Гопнік

жаргоннае прыніжальнае абазначэньне мескага маладзёна

Гопнік (зборн. гоп, гапата; рас. гопник) — жаргоннае прыніжальнае[1] абазначэньне мескага[2] маладзёна, які належыць да савецкае ды пост-савецкае субкультуры, блізкай да крымінальнага сьвету або з крымінальнымі рысамі паводзінаў, і які паходзіць з малазабясьпечанай сям’і[2]. Тэрмін шырока выкарыстоўваецца з канца ХХ стагодзьдзя[2] ў Расеі і іншых краінах колішняга СССР.

гопнік
стэрэатып
Падкляса аджаргоннае слова Рэдагаваць
Дата заснаваньня / стварэньня1890 Рэдагаваць
КраінаРасея Рэдагаваць

Паходжаньне ды значэньне

рэдагаваць

Слова гопнік, як і іншыя шматлікія словы, узьніклыя за савецкім часам для пазначэньня разнастайных субкультураў, зьяўляецца запазычаньнем з расейскае мовы.

Расейскі пісьменьнік Аляксандар Сідараў (таксама вядомы як Фіма Жыганец), аналізуючы паходжаньне расейскага панятку гопник, выкарыстоўвае зьвесткі расейскага дасьледніка Ўладзімера Даля, які ў сваім «Тлумачальным слоўніку жывой вялікарасейскай мовы» падае слова гоп са значэньнем скачку або ўдару. На думку Аляксандра Сідарава, слова гопник (альбо гопстопник) пазначае вулічнага рабаўніка[3]. Такое ж акрэсьліваньне вызначаецца таксама паводле кароткага слоўніку крымінальнага жаргону Юрыя Аляксандрава, дзе пад паняткам гопник вызначаецца тэрмін «рабаўнік»[4]. Паводле вэрсіі даведкавае службы расейскага парталу Грамота.ру, слова «гопник» адносіцца да жаргоннае лексыкі ў расейскай мове і мае на ўвазе «махляра, налётчыка; пагромніка, хулігана»[5].

Як адзначае Аляксандар Сідараў, слова «гопник» у расейскай мове таксама выкарыстоўваецца для пазначэньня «жабракоў, валацугаў, бамжоў»[3]. На ягоную думку, гэтае азначэньне паўстала яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы Расеі — за часамі існаваньня гэтак званых прыказаў грамадзкага нагляду (па-расейску: «приказы общественного призрения»): губэрнскіх камітэтаў, у сфэры працы якіх знаходзіўся клопат пра «жабракоў, калекаў, хворых, сіротаў і г.д.», якія зьмяшчаліся ў адмысловых дамох нагляду за рахунак земскіх (то бок, муніцыпальных) сродкаў. У гэтым значэньні расейскае гопник паходзіць ад абрэвіятуры ГОП («Городское общество призора», па-беларуску: «Мескае таварыства нагляду»). З тае нагоды, што вылучаных сродкаў не хапала на дапамогу бяздомным асобам і асобам з малым прыбыткам, кліенты дамоў нагляду займаліся бадзяжніцтвам, кленчаньнем, дробнымі крадзяжамі. Праз гэта слова «гопник» набыла значэньне «валацугаў, абадранцаў ды жабракоў», яно ў сваю чаргу захавалася і па кастрычніцкім перавароце.

Згодна са зьвесткамі «Вялікага тлумачальнага слоўніку расейскае мовы» пад рэдакцыяй С. Кузьняцова, «гопник» — «человек из социальных низов; босяк» (па-беларуску: «чалавек з сацыяльных нізоў; басяк»)[6]. Тлумачальна-словаўтваральны слоўнік расейскае мовы кандыдата філялягічных навук Тацьцяны Яфрэмавай пад словам «гопник» падае значэньне «опустившийся человек, бродяга»[7] (па-беларуску: «чалавек, які апусьціўся; валацуга»).

Іншыя вэрсіі выводзяць этымалёгію слова «гопнік» паводле іншых гіпотэзаў (якія таксама грунтуюцца на дзяржаўных установах). Так, у канцы ХІХ стагодзьдзя ў памяшканьнях сучаснага гатэлю «Октябрьская», што месьціцца на Лігаўскім праспэкце, было арганізаванае Дзяржаўнае таварыства нагляду (па-расейску: «Государственное общество призора», абрэвіятура — ГОП), у якое дастаўлялі безнаглядных дзяцей і падлеткаў, якія займаліся дробнымі крадзяжамі і хуліганствам. Па кастрычніцкім перавароце ў будынку арганізацыі з гэтымі ж мэтамі быў арганізаваны Дзяржаўны інтэрнат пралетарыяту. Паводле вэрсіі гэтай этымалёгіі, колькасьць злачынцаў малога ўзросту ў гэтым раёне павялічылася ў некалькі разоў, а ў асяродку месьцічаў зьявіўся панятак гопники, якім пазначалі жыхароў таварыства; сама назва ўзьнікла ад расейскае абрэвіятуры назвы ўстановы. Паўстаў выраз «количество гопников измеряется в лигах» (па-беларуску: «колькасьць гопнікаў вымяраецца ў лігах»), у асяродку жыхароў Петраграду (а потым — Ленінграду) зьявілася завядзёнка пытацца ў малавыхаваных людзей фразаю «Вы что, на Лиговке живёте?» (па-беларуску: «Вы што, на Лігаўцы жывяце?»)[8][9].

Як адзначае Аляксандар Сідараў, у канцы 1920-х гадоў г. зв. «босяцкая братия» словам «гоп» называла начлежкі, а іх насельнікаў — словам гопники, гопа[3]. Сідараў засяроджвае ўвагу на сюжэце аповесьці Л. Панцялеева ды Рыгора Бялых «Рэспубліка ШКІД», у якой настаўніца, жадаючы напалохаць выхаванцаў, прыкрыквае на іх: «Вы у меня побузите только. Я вам… Гопа канавская!» (па-беларуску: «Вы ў мяне пабузіце адно. Я вам... Гопа канаўская!»). Апавядаючы пра вандроўкі аднога з герояў твору, аўтары ўзгадваюць пра гэта з ужываньнем слова гопничал[3][a]. Разважаючы наконт паходжаньня слова, Сідараў таксама зьвяртае ўвагу на распаўсюджаны выраз гоп-компания, што атаясамліваецца са словам «гопник», і якое мае значэньне «вясёлага зборышча людзей ня надта сур'ёзных і надзейных, на якіх лепей не спадзявацца ў надзейнай справе»[3]. Таксама зьвязаны з гэтым словам і тэрмін гоп-стоп, які пазначае вулічны рабунак.

На думку Е. Калугінай, слова «гопник» можа мець значэньне «прымітыўны, малаадукаваны малады чалавек». Сацыёляг Альбіна Гарыфзянава характарызуе гопнікаў як «неадукаваных людзей, культурна адсталых, абсалютна не талерантных»[10]. Расейскімі сацыёлягамі Ўладзімерам Дабраньковым і Альбэртам Краўчанкам адзначана, што слова «гопник» зьяўляецца вытворным ад гоп — жаргоннага слова жабракоў, што ўвабралі ў сябе элемэнты крымінальнае культуры, і якое пазначала «знаходжаньне ў начлежцы»[11].

Блізкімі паводле значэньня словамі і тэрмінамі зьяўляюцца урлы, «хуліганы», шпана, вулічныя пацаны, «дваровыя банды», «люмпэны».

У іншых мовах, якія не карыстаюцца запазычаньнем з расейскае мовы альбо маюць свае тэрміны, існуюць свае аналягічныя тэрміны для пазначэньня прадстаўнікоў падобных субкультураў альбо блізкіх да іх. Напрыклад, ангельскае chav (шырока выкарыстоўванае прыніжальнае слэнгавае слова, што азначае маладых людзей зь нізкім сацыяльным статусам і якія звычайна носяць «брэндавае» спартовае адзеньне[1], што таксама характэрна для гопнікаў), летувіскае forsai, латыскае urla і г.д.

Характарыстыка

рэдагаваць

У якасьці ўстойлівага выразу, прсутнага ў расейскай мове, слова зьявілася ў 1980-з гадох датычна прадстаўнікоў моладзі, для якіх вулічны крадзеж маёмасьці, на думку расейскае дасьледніцы Алены Бяссонавай, «часткаю іміджу крыміналізаванае супольнасьці, спосабам забаваў і падтрыманьня аўтарытэту». Як мяркуе Бяссонава, у 1990-х гадох зьявіліся г.зв. «гопы», для якіх усё характэрнае для жыцьця іхных «прабацькоў», да якіх аўтарка залічвае асобаў з крымінальным мінулым, стала «свайго кшталту філязофіяй жыцьця, сьветапоглядам, спосабам пазыцыянаваць сябе ў грамадзтве». Бяссонава адзначае, што «для сучаснага гопа, перадусім, важней напалохаць і прынізіць чалавека, зазнаць над ім сваю ўладу, а потым ужо — просвоіць ягоныя грошы»[2]. Блізкасьць да крымінальнага сьвету стала прычынаю ўжываньня зладзейскага жаргону і ненарматыўнае лексыкі.

З пункту сацыяльнага гледзішча прадстаўнікі субкультуры звычайна паходзяць з ускраінаў прамысловых местаў. Большасьць гопнікаў выйшла зь бедных, малазабясьпечаных сем’яў[2]. Імідж ды паводзіны тыповага прадстаўніка гэтае субкультуры прадстаўляюць сабою пародыю на прадстаўнікоў крымінальнага сьвету Расеі ды іншых краінаў СНД пэрыяду 1990-х гадоў. Так, напрыклад, непасрэдна ад прадстаўнікоў крымінальнага сьвету гопнікі запазычылі звычку ўжытку чорных скураных куртак і спартовых трыко, а таксама сталі займацца дробнымі крадзяжамі і вымагальніцтвам грошай.

Прадстаўнікі субкультуры гопнікаў звычайна характарызуюцца выражанай агрэсіяй супраць чальцоў грамадзтва, арыентаваных на заходнія каштоўнасьці (звычайна, супраць арыентаваных на заходнюю культуру «нефармалаў»), а таксама пагардлівым стаўленьнем да г.зв. лахоў — усіх прадстаўнікоў грамадзтва, якія не прытрымліваюцца пацанскіх паняткаў (па-расейску: пацанские понятия): негалосных правілаў паводзінаў, якія склаліся ў крымінальным асяродзьдзі.

Як адзначае Раміль Ханіпаў, «Мескі цэнтар па прафіляктыцы безнагляднасьці ды нарказалежнасьці непаўнагадовых Санкт-Пецярбургу пазначае гопнікаў у якасьці „нефармальных аб'яднаньняў” і ўлучае іх да разьдзелу „агрэсівы”. Дыскусіі інтэрнэт-форумаў кажуць пра ўзровень разьвіцьця гэтых нефармальных аб’яднаньняў наступным чынам: „...ад Калінінграду да Ўладзівастоку гопнікі і за цяперашнім часам зьяўляюцца найраспаўсюджанай формаю моладзевых аб'яднаньняў”, а ўсе выкарыстоўваныя крыніцы падкрэсьліваюць яскрава выражаны крымінальны і групавы характар дадзенае субкультуры: „Пераважна гэта бойкі, рабункі, наезды, якія накіраваныя на здабычу грошай..., алькаголь ды цыгарэты”»[12].

Кіраўнік маскоўскага аддзяленьня расейскае партыі ЛДПР О. Лаўроў заяўляў, што гопнікі складаюць вызначаную частку выбарчае базы ягонае партыі[13]:


  Мы лічым, што гопнікі — наймагутная ў Расеі палітычная сіла. Людзі з нас сьмяюцца, называюць нас партыяй маргіналаў: гопнікаў, злодзеяў, валацугаў ды п'яніцаў. Але, разумееце, гэта ўсе людзі, чые інтарэсы ніхто больш не прадстаўляе. Мы стварылі нашыя пункты на чыгуначных вакзалах, і за некаторым часам мы мелі мільён сябраў. Калі мы высунулі Малышкіна кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2004 году, людзі былі ў шоку. Ну так, ён, вядома, не інтэлектуал, але гопнікі за яго прагаласуюць.  

Доктар сацыялялгічных навук, дырэктар праекту «Новое поколение» фонду «Общественное мнение» Ларыса Паўтава ў 2009 годзе меркавала, што «гапата» — гэта ня менш за 25% ад сучаснае моладзі. Ларыса Паўтава мае на ўвазе пад гэтым тэрмінам маладых людзей, якія не імкнуцца ні да якое мэты і якія знаходзяць сябе ў масе падобных сабе[14].

У адрозьненьне ад большасьці нефармальных аб’яднаньняў моладзі (напрыклад, гіпі, панкаў, ралевікоў), гопнікі не надавалі астатняму насельніцтву будзь-якіх назваў і не вылучалі сябе ў асобную групу адносна ўсяго насельніцтва[15], з чаго вынікае, што яны ніколі не ўсьведамлялі сябе як субкультуру.

У большасьці моладзевых субкультураў характэрнае адмоўнае стаўленьне да гопнікаў, якое даходзіць нават да крайняга антаганізму.

Дасьледніца Алена Бяссонава адзначае, што напачатку перабудовы гопнікі былі адзінымі з моладзевага асяродзьдзя, хто не цікавіўся ніякаю музыкай[2]. Пазьней прадстаўнікі субкультуры былі схільныя да блатное музыкі, расейскага шансону (у прыватнасьці, творчасьці Міхаіла Круга, гурту «Бутырка»). Таксама шматлікія прадстаўнікі аддаюць перавагу папсе (поп-музыцы) і пацанскаму рэпу.

Стэрэатыпныя ўяўленьні пра гопнікаў

рэдагаваць

Рознымі аўтарамі адзначаецца шэраг стэрэатыпаў датычна гопнікаў, якія распаўсюджаныя ў грамадзтве і вядомыя ў ім як асноўныя і характэрныя асаблівасьці дадзенае субкультуры. Напрыклад:

  • Большую частку вольнага часу бавяць на вуліцы або ў падваротнях, пад’ездах[12], іншымі ўлюбёнымі месцамі, дзе прадстаўнікі гэтае субкультуры бавяць час, ёсьць паркі, сквэры, старыя мескія двары, прыпынкі транспарту, гаражы, дворыкі ля дзіцячых садкоў, цёмныя дворыкі.
  • Не азначаюць сябе тэрмінам гопнікі, не ўсьведамляюць сваёй прыналежнасьці да субкультуры гопнікаў, а таксама не ўсьведамляюць свае групоўкі як субкультуры навогул. Замест гэтага называюць сябе пацаны, рэальныя пацаны, чёткие пацаны і г.д.
  • Маюць звычку сядзеньня на кукішках (на корта́х, на карташах, на крабе), звычка паходзіць зь месцаў зьняволеньня[12] альбо атаясамліваецца зь імі.
  • Гопнікі звычайна прытрымліваюцца разьвязнае хады і разам з гэтым агрэсіўнае стаўленьне да мінакоў: пільны погляд (непрымальны для незнаёмай асобы), няветлівыя звароты, рэзка правакацыйныя фразы, што задаюцца з мэтаю атрымаць нагоду на разьвязаньне канфліктнае сытуацыі (прыкладам, «Ты чё такой дерзкий?», «Чё смотришь?!», «Ты кто такой по жизни?», «Ты с какого района?» і г.д.)[12].
  • Пры камунікацыі зь іншымі прадстаўнікамі грамадзтва выкарыстоўваюць фразы, каб распачаць вымагальніцтва грошай ды іншых каштоўнасьцяў (напрыклад, «Слышь, мелочи не найдётся?», «Попрыгай!» (каб вызначыць наяўнасьць у ахвяры дробных, мэталёвых грошай)).
  • Ужываньне насеньня сланечніка (семки, сэмки, семачки), пры гэтым сланечнікавая шалупіна, якая ўтвараецца ў працэсе спажываньня насеньня, сплёўваюцца на асфальт або падлогу[12].
  • Для прадстаўнікоў субкультуры гопнікаў зьяўляецца характэрнай зьява гамафобіі, што, у прыватнасьці, выражаецца ўжыткам словаў «пидор», «гомосек», «петух» датычна нават тых, хто не зьяўляецца геем, а, напрыклад, выкарыстоўвае ў адзеньні стыль унісэкс, не адпавядае ўсталяваным у асяродку гопнікаў канонам зьнешняга выгляду, паводзінаў і г.д.
  • У маўленьні гопнікі часьцяком карыстаюцца словамі-паразытамі, напрыклад, «короче», «типа» и «слышь» («сышишь», «сышь»), «бля», «ёпт» («ёпта»).
  • Трыманьне цыгарэты за вухам[2].
  • У вулічных канфліктах могуць ужываць біты, кастэты, іншую халодную зброю, пнэўматычную зброю, а таксама іншыя падручныя сродкі.
  • Адзначаецца характэрнае адзеньне і абутак: спартовае адзеньне і абутак (у прыватнасьці, красоўкі, трэніровачныя порткі, алімпійка (майстарка), часам з капюшонам[2]), куртка са «скуры», у асобных выпадках абутак (туфлі, часта астраносыя) нацягваюцца пад спартовы касьцюм. У руках круцяць запальнічкі, пацеркі-«балтухі», часам вырабленыя ў месцах пазбаўленьня волі. На галаве носіцца кепка (у прыватнасьці, папулярная «качачка»), бэйсболка або васьміклінка; падчас зімы — спартовая шапка-«підарка» (іншая назва — «гандонка»).
  • Прычоска пад «паўбокс» або «вожыкам», часьцей за ўсё — вельмі каротка альбо ўвогуле «пад ноль». Папулярныя пярсьцёнкі-пячаткі, залатыя ланцужкі, пацеркі.
  • Некаторая частка насельніцтва паставіла «таўро» на спартовай вопратцы — на іх думку, часьцей за ўсё гопнікі носяць курткі Adidas, а таксама некаторую іншую прадукцыю гэтае маркі. У 1990-х гадах серад гопнікаў былі папулярныя падробкі вядомых марак адзеньня з надпісамі, якія былі зьнешне падобныя на лягатып арыгіналу: «Nice» (замест «Nike»), «Abibas» (замест «Adidas»), «Reebak» (замест «Reebok»). Падробкі такога кшталту набылі папулярнасьць праз свой танны кошт і вялікую даступнасьць, чым у арыгінала.
  • Гопнікі часта вельмі цікавяцца баявымі відамі спорту: боксам, каратэ, рукапашны бой і г.д., пры гэтым мала хто зь іх сур’ёзна займаецца спортам. Звычайна гопнікам стае ведаў некалькіх прыёмаў, каб мець перавагу ў бойцы зь непадрыхтаваным чалавекам. Разам з гэтым яны асуджальна ставяцца да «мірных» вулічных відаў спорту — скейтбордынгу, брэйк-дансу, апошні від спорту выклікае ў гопнікаў асаблівую непрыязнасьць з прычыны свайёй прыналежнасьці да субкультуры гіп-гопу.

Ужытак слова ў палітычных мэтах

рэдагаваць

На думку некаторых публіцыстаў, грамадзкіх дзеячоў і назіральнікаў, з канца першае дэкады XXI стагодзьдзя ў СМІ, выступах расейскіх журналістаў, пісьменьнікаў, апазыцыйных палітыкаў стала гучаць, як лічаць аўтары меркаваньня, ідэалягічнае клішэ «ликующая гопота» (па-беларуску: «гапата, што моцна ўзрадаваная»). На думку аўтараў, пры дапамозе гэтага эпітэту яны характарызавалі ўдзельнікаў разнастайных моладзевых масавых арганізацыяў, што падтрымліваюць палітычны курс уладаў Расеі. Упершыню яно, на думку аўтараў меркаваньня, зьявілася 29 студзеня 2008 году ў газэце «Коммерсант» у артыкуле пра расейскі рух «Наши»[16].

2 лютага гэтага ж году расейскі пісьменьнік, тэле- ды радыёвядучы Віктар Шэндэровіч у сваёй аўтарскай радыёпраграме «Плавленый сырок», у іранічным сэнсе выкарыстоўвае новы эпітэт[17]:


  Актывісты «Greenpeace» сур'ёзна ўсхваляваныя сытуацыяю ў расейскай глыбінцы, — інфармуе чытачоў часопіс «Хомячки на марше». Прыручаныя, але выкінутыя колішнімі гаспадарамі на вуліцу гэтак званыя «Наши» крочаць цяпер лясамі ды ўскраінамі местаў, зьбіваюцца ў зграі ды ладзяць шумныя мітынгі на ўзьлесьсях. Адлоў брадзячае гапаты ды наступныя спробы навучыць іх чытаньню, пісьмовасьці і карыснай працы вынікаў пакуль не прынесьлі  

Пазьней словаспалучэньне актыўна выкарыстоўвалася праз СМІ, палітыкамі ды блогерамі. Прычым, калі першапачаткова яно ўжывалася толькі ў нэгатыўным сэнсе датычна руху «Наши», то затым стала ўжывацца шырэй.

19 верасьня 2009 году ў артыкуле калюмніста Паўла Сьвяцянкова пад выразам «ликующая гопота» мелася на ўвазе «рэакцыйная сіла, што стаіць на шляху перавароту»[18].

Гэтага ж году, 10 красавіка, у часопісе «Русский Обозреватель» упершыню зьявіўся матэрыял з выкарыстаньнем трывалага выразу, што не датычыцца да палітычных дзеячоў Расеі. У гэтым матэрыяле ягоны аўтар, Ягор Халмагораў, распавядаў пра масавыя беспарадкі ў Кішынёве, сам матэрыял меў загаловак «За что ликующая гопота умучила светофорчик?»[19] (па-беларуску: «Завошта ўзрадаваная гапата закатавала сьветлафорчык?»). 10 кастрычніка 2009 году ў шэрагу рэгіянальных парталаў Расеі зьявілася інфармацыя, прысьвечаная канфлікту рэдакцыі калінінградзкага інфармацыйнага сайту з колішнім кіраўніком мясцовага аддзяленьня моладзевага руху «Идущие вместе» ды ўдзельнікам форуму «Селигер 2009» Канстанцінам Мінічам, якая мела загаловак «Контроль над „Калининград. Ru“ пытается получить „ликующая гопота“»[20][21] (па-беларуску: «Кантроль над „Калининград. Ru“ спрабуе атрымаць „узрадаваная гапата“»).

Ва Ўкраіне палітычнае клішэ выкарыстоўвалася апанэнтамі кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Януковіча падчас перадвыбарчае кампаніі канца 2009 году, так яны звалі прыхільнікаў Партыі Рэгіёнаў[22].

Адлюстраваньне ў масавай культуры

рэдагаваць

Фільмаграфія

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • «Гопнікі» (па-расейску: «Гопники») — кніга (аповесьць і 6 расказаў) беларускага пісьменьніка Ўладзімера Казлова.

Тэматыцы субкультуры гопнікаў і яе прадстаўнікам прысьвечана шмат музычных твораў. Адна зь першых згадак гопнікаў адзначаная ў песьні савецкага эстраднага артыста ды сьпеавака Леаніда Ўцёсава «Гоп со смыком» зь ягонага рэпэртуару 1929—1933 гадоў. Таксама шырокую вядомасьць набыла песьня «Гопники» савецкага рок-музыканта Майка Навуменкі ды гурту «Зоопарк» (1984).

Серад песень, якія так ці іначай закранаюць гэтую тэматыку, таксама адзначаюцца (у дужках — назва гурту або выканаўца):

  • «Гоп-стоп» («Сектор газа»)
  • «Гопник» («Бен Ганн»)
  • «Долой Гопоту» («Бригадный подряд»)
  • «Реппер Гоня и гопник Личинка» («Красная Плесень»)
  • «Местные» («Сектор газа»)
  • «Блюз бродячих собак» («Секрет»)
  • «Раскачаем этот мир» («Ария»)
  • «Быдло» («CG Bros»)
  • «Пацаны» («Chiliбомберс»)
  • «Иди в отмах» («Lumen»)
  • «Гопники» («АзЪ»)
  • «Дети Сатаны» («Bad Balance»)
  • «Разбуди зверя» («Виконт»)
  • «Гопники» («Разные люди»)
  • «Бум!» («ТТ-34»)
  • «Финки» («ЯйцЫ Фаберже»)
  • «Районы-кварталы» (гэты ж гурт)
  • «Псы с городских окраин» («Чайф»); пры гэтым назва песьні нярэдка выкарыстоўваецца ў якасьці пазначэньня моладзевае вулічнае злачыннасьці[23]
  • «Палюбила гапара» («Разьбітае сэрца пацана»).

Амэрыканскі музыкант Дэвід Браўн прысьвяціў новы альбом «Teenage Summer Days» гурту Brazzaville расейскім гопнікам[24].

У жанры г.зв. блатной песьні гопнікі ды іхная дзейнасьць апісваецца станоўча. Сярод такіх песень вылучаюцца «Гоп-стоп» (вядомая ў выкананьні савецкага ды расейскага аўтара-выканаўца ды сьпевака Аляксандра Разэнбаўма) і «Гоп со смыком» (вядомая ў выкананьні савецкага й расейскага музыкі і сьпевака Андрэя Макарэвіча ды савецкага й расейскага саксафаніста і джазмэна Аляксея Казлова).

У 2000-х гадах зьявіліся артысты ды калектывы, уся творчасьць якіх прысьвечаная парадаваньню тыповых рысаў гопнікаў і іхных хуліганскіх паводзінаў у стылі г.зв. пацанскага рэпу: гурты «Гопота», «Gopnik» (Украіна), «Чорные GUN Доны», «a.b.i.b.a.s», «ОПГ», «Бешеные псы», «АК-47», выканаўца Рэпер Сява ды гоп-панк калектыў «Холодный Дом»[25].

У кліпе сьпевакоў Патапа ды Насьці Каменскіх «У нас на раЁне» у пачатку ды ў канцы выступаюць рэзыдэнты «Comedy Club UA», што гуляюць ролю гопнікаў, у 2009 годзе на ўкраінскім міжнародным музычным тэлеканале М1 буднямі а 17 гадзіне выходзіла праграма «На РаЁне», вядучымі якой былі тыя самыя гопнікі з кліпу «У нас на раЁне».

У 2011 годзе радыё «Рэкорд» (Record Radio) выпусьціла зборнік «ГопFM Pump», які зьмяшчаў музыку пераважна расейскіх музыкаў у стылі пампін-хаўз. Зборнік заснаваны на музыцы з тэматычнае вечарыны «ГопFM»[26].

Таксама расейскую назву «Гопота» мае расейскі музычны гурт зь места Санкт-Пецярбург.

  1. ^ Як і іншыя жаргонныя словы, пры засваеньні беларускай мовай падлягае толькі даслоўнай трансьлітарацыі і адаптацыі расейскага канчатка дзеяслова ў трэцяй асобе адзіночнага ліку на беларускі -аў, а таму не перакладаецца.
  1. ^ а б Британский исследовательский центр предлагает отказаться от слова "гопник" Англия, Великобритания: энциклопедия, новости, фото. Всё об Англии и про Англию. Аделанта Праверана 30 жніўня 2013 г. (рас.)
  2. ^ а б в г д е ё ж Елена БЕССОНОВА Не говори «гоп», пока его не перепрыгнешь… Саратовский Расклад Праверана 30 жніўня 2013 г. (рас.)
  3. ^ а б в г д Фима Жиганец (1999) Жемчужины босяцкой речи. Феникс. Праверана 30 жніўня 2013 г. (рас.)
  4. ^ Александров Ю. К. Краткий словарь уголовного жаргона Праверана 30 жніўня 2013 г. Архіўная копія (рас.)
  5. ^ ГРАМОТА.РУ — справочно-информационный интернет-портал «Русский язык | Справка | Непростые слова»
  6. ^ Большой толковый словарь русского языка / Гл. ред. С. А. Кузнецов.— СПб.: Норинт, 1998
  7. ^ Ефремова Т. Ф. Новый словарь русского языка. Толково-словообразовательный.— М: Русский язык, 2000.
  8. ^ Н. А. Синдаловский «Книга Перемен. Судьбы петербургской топонимики в городском фольклоре» Издатель: Центрполиграф ISBN 978-5-9524-4315-0 Год: 2009
  9. ^ Лиговский проспект — Прогулки по Петербургу (рас.)
  10. ^ Дарья Золотухина. Комикс новой жизни // Русский репортёр, № 43 (171), 4 ноября 2010
  11. ^ Добреньков В. И., Кравченко А. И. (2000) Социология: В 3 т. Т. 2: Социальная структура и стратификация.. М.: ИНФРА-М. Праверана 30 жніўня 2013 г. Архіўная копія
  12. ^ а б в г д Ханипов Р. «Гопники» — значение понятия, и элементы репрезентации субкультуры «гопников» в России // «Social Identities in Transforming Societies»
  13. ^ Марк Эймс и Яша Левин. В поисках гопников: Exile устраивает сафари в России // The Exile, перевод InoPressa.ru, 07 июня 2007
  14. ^ Современная молодёжь Говорит Москва Праверана 30 жніўня 2013 г. Архіўная копія (рас.)
  15. ^ Павел Каныгин. Гопники // Новая Газета, № 33, 12 Мая 2008 г.
  16. ^ «Наши» стали чужими Коммерсант, № 12(3829), 27 января 2008
  17. ^ Виктор Шендерович. Плавленый сырок // www.shender.ru
  18. ^ Святенкова П. Аура Медведева. Биоагроэкополис // www.apn.ru
  19. ^ Егор Холмогоров. За что ликующая гопота умучила светофорчик? //www.rus-obr.ru
  20. ^ Контроль над «Калининград. Ru» пытается получить «ликующая гопота» // www.angrapa.ru
  21. ^ Контроль над «Калининград. Ru» захватила «ликующая гопота» // kaliningrad.net
  22. ^ Ликующая региональная гопота радостно обсосала прокол Тимошенко с Иваном Франко // www.ua-today.com
  23. ^ Напрыклад: Петелин Г. Псы городских окраин: на Россию накатила новая волна молодёжной преступности // Русский курьер.
  24. ^ «Brazzaville заступится за гопников»
  25. ^ Команда: «Холодный дом»
  26. ^ Сайт проекта ГопFM

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

(2001) Гоп? Стоп! або про життя-буття одного соцугруповання… Ji Magazine Праверана 1 верасьня 2013 г. (укр.)