Глыбоцкая дуда
Найстарэйшая[1] беларуская дуда зь вёскі Верацеі (гміна Празарокі, цяпер Глыбоцкі р-н). Доўгі час лічылася, што найстарэйшай зьяўляецца «Лепельская дуда» зь вёскі Верабкі 1877 году. Аднак дуда зь Верацеяў, якая захоўваецца ў фондзе Нацыянальнага музэя Літвы датуецца музэем 1849 годам, адпаведна зьяўляецца найстарэйшай захаванай беларускай дудой. Год і дакладнае месца паходжаньня дуды пазначаныя непасрэдна на пераборы «ME 1849 P. DZISNA GM. PROZOROKI W. WIERACIEJE (1849 Дзісенскі павет, гміна Празарокі, вёска Верацеі)». Такая самая пазнака стаіць на трубцы гуку. Год пазначаны таксама на рагаўні перабору. Раней дуда захоўвалася ў этнаграфічным музэі Ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя ў Вільні і была перададзеная ў цяперашняе месца захаваньня ў 1929 годзе.
Глыбоцкая дуда паходзіць з дударскага арэала (ваколіцы возера Шо ў Глыбоцкім краі), зь якога выводзяцца таксама шматлікія зьвесткі, між іншым, пра Адама Шульгу, дудара з трупы Ігната Буйніцкага, Пятра Бурца — знакамітага дудара зь вёскі Асінаўка, а таксама многія легенды, мастацкія тэксты і іншыя згадкі.
Мех дуды пашыты са скуры барсука, што робіць дуду ўнікальнай таксама з пункту гледжаньня выкарыстанай скуры. Звычайна мяхі шылі са скуры казы, цяляці, або сабакі. Поўсьць глыбоцкай дуды выстае навонкі і таксама ня мае аналягаў сярод іншых беларускіх дуд. Ігравыя трубкі зробленыя зь ясеня, ражкі (рагаўні) выцясаныя ўручную. На абодвух ражках ёсьць літыя ўзоры з волава. Захаваўся адзін чаратовы пішчык гуку (бурдон). Ражок бурдона абабіты цьвічкамі для дэкарацыі. Стокі абматаныя пакульлем. У цэлым дуда, у тым ліку мех, добра захаваныя.
Доўгі час савецкія і літоўскія дасьледчыкі прадстаўлялі глыбоцкую дуду пад назвай «labanora duda»[2]. У савецкі час глыбоцкая дуда была прадстаўленая на марцы прысьвечанай «літоўскім народным інструментам». Прытым на аналягічнай марцы «Беларускія народныя інструменты» дуда не прадстаўленая наогул.
Дасьледчык і дудар Зьміцер Сасноўскі заўважае: «З-за таго што Дзісеншчына ў пачатку XX ст. Уваходзіла ў склад Віленскай губерні, а Віленскі край пазьней трапіў у склад Літоўскай рэспублікі, савецкія дасьледчыкі пачалі адносіць дуды гэтага раёна да традыцыі літоўскага народа. На прыклад, дуду з былога Дзісенскага павета Віленскай губерні „Атлас музыкальных инструментов народов СССР“ адносіць да Літоўскай ССР. Аналягічны лёс напаткаў і іншыя інструмэнты, якія зараз захоўваюцца ў літоўскіх музэях.[2]» У «Вялікай Савецкай энцыкляпэдыі» тэрмін «Лабанора дуда» праілюстраваны таксама глыбоцкай дудой. Глыбоцкая дуда таксама пададзеная як літоўская ў 2-ім выданьні «Атласа музыкальных инструментов народов СССР» (1975) пад рэдакцыяй К. Вярткова. Першае выданьне выйшла ў 1964.
Яшчэ раней Глыбоцкая дуда была прадстаўленая як літоўская ў серыі «Музычныя інструменты народаў СССР» на пачцы запалак, з 1983 году (выдавалася на пяці запалкавых фабрыках, у тым ліку ў Пінску). У 1982 годзе (на сямі фабрыках, у тым таксама ў Пінску) выходзіла першая серыя выданьня. На ім прадстаўленая таксама і беларуская дуда (але з бранзбойтнымі-зрэзанымі рагаўнямі). У згаданых серыях прадстаўленыя таксама латышская (1983) і украінская (1982) дуда.
У беларускіх выданьнях, прысьвечаных дударскай тэме, год вырабу глыбоцкай дуды не падаваўся наогул, або пазначаўся другой паловай XIX ст.
Копія Глыбоцкай дуды зробленая майстрам Сяргеем Чубрыкам захоўваецца ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. Прэзэнтацыя дуды адбылася падчас другога міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў Дударскі рэй 2018 у Глыбокім[3].
Сваю копію[4] глыбоцкай дуды пачаў рабіць глыбоцкі дудар і майстар Дзьмітры Дзёмін. Аднак рэканструкцыя засталася няскончанай праз раптоўную сьмерць майстра.
Глыбоцкай дудзе прысьвечаныя мастацкія працы. Між іншым Мастак Раман Плавінскі намаляваў дудара з глыбоцкай дудой[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ https://web.archive.org/web/20200507170228/https://m.nn.by/articles/230033/
- ^ а б https://web.archive.org/web/20201205090353/http://shtobylo.by/dudy-glybockaga-kraju/
- ^ https://web.archive.org/web/20210615095400/https://ethno.by/presa/854082983
- ^ http://spadchyna.glubmusej.by/be/nasha-spadchyna/znakamityya-zemlyaki/276-duda-z-vjoski-veratsei
- ^ https://vk.com/public45995478?w=wall-45995478_5009
Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|