніцтвам не праводзілі. Пры гэтым, практычна ўсе праваслаўныя баўгары пакінулі тэрыторыю Турэччыны, у той час як цюркамоўныя і іншыя мусульмане працягвалі пражываць у Баўгарыі ў значных колькасьцях, нягледзячы на захаваньне мухаджырства.
Перадумовы
рэдагавацьПрэм’ер-міністар Грэцыі Э. Вэнізэляс выношваў пляны аднаўленьня Бізантыйскай імпэрыі ў яе былой велічы (глядзіце Вялікая ідэя Вэнізэляса), і ўзьяднаньня грэкаў ва ўласнай дзяржаве, аднак гэтаму не наканавана было спраўдзіцца ў выніку дыпляматычных калізыяў: першапачаткова спрыяльнае становішча (параза Турэччыне ў Першай сусьветнай вайне і падтрымка краінамі Антанты грэцкіх памкненьняў, уключаючы прамую выдачу імі мандату на заняцьце часткі малаазійскіх тэрыторыяў, населеных грэкамі і іншымі хрысьціянамі) абарацілася падчас распачатай вайны фактычнай здрадай з боку хаўрусьнікаў, якія спынілі ўсякую дапамогу грэкам (хоць спрыялі яе разьвязваньню і фармальна ўдзельнічалі ў ёй на баку Грэцыі) і магутнай ваенна-тэхнічнай і фінансавай падтрымкай ураду турэцкіх нацыяналістаў з боку бальшавіцкага ўраду Расеі. У выніку Грэцыя пацярпела паразу ад перавышаючых сіл туркаў. Дагавор пра абмен насельніцтва быў заключаны пасьля паразы Грэцыі ў грэка-турэцкай вайне 1919—1922 гадоў, у выніку чаго Грэцыя таксама страціла права на акругу Ізьміру (Сьмірны) і Ўсходнюю Тракію. Гэта стала прычынай бязьлітасную разьню з боку турэцкіх войскаў хрысьціянскага насельніцтва акругі, якое складала 71 % насельніцтва даваеннага Ізьміру, і спаленьня гораду туркамі. Пры гэтым брытанскія войскі спакойна назіралі за падзеямі ў бухце гораду. Неўзабаве асноўная маса хрысьціянаў была эвакуавана ў Атэны, многія зьехалі ў Амэрыку і Аўстралію.
Эвакуацыя
рэдагавацьУсьлед за эвакуацыяй хрысьціянаў (каля 1,5 млн чалавек) рушыла ўсьлед высяленьне і мусульманаў з Паўночнай Грэцыі (галоўным чынам з Македоніі). З-за гэтага, Салёнікі — старажытны грэцкі горад, які ў значнай ступені страціў да пачатку XVI стагодзьдзя сваю хрысьціянскую (грэка-славянскую) большасьць, — быў рээлінізаваны. Акрамя таго, чыста грэцкім і хрысьціянскім стаў Крыт. Разам з тым практычна ўсе гарады Заходняй Турэччыны, Адрыянопаль (Эдырнэ), Ізьмір і шматлікія дробныя паселішчы пазбавіліся сваіх хрысьціянскіх жыхароў. Пры гэтым абмен быў відавочна нераўнавартасным: 1,5 млн выселеных хрысьціянаў прыбылі ў Грэцыю на месца 0,5 млн мусульманаў, што стварыла ў Грэцыі сапраўдны сацыяльны крызіс, прывяло да росту трушчобаў у буйных гарадах (у першую чаргу ў Атэнах, Пірэі, Салёніках), масавага беспрацоўя, росту галечы і голаду, масавай эміграцыі за мяжу.
Статыстыка абмену
рэдагавацьГрэкахрысьціянскія імігранты
рэдагавацьПаводле зьвестак афіцыйнай статыстыкі, 151 892 грэкі пакінулі Малую Азію яшчэ падчас канфлікту. Большая частка накіравалася ў Грэцыю, аднак значная колькасьць эмігравала ў ЗША, Канаду і Аўстралію. Лязанскі мірны дагавор 1923 году афіцыйна ўлічыў 1 404 216 грэкахрысьціянскіх перасяленцаў з тэрыторыі Турэччыны; 60 027 грэкаў прыбылі з чарнаморскага ўзьбярэжжа Баўгарыі; 58 522 прыбылі з тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі (галоўным чынам з Крыму, дзе паў белагвардзейскі рэжым Урангеля); 30 080 уцекачоў прыбылі таксама зь іншых рэгіёнаў (галоўным чынам з тэрыторыі Альбаніі, Дадэканескіх астравоў і інш.). Значная частка імігрантаў накіравалася ў бедныя кварталы Атэнаў і Салёнікаў, адкуль да траціны зь іх пасьля рээмігравалі ў Паўночную Амэрыку (глядзіце: Амэрыканцы грэцкага паходжаньня). Значная колькасьць людзей прыбыла ў Грэцыю і выбыла зь яе без уліку афіцыйнай статыстыкай. Прыём уцекачоў абыйшоўся Грэцыі ў 45 млн франкаў, а таксама Ліга Нацыяў вылучыла краіне 150 млн франкаў дадаткова для разьмяшчэньня ўцекачоў.
Мусульманскія эмігранты
рэдагавацьШто да мусульманаў, то статыстыка афіцыйна ўлічыла 380 тыс. «турак», выселеных з Македоніі. Сярод іх, зрэшты, была і некаторая колькасьць цыганаў-мусульманаў, альбанцаў-мусульманаў, а таксама славянаў-мусульманаў (глядзіце: памакі), а акрамя таго да 3 тысячаў ісламізаваных раманамоўных валахаў (глядзіце: мэгленарумыны). Каб раз і назаўжды пакласьці канец баўгарскім дамаганьням на паўночнае ўзьбярэжжа Эгейскага мора, 60 тыс. баўгараў-хрысьціянаў было адначасова выселена грэцкімі ўладамі ў Баўгарыю.
Выключэньні
рэдагавацьДагавор меў і пэўныя выключэньні: з абмену былі выключаны грэкі-хрысьціяне Канстантыноплю — на той момант каля 270 тыс. чалавек, астравоў Імбрас (Гёкчэада) і Тэнэдас (Базджаада), а таксама мусульмане (туркі, баўгары і цыганы) Заходняй Тракіі (каля 86 тыс.).
Захавалася мусульманскае насельніцтва Кіпру (18%) — тады брытанскага — і Дадэканэсскіх астравоў Родасу і Косу (5%) — тады пад кіраваньнем Італіі.
Мусульмане ў Грэцыі захавалі лікавую перавагу ў раёнах традыцыйнага пражываньня (Ксанты; глядзіце: памакі). Грэцкае ж насельніцтва Стамбулу на працягу XX стагодзьдзя працягвала скарачацца. Да 1955 году ў горадзе засталося ня больш за 100 тысячаў грэкаў і многія зь іх былі выгнаныя ў выніку пагрому.
Астравы Імбрас (Гёкчэада) і Тэнэдас (Базджаада) былі заселеныя туркамі і выкарыстаньне грэцкай мовы ў школах і адміністрацыі з 1974 году было забаронена. У Грэцыі адукацыя на турэцкай мове захоўваецца толькі ў рэгіёне Заходняя Тракія. Мусульманскія імігранцкія абшчыны іншых рэгіёнаў Грэцыі, напрыклад шматлікія арабскія, альбанскія, курдзкія і пакістанскія абшчыны сучасных гарадоў Грэцыі: Атэны, Салёнікі, Іракліян гэтымі прывілеямі не карыстаюцца.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Shaw S. J., Shaw E. K. History of the Ottoman Empire and Modern Turkey. — Cambridge University Press, 1977. — Vol. 2. Reform, Revolution, and Republic: The Rise of Modern Turkey 1808–1975. — P. 239—241. — 548 p. — ISBN 0521291666, ISBN 9780521291668.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьГрэка-турэцкі абмен насельніцтвам — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў