Глыбоцкі край
Глыбоцкі край — гісторыка-этнаграфічны рэгіён Паазер’я, які больш-менш адпавядае межам Глыбоцкага раёну. Тэрмін ахоплівае таксама некаторыя абшары суседніх раёнаў Шаркоўшчыны, Пастаўшчыны і Докшыччыны.
З Глыбоцкага краю выводзяцца многія беларускія пісьменьнікі, мастакі і інш. вядомыя дзеячы краіны. У тым ліку Вацлаў Ластоўскі, Янка Пачопка, Ігнат Буйніцкі, Адам Шульга і інш.
Глыбоцкі край радзіма многіх аб’ектаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, такіх як Тэхналёгія прыгатаваньня традыцыйнай стравы «Масьляны баран», Традыцыйная тэхналёгія выпечкі жытняга хлеба, Абрад «Насіць намётку», Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я, Тэхналёгія прыгатаваньня традыцыйнай стравы «Клёцкі з душамі» і інш.
Ужываньне тэрміну
рэдагавацьНазва Глыбоцкі край актыўна выкарыстоўваецца таксама афіцыйнымі ўстановамі і мясцовымі СМІ. На старонцы Глыбоцкага выканкаму чытаем: «Наша маленькая радзіма, паважаныя сябры, — мілы сэрцу Глыбоцкі край[1].»
На Глыбоцкі край[2] спасылаецца Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музэй у апісаньні сваіх збораў, калекцыяў і экспазыцыяў.
Глыбоцкі край выкарыстоўваецца ў адносінах да глыбоцкага раёну й тэрыторыяў сумежных раёнаў у кнігах: В. Воранава «Дудары Глыбоцкага краю» і «Дударская Глыбоччына» Глыбокае, 2019 і 2017.- 76 с, іл. Тэрмін ужываецца таксама ў кнізе Памяць [Текст]: гісторыка-дакумэнтальная хроніка Глыбоцкага раёна / Беларус. энцыкл. : Б. І. Сачанка (гал.рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.- 454 с, іл. і іншых выданьнях: Скрабатун, Ул. Глыбокае на старых паштоўках [Текст] / Уладзімер Скрабатун.- Менск-Глыбокае: БГАКЦ, 1998.- 136 с, фота., Край мой Глубокский / фота А. В. Адедежи [и др.]. — Минск : Издательский дом «Звязда», 2013. — 24 с[3].
Назва Глыбоцкі край сустракаецца і актыўна выкарыстоўваецца аўтарамі рэгіянальна-краязнаўчага часопіса «Паазер’е».
Не Глыбоцкі край спасылаюцца таксама агульнаджяржаўныя мэдыі: «Глыбокае называюць вішнёвай сталіцай нашай дзяржавы, настолькі і сам горад, і Глыбоцкі край наогул багатыя гэтай смачнай, сакавітай ягадай[4].»
Больш за тое, тэрмін выкарыстоўваецца ў навуковых працах. У 2020 годзе ў Глыбокім праходзіла канфэрэнцыя пад назвай: «Беларусь, Глыбоцкі край і Эдвард Вайніловіч[5]».
Дударская традыцыя
рэдагавацьНа сёньняшні дзень, паводле розных крыніцаў, вядома пра некалькіх дудароў зьвязаных з Глыбоцкім краем, сярод якіх найбольш вылучаецца дудар з акторскай трупы Ігната Буйніцкага — Адам Шульга, а таксама знакаміты дудар Пётар Бурэц зь вёскі Асінаўкі. З вёскі Верацеі выводзіцца «Глыбоцкая дуда» — найстарэйшая захаваная беларуская дуда. З Глыбоцкім краем звязаная таксама так званая, дуда Ігната Буйніцкага, падораная ім Людаміру Міхалу Рагоўскаму, а пасьля ахвяраваная дырыжорам у фонд калекцыі Івана Луцкевіча, якая пазьней стала часткай фонду Беларускага музэю ў Вільні. Таксама на гонар дударскае традыцыі рэгіёну праводзіцца фэст «Дударскі рэй».
У літаратуры
рэдагавацьПаэт Тамаш Ляшонак пісаў пра свой край:[6]
Глыбоцкі край! Маіх дзядоў калыска,
Радзіма сінявокая мая!
Твой лёс заўжды мне быў да болю блізкім,
З гадамі стаў бліжэйшым удвая.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ https://web.archive.org/web/20201115170145/https://glubokoe.vitebsk-region.gov.by/by/map_area_by
- ^ http://glubmusej.by/be/ekspazitsyya
- ^ http://cbs.okglub.by/news/16-elektronnyya-resursy/477-bibliyagrafichny-spis-krayazna-chykh-vydannya-ab-glybokim-i-glybotskim-rajone
- ^ https://web.archive.org/web/20201024054749/http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=15370
- ^ https://fhist.bspu.by/news/nauka/nauchno-prakticheskaya-konferenciya-belarus-glybock%D1%96-krai-%D1%96-edvard-vain%D1%96lov%D1%96ch
- ^ Т. В. Мацюшонак “Сем цудаў Глыбоччыны”. — 2015.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Віталь Воранаў ДУДЫ ГЛЫБОЦКАГА КРАЮ.
Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|