Гаўрыла (Ургебадзэ)

Гаўры́ла Самтаўры́йскі (па-грузінску: არქიმანდრიტი გაბრიელი), у сьвеце Гадэрдзі Васілевіч Ургебадзэ (груз. გოდერძი ვასილის ძე ურგებაძე; 26 жніўня 1929, Тбілісі, Закаўкаская СФСР, СССР — 2 лістапада 1995, Мцхэта, Грузія) — праваслаўны сьвяты, архімандрыт Грузінскай праваслаўнай царквы.

Гаўрыла Самтамурыйскі
Гаўрыла Самтамурыйскі
Сьвяты
Сьвецкае імя Гадэрдзі Васілевіч Ургебадзэ
Манаскае імя Гаўрыіл
Нарадзіўся 26 жніўня 1929
Сьцяг СССР Тбілісі, Закаўкаская СФСР
Памёр 2 лістапада 1995 (66 гадоў)
Сьцяг Грузіі Мцхэта
Шануецца усімі праваслаўнымі цэрквамі
Кананізаваны 20 сьнежня 2012
У ліку вялебных
Галоўная сьвятыня парэшткі ў манастыры Самтаўро, Грузія
Дзень памяці 2 лістапада [ст. ст. 27 кастрычніка]
Падзьвіжніцтва строгі аскетызм, юродзтва, спавяданьне

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў Тбілісі 26 жніўня 1929 року. Ахрышчаны ў царкве вялікамучаніцы Варвары ў Наўтлугі (прадмесьце Тбілісі). Бацька, Васіль Ургебадзэ, зацяты камуніст, быў забіты, калі Гадэрдзі было 2 гады. Маці, Варвара, была верніцай, пазьней пастрыглася ў манашкі з імем Ганна. Яна перажыла сына і сканала 26 красавіка 2000 року. Гадэрдзі меў яшчэ брата Міхаіла і сястру Эму, а ад другога шлюбу маці — зводную сястру Джульету.

У часе Нямецка-савецкай вайны пачаў юродзтваваць. Зьдзейсьніў пілігрымкі ў манастыры Бэтані і Марткопі. У 1949 року, скончыўшы шэсьць клясаў школы, быў прызваны ў армію. Падчас службы ў пагранічнай частцы ў Батумі таемна трымаўся посту і наведваў набажэнствы ў царквы сьвятога Мікалая.

Вярнуўшыся з войска, у 1950-х роках ён быў прызнаны псыхічна хворым празь відзежы, якія меў яшчэ ў падлеткавым веку. Яму прызначылі пэнсію па інваліднасьці і забаранілі займаць пэўныя пасады. Гадэрдзі пачаў у двары сямейнага дому будаваць капліцу; хадзіў на набажэнствы ў Сіёнскі катэдральны сабор, куды яго пазьней узялі вартаўніком, а тады псальмяром.

У студзені 1955 року рукапакладзены ў сан дыякана. 23 лютага ў манастыры Мацамэта ў Кутаісі прыняў манаства зь імем Гаўрыіл у гонар вялебнага Гаўрыіла Афонскага. 26 лютага рукапакладзены ў сан ераманаха. У 1955—1960 роках служыў у Сіёнскім катэдральным саборы, у 1960—1962 — у манастыры Бэтані.

Пасьля закрыцьця бальшавікамі манастыра вярнуўся ў Тбілісі. У 1962—1965 роках служыў у саборы Найсьвяцейшай Тройцы. Скончыў будаўніцтва капліцы ў сямейным двары, якую ўлады некалькі разоў разбуралі. Капліца захавалася і знаходзіцца на Тэтрыцкаройскай вуліцы, 11 у Тбілісі.

1 траўня 1965 року падчас камуністычнай дэманстрацыі ераманах Гаўрыла падпаліў вялізны партрэт Леніна. Зьбіты разьюшаным натоўпам, з васямнацьцю пераломамі, быў арыштаваны за «антысавецкую дзейнасьць» ды зьмешчаны ў псыхіятрычную лякарню на мэдычную экспэртызу. Выпісаны 12 кастрычніка, прызнаны «псыхапатычнай асобай».

У 1971 року прызначаны спаведнікам жаночага манастыра Перамяненьня Гасподняга ў Самтаўро, жыў адасоблена. У апошнія гады жыцьця да яго сталі наведвацца пілігрымы, якія верылі ў ягоную здольнасьць прадбачаньня і цудадзейнага ацаленьня. Незадоўга да сьмерці Гаўрыла захварэў на вадзянку, ад якой і памёр. Пахаваны паводле запавету каля царквы Перамяненьня Самтаўрыйскага манастыру Мцхэты.

Ушанаваньне

рэдагаваць

24 сьнежня 2012 року Сьвяты сынод Грузінскай праваслаўнай царквы прызнаў архымандрыта Гаўрыіла вялебным.

25 сьнежня 2014 року Сьвяты сынод Расейскай праваслаўнай царквы ўключыў у месяцаслоў дзень памяці вялебнага Гаўрылы Самтаўрыйскага 2 лістапада.