Глог (па-лацінску: Crataegus) — род кветкавых расьлін сямейства ружавых.

Глог аднапесьцікавы
Crataegus monogyna

Пашыраны ва ўмераных і абласьцях паўночнага паўшар’я — каля 1000 відаў. У Беларусі 2 дзікарослыя віды: глог адагнутачашалісьцікавы (Crataegus curvisepala), глог аднапесьцікавы (Crataegus monogyna). Растуць на схілах у далінах рэк і катлавінах азёр, у хмызьняках, мяшаных лясах і на ўзьлесках.

Лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя кусты і невялікія дрэвы вышынёй да 15 м, з парасткамі, якія ўкрытыя калючкамі даўжынёй 0,5 — 15 см. Кветкі двухполыя, пераважна белыя або ружова-белыя, з моцным водарам мігдалаў. Цьвітуць у канцы траўня — пачатку чэрвеня. Плады яблыкападобныя, чырвоныя, амаль чорныя, аранжавыя, жоўтыя або зеленавата-жоўтыя, высьпяваюць у верасьні — кастрычніку. Сакавітыя, смачныя, маюць 4 — 11% цукроў, 0,5 — 0,7% арганічных кісьляў (у асноўным вінна-каменнай і лімоннай), 20 — 100 мг % вітаміну C, 2 — 3 мг % каратыну, 4 — 6 мг % вітаміну E. Асабліва багатыя пэктынам — 1,9%, і сарбітам (у высушаных пладах да 22,5%).

Плады ўжываюць у сьвежым выглядзе, а таксама гатуюць кісялі, сокі — часьцей у спалучэньні з сокамі кіслых ягад (чорнай парэчкі, журавін, барбарысу) і яблыкаў, джэмы, варэньне, павідла, жэле, мармэляды, кампоты. Высушаныя плады ўжываюць як сурагат кавы. Экстракт з пладоў або настой з кветак выкарыстоўваюць пры судзінных захворваньнях. У заходнеэўрапейскай кулінарыі даўней жэле служыла гарнірам да мясных страў; дзеці вясной елі почкі кветак глогу, зь іх таксама гатавалі салаты. У шляхецкай кулінарыі XIX — XX стагодзьдзяў былі папулярныя салодкія супы з глогу.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Глогсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».