Вільфрэд Валасаты
Вільфрэд I Валаса́ты (па-каталянску: Guifré el Pilós, па-гішпанску: Wifredo el Velosso; ? — 11 жніўня 897) — граф Урхелю і Сэрдані (з 870), граф Барсэлёны (з 878), Жыроны (878—889 і з 890) і Асоны (з 885). Апошні граф Барсэлёны, прызначаны на гэтую пасаду каралямі Заходне-франскага каралеўства, першы маркграф Гішпанскай маркі, які зрабіў свае землі спадчынным уладаньнем. З імем Вільфрэда Валасатага сярэднявечныя гішпанскія хронікі зьвязвалі ўтварэньне Каталёніі як самастойнай вобласьці і ўзьнікненьне ейнага гербу.
Вільфрэд Валасаты | |
Мініятура з «Генэалёгіі каралёў Арагону» (XV ст.) | |
граф Урхелю | |
---|---|
870 — 897 | |
Папярэднік: | Салямон |
Наступнік: | Суніфрэд II |
граф Сэрдані | |
870 — 897 | |
Папярэднік: | Салямон |
Наступнік: | Міро II |
Граф Барсэлёны | |
878 — 897 | |
Папярэднік: | Бэрнар Гоцкі |
Наступнік: | Вільфрэд II |
Граф Жыроны | |
878 — 889 | |
Папярэднік: | Бэрнар Гоцкі |
Наступнік: | Дэля |
Граф Жыроны | |
890 — 897 | |
Папярэднік: | Дэля |
Наступнік: | Вільфрэд II |
граф Асоны | |
885 — 897 | |
Наступнік: | Вільфрэд II |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
|
Памёр: |
11 жніўня 897 |
Сужэнец: | Гінідыльда |
Дзеці: |
сыны: Радульф, Вільфрэд II, Міро II, Суніфрэд II, Суньер I |
Бацька: | Суніфрэд I |
Маці: | Эрмэсында |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьПаходжаньне
рэдагавацьСярэднявечныя гісторыкі, абапіраючыся на паведамленьні хронікі кляштара Сан-Хуан-дэ-Пенья і хронікі «Дзеі графаў барсэлёнскіх», лічылі Вільфрэда I Валасатага сынам нейкага Вільфрэда Ар’іаса, прадстаўніка бакавой галіны Каралінгаў. Паводле паданьняў, пра якія паведамляецца ў гэтых хроніках, Вільфрэд Валасаты быў прапраўнукам па мужчынскай лініі маёрдомаў Францкай дзяржавы Карла Мартэла.
Аднак пасьля, у ходзе вывучэньня ўсіх даступных гістарычных дакумэнтаў (у тым ліку хартыяў самога графа), было ўстаноўлена, што Вільфрэд зьяўляўся сынам графа Ўрхелю Суніфрэда I, які ў 844—848 роках быў таксама графам Барсэлёны. Мяркуецца, што гэты Суніфрэд быў сынам або каркасонскага графа Бэльлё, родапачынальніка сямейства Бэльлянідаў, або асонскага графа Барэля[a]. У сучаснай гістарычнай навуцы нашчадкаў графа Суніфрэда I Урхельскага прынята называць Барсэлёнскай дынастыяй.
Дата нараджэньня Вільфрэда невядомая. Сярэднявечныя хронікі адносяць нараджэньне графа Вільфрэда I да 852 року, але дакладных пацьверджаньняў гэтай інфармацыі няма. Ягонай радзімай большасьць гісторыкаў лічыць места Прадэс у францускім Русыльёне. Мянушка Вільфрэда I — Валасаты — згадваецца ўжо ў напісанай у XII стагодзьдзі хроніцы «Дзеі графаў барсэлёнскіх» і мяркуецца, што ён называўся так у процілегласьць свайму сэньёру, каралю Заходне-францкай дзяржавы Карлу II Лысаму.
Атрыманьне графстваў
рэдагавацьПасьля паражэньняў, нанесеных у 848 року Гільёмам Сэптыманскім Суніфрэду I Урхельскаму і ягонаму магчымаму брату Суньеру I Ампур’яскаму[b], Бэльляніды захавалі ў сваім валоданьні адно графства Каркасон. Толькі ў 862 року Карл II Лысы вярнуў стрыечным братам Вільфрэда I, Суньеру II і Дэлі валоданьне іхняга бацькі, графства Ампур’яс.
У чэрвені 870 року на сходзе ў Атыньі Карл II вярнуў і Вільфрэду Валасатаму ўладаньні ягонага бацькі: Вільфрэд стаў спадчыньнікам раптоўна памерлага графа Салямона, які раптам памёр[c]. «Хроніка Сан-Хуан-дэ-ля-Пэньня» і «Дзеі графаў барсэлёнскіх», сьведчаньні якіх сучасныя гісторыкі ў дачыненьні да раньніх графаў Барсэлёны лічаць маладакладнымі, перадаюць паданьне, паводле якога Салямон быў забойцам графа Суніфрэда I, але пасьля й сам быў забіты Вільфрэдам, які адпомсьціў за сьмерць свайго бацькі. Вільфрэд I стаў уладальнікам графстваў Урхель і Сэрдань. Свайму брату Міро Старэйшаму ён аддаў графства Канфлян.
У 876 року граф Вільфрэд I аказаў падтрымку сваім братам, графу Канфляну Міро Старэйшаму і манаху Суніфрэду[d], а таксама віконту Нарбоны Ліндою ў вайне, якую тыя пачалі з маркграфам Готыі Бэрнарам. У выніку паходу, ажыцьцёўленага ва ўладаньні Бэрнара, Міро і ягоныя хаўрусьнікі захапілі графства Русыльён і скінулі з пасадаў у кантраляваных імі графствах усіх прыхільнікаў Бэрнара Гоцкага, ня толькі сьвецкіх асобаў, але і сьвятароў (у тым ліку арцыбіскупа Нарбоны Сыгебута[e]). Перамозе над кіраўніком Сэптыманіі спрыяў і бунт, які граф Бэрнар падняў супраць караля Людовіка II Заікі. Сабор у Труа, які адбыўся ў жніўні-верасьні 878 року пад старшынствам папы рымскага Яна VIII, асудзіў Бэрнара Гоцкага як здрадніка. На саборы ў якасьці прадстаўнікоў ад Гішпанскай маркі прысутнічалі Вільфрэд Валасаты, граф Канфляну Міро I, граф Ампур’яса Суньер II і граф Каркасону Аліба II, а таксама біскуп Эльны Адэсінд, біскуп Жыроны Тэатарыё, біскуп Барсэлёны Фрадаін і біскуп Урхелю Гальдарык. 11 верасьня сабор прыняў рашэньне пазбавіць Бэрнара ўсіх ягоных уладаньняў, частку якіх кароль Людовік II аддаў Вільфрэду Валасатаму і ягоным сваякам. Сам Вільфрэд I атрымаў графствы Барсэлёна, Жырона і Бэсалю (апошняе ён тут жа перадаў свайму малодшаму брату Радульфа з умовай, што пасьля сьмерці Радульфа Бэсалю пяройдзе да нашчадкаў Вільфрэда). Нягледзячы на асуджэньне папам рымскім графа Міро і манаха Суніфрэда, якія падчас паходу 876 року нанесьлі вялікую шкоду цэрквам і манастырам ва ўладаньнях Бэрнара Гоцкага, Міро захаваў за сабой графства Русыльён, а Суніфрэд неўзабаве атрымаў ад сваіх братоў пасаду абата вялікага манастыра Санта-Марыя-дэ-Арлес у Валесьпіры[1].
Стасункі з каралямі Заходне-францкай дзяржавы
рэдагавацьПа сьмерці ў 879 року караля Людовіка II, а затым ягоных сыноў Людовіка III Малодшага і Карлямана II каралём Заходне-францкага каралеўства быў абраны імпэратар Захаду Карл III Тоўсты. Усе гэтыя манархі безумоўна прызнавалі ўладароў Гішпанскай маркі сваімі сюзэрэнамі. У 881 року да двара Людовіка III прыбыла група каталёнскіх герархаў (у тым ліку брат Вільфрэда Валасатага, абат Санта-Марыя-дэ-Арлес Суніфрэд), якая атрымала ад караля прывілеі, а ў 886 року біскуп Жыроны Тэатарыё атрымаў дароўную хартыю ад імпэратара Карла Тоўстага. Аднак у гэты ж час пачаўся працэс ізаляцыі запірэнэйскіх уладаньняў Францкай дзяржавы ад каралеўскай улады: у 880—882 гадах каталёнскія валадары ня ўзялі ўдзелу ў падаўленьні паўстаньня Базона Праванскага, а ў 885 року ня ўдзельнічалі ў агульнадзяржаўнай асамблеі ў Панцьён(fr)е, якая абрала Карла III Тоўстага кіраўніком усёй Францкай імпэрыі.
Калі ў 888 року імпэратар Карл III памёр, ва ўсей Францкай дзяржаве пачаўся крызіс, зьвязаны з распадам краіны на самастойныя каралеўствы. Знаць Заходне-францкай дзяржавы абрала новым каралём Эда Парыскага, праігнараваўшы права на пасад малалетняга сына Людовіка III Малодшага, Карла. Прадстаўнікі Гішпанскай маркі ня толькі не прынялі ўдзелу ў абраньні новага караля, але й не прыбылі, згодна з традыцыяй, да двара новага караля, каб атрымаць ад яго пацьверджаньне сваіх правоў на валоданьне графства. Меркавана графы Гішпанскай маркі лічылі законным спадчыньнікам пасады Карла, што паходзіў з Каралінгаў, аднак ні Вільфрэд Валасаты, ні іншыя каталёнскія графы не распачалі ніякіх мер, каб спрыяць вяртаньню Карлу пасады, а ўсе іхнія хартыі за 888—898 рокі датаваныя гадамі праўленьня караля Эда. З гэтага моманту пачынаецца паступовае адасабленьне земляў на поўдзень ад Пірэнэяў ад Францкай дзяржавы. Да поўнага здабыцьця незалежнасьці Каталёніі ў канцы X стагодзьдзя пры графе Барэлі II сувязі мясцовых уладароў з каралеўскім дваром будуць у асноўным мець толькі фармальны характар, а паездкі прадстаўнікоў Гішпанскай маркі да каралёў Заходне-францкай дзяржавы будуць рэдкімі.
Засяленьне Асоны
рэдагавацьПасьля атрыманьня ў 878 року земляў на поўдзень ад Пірэнэяў уладаньні Вільфрэда Валасатага ўяўлялі сабой два ізаляваныя адзін ад аднаго анклявы — прыбярэжныя графствы Барсэлёна і Жырона і горныя графствы Ўрхель і Сэрдань — паміж якімі знаходзілася пустынная і маланаселеная тэрыторыя, моцна пацярпелая ў папярэднія 50 рокаў як ад нападаў маўраў, так і ад паўстаньняў супраць улады каралёў франкаў. Жадаючы пашырыць і ўмацаваць свае ўладаньні, граф Вільфрэд I у 879 року пачаў засяленьне пустуючых тэрыторыяў, якія ахопліваюць сучасныя Рыпальес, Валь-дэ-Лёрд, Бэргеду, Льюканэс, Вік, Маянэс, Гульерыяс, Кардону і Бажэс. Сярод зьдзейсьненых ім мераў былі выдача прывілеяў пасяленцам і заахвочваньне стварэньня новых грамадаў. Адным з найстарэйшых каталёнскіх фуэра зьяўляецца хартыя, выдадзеная ў 888 року Вільфрэдам Валасатым Кардоне, якая захавалася ў копіі канца X стагодзьдзя. Частка новазаселеных земляў была ўключаная ва ўжо існуючыя графствы Ўрхель і Сэрдань, а цэнтральныя вобласьці склалі новае графства — Асона, першае згадваньне пра якое адносіцца да 885 року, калі сюды быў прызначаны віконт.
Адначасова Вільфрэд Валасаты вёў тут і царкоўнае будаўніцтва: у 880 року ён заснаваў кляштар Санта Марыя дэ Рыполь (асьвячэньне адбылося 20 красавіка 888 року), аддаўшы сюды ў якасьці манаха свайго нядаўна народжанага сына Радульфа, а ў 885 року заснаваў жаночы манастыр Сан Хуан дэ ляс Абадэсас (асьвячоны ў 887 року), паставіўшы тут абатысай сваю малалетнюю дачку Эму. Паданьні апісваюць шматлікія цуды, якія нібыта суправаджалі заснаваньні гэтых кляштараў і набыцьцё іхніх рэліквій. Абодва кляштары атрымалі значныя прывілеі: так, Санта Марыя дэ Рыполь атрымаў у сваё карыстаньне ўсе падаткі, што сплочвалі графу жыхары двух бліжэйшых паселішчаў, траціну падатковых збораў зь мясцовага рынку, імунітэт ад улады графа ў справах пра забойствы, рабаваньні й іншыя злачынствы і права вольна абіраць сабе абата згодна бэнэдыктынскага статуту.
Невялікая частка новых земляў была ўключаная ў япархію Ўрхелю. Большая частка са згоды арцыбіскупа Нарбоны Тэадарда, кіраўніка дыяцэзіі, у якую ўваходзілі гэтыя вобласьці, увайшла ў 886 року ў адноўленую япархію Віка, якую ўзначаліў біскуп Гадмар. Першапачаткова плянавалася, што катэдральны сабор новай дыяцэзіі будзе ў Асоне, але з-за яго разбурэньня места Гадмар перанёс сваю рэзыдэнцыю ў паселішча Вік, дзе пасьля і паўстаў аднайменны горад. Новая дыяцэзія атрымала ад графа Вільфрэда шматлікія прывілеі, у тым ліку права біць графскую манэту (пры гэтым трэць ад агульнай колькасьці зробленых манэтаў дыяцэзія магла пакідаць сабе і выкарыстоўваць на свае патрэбы), а ў 888 року біскупству Віка было перададзена паселішча Манрэса з вакольнымі землямі.
Зь імем графа Вільфрэда I зьвязана і датаванае 880 рокам першае згадваньне кляштару Мансэрат, будучага духоўнага сымбалю і рэлігійнага цэнтру Каталёніі. З заснаваньнем гэтага кляштару зьвязанае паданьне пра цудоўнае ўваскрэсеньне забітай дачкі графа, Рыхільды. Гістарычныя ж дакумэнты сьведчаць, што Рыхільда была пастаўленая графам абатысай гэтага кляштару ўжо значна пазьней за гэтую дату.
Крызіс 886—892 рокаў
рэдагавацьУ 886 року ў Гішпанскай марцы пачаўся палітычны і царкоўны крызіс, зьвязаны з намерам пальярская і рыбагорскага графа Рамона I і ампур’яскіх графаў Суньера II і Дэлі ўмацаваць сваю ўладу за кошт уладаньняў графа Вільфрэда I. Пачатак крызісу паклаў падтрыманы гэтымі графамі сьвятар Эсклюа, які бяз згоды арцыбіскупа Тэадарда заняў біскупскую катэдру Ўрхелю і выгнаў пастаўленага тут раней біскупа Інгабэрта, а ў 888 року выгнаў і новага біскупа Жыроны Сэрвуса Дэі, ворага графаў Ампур’яса. Эсклюа супольна зь біскупамі Фрадаінам Барсэлёнскім і Годмарам Віцкім пасьвяціў у біскупы Жыроны Эрмэрыха. У гэтым жа року біскуп Урхелю аднавіў япархію з цэнтрам у Ампур’ясе, прыняўшы яе пад сваё кіраваньне, і заснаваў новую япархію Пальярс, уключыўшы ў іх шэраг мясцовасьцяў, якія ўваходзілі ва ўладаньні Вільфрэда Валасатага. Эсклюа таксама абвясьціў аднаўленьне Арцыбіскупскай катэдры ў Тарагоне, якая спыніла існаваньне падчас мусульманскай заваёвы Пірэнэйскага паўвострава, аднаасобна ўсклаў на сябе кіраваньне гэтым арцыбіскупствам і запатрабаваў ад арцыбіскупа Нарбоны перадаць у ягонае падпарадкаваньне ўсе япархіі Гішпанскай маркі. Тытул арцыбіскупа за Эсклюа прызналі чатыры герархі Гішпанскай маркі — біскупы Барсэлёны, Віку, Пальярсу і Жыроны. Мяркуецца, што Вільфрэд I Валасаты першапачаткова ўхвальна паставіўся да намеру Эсклюа дамагчыся незалежнасьці дыяцэзій Каталёніі ад Нарбонскай дыяцэзіі, бо гэта дазволіла б графу ўмацаваць сваю ўладу над біскупствамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ягоных уладаньняў. Менавіта таму граф Барсэлёны не распачаў ніякіх мераў, каб абараніць выгнаных біскупаў.
Бязьдзейнасьць Вільфрэда I заахвоціла графаў Ампур’яса да намеру павялічыць свае ўладаньні за кошт земляў, якія знаходзіліся пад уладай графа Барсэлёны. Жадаючы абаперціся на аўтарытэт вярхоўнай улады манарха Заходне-францкай дзяржавы, граф Суньер II і біскуп Эрмэрых ў 889 року прыбылі да двара караля Эда ў Арлеане і атрымалі ад яго дароўную хартыю, згодна зь якой біскупства Жырона атрымлівала значныя ўладаньні ў графстве Асона, а заступнікамі япархіі Жыроны аб’яўляліся графы Ампур’яса. Гэта было адзінае зьяўленьне аднаго з графаў Гішпанскай маркі пры двары караля Эда за ўвесь час ягонага валадараньня. Падбадзёраны каралеўскай падтрымкай, граф Ампур’яса пасьля вяртаньня дадому захапіў графства Жырона, якое належала Вільфрэду Валасатаму, і паставіў тут графам свайго брата Дэлю. Пазьней у гэтым жа року і арцыбіскуп Нарбоны Тэадард наведаў караля Заходне-францкага каралеўства і гэтак жа атрымаў ад яго хартыю, у якой утрымлівалася забарона на разьдзяленьне ўладаньняў Тэадарда і стварэньне адмысловага арцыбіскупства для Гішпанскай маркі. Страта Жыроны прымусіла графа Барсэлёны прыняць меры для абароны сваіх уладаньняў: у 890 року ён выгнаў графа Дэлю з Жыроны, замірыўся зь біскупам Віку Годмарам, зь якім раней канфліктаваў, і выказаўся рэзка супраць адасабленьня дыяцэзій Каталёніі ад Нарбонскай дыяцэзіі. Зь ягонай дапамогай арцыбіскуп Тэадард у гэтым року правёў у Порце (каля Німу) прадстаўнічы сабор, які асудзіў біскупаў Эсклюа, Фрадаіна і Эрмэрыха. Біскуп Віка атрымаў прабачэньне. На саборы ў Урхелі ў 892 року крызіс быў канчаткова пераадолены: графы Рамон I і Суньер II былі асуджаныя, але захавалі свае ўладаньні, біскупы Эсклюа Ўрхельскі, Фрадаін Барсэлёнскі і Эрмэрых Жыронскі — пазбаўленыя сваіх катэдраў.
Крызіс у Гішпанскай марцы 886—892 рокаў паказаў, што каралі Заходне-францкай дзяржавы за апошнія 15 рокаў страцілі ўсялякія магчымасьці ўплыву на разьвіцьцё сытуацыі ў гэтым рэгіёне, у той час за Карлам Вялікім, Людовікам I Пабожным і Карлам II Лысым разьмеркаваньне фьефаў паміж васаламі і захаваньне спакою ў царкоўнай галіне былі аднымі з асноўных задачаў манархаў дынастыі Каралінгаў.
Прыяднаньне Канфляну
рэдагавацьУ 896 року памёр брат Вільфрэда Валасатага, граф Русыльёну і Канфляну Міро Старэйшы. Ён не пакінуў нашчадкаў мужчынскага полу, і пасьля сьмерці ягоныя ўладаньні былі падзеленыя: Русыльён перайшоў да ягонага свата, графа Ампур’яса Суньера II, а Канфлян, разам з Вальесьпірам, Капсі і Фэнальедай, быў далучаны да ўладаньняў графа Барсэлёны.
Войны з маўрамі
рэдагавацьПадчас праўленьня графа Вільфрэда I паміж графствамі Гішпанскай маркі і маўрамі ў асноўным захоўваўся мір, хоць набегі невялікіх атрадаў мусульман на прыгранічныя раёны Барсэлёнскага графства працягваліся. Першае сутыкненьне паміж Вільфрэдам Валасатым і мусульманамі адбылося ў 884 року. Рокам раней валі Лерыды Ісмаіл ібн Муса зь сям’і Касі ў адказ на ўмацаваньне графам Барсэлёны сьцен у Кардоне, Бэргэдзе, Валь-дэ-Лёрдзе й іншых памежных крэпасьцях перабудаваў і ўмацаваў муры свайго места. Вільфрэд палічыў гэта будаўніцтва небясьпечным для сваіх уладаньняў і зьдзейсьніў напад на Лерыду, аднак быў разьбіты, а ягонае войска панесла цяжкія страты. Пасьля гэтага паміж Барсэлёнскім графствам і маўрамі аднавіўся мір, якому спрыялі шматлікія паўстаньні ў розных частках Кардоўскага эмірату, у тым ліку і ў прымежных з валоданьнямі хрысьціянаў. Мір быў разарваны ў 897 року новым кіраўніком Лерыды Любам II ібн Мухамадам, які ўчыніў паход ва ўладаньні Вільфрэда I. 11 жніўня ля крэпасьці Аўра (пад Кальдас дэ Манбуі) адбылася бітва паміж хрысьціянамі і маўрамі, падчас якое сам Люб ібн Мухамад нанёс дзідай сьмяротную рану графу Барсэлёны, ад якой той у гэты ж дзень сканаў. Цела Вільфрэда I Валасатага было пахаванае ў заснаваным ім кляштары Санта-Марыя-дэ-Рыполь, дзе знаходзіцца і ў цяперашні час.
Разьдзел уладаньняў Вільфрэда I
рэдагавацьПаводле сьведчаньнях з розных крыніцаў, па сьмерці Вільфрэда Валасатага ягоныя ўладаньні былі ці адразу падзеленыя паміж яго сынамі, ці некаторы час знаходзіліся ў іхнім супольным кіраваньні. Згодна з апошняй вэрсіяй, з-за маленства большасьці сыноў Вільфрэда ягоныя ўладаньні знаходзіліся некалькі рокаў пад кіраваньнем жонкі графа, Гуінідыльды, і ягонага старэйшага сына Вільфрэда Барэля, а пасьля паўналецьця астатніх сыноў былі падзеленыя паміж усімі братамі. Па гэтым падзеле Вільфрэд II атрымаў графствы Барсэлёну, Жырону і Асону, Міро II — графства Сэрдань, Суніфрэд II — графства Ўрхель. Такім чынам упершыню ў гісторыі Гішпанскай маркі ейныя складныя часткі былі перададзеныя па спадчыне безь якога-кольвек узгадненьня з манархамі Заходне-францкага каралеўства.
Сям’я
рэдагавацьГраф Вільфрэд I Валасаты не пазьней за 27 чэрвеня 875 року ажаніўся з Гінідыльдай (памерла паміж 21 жніўня 897 і 18 лютага 900). У некалькіх падпісаных ёю хартыях ейным бацькам названы Суніфрэд, якога шэраг гісторыкаў ідэнтыфікуе з аднайменным абатам кляштару Сэнт-Мары-дэ-Ляграсэ, сынам графа Каркасону Алібы I[2]. Паводле ж сярэднявечнай хронікі «Дзеі графаў барсэлёнскіх» бацькам Гінідыльды быў граф Фляндрыі Бальдвін I Жалезная рука, аднак у дакумэнтах канца IX стагодзьдзя няма ніякіх дакладных зьвестак пра існаваньне ў гэтага графа дачкі з такім імем.
У шлюбе Вільфрэд і Гінідыльда мелі дзяцей:
- Эма (памерла ў 942) — абатыса кляштару Сан-Хуан-дэ-ляс-Абадэсас (885—942)
- Радульф (памёр у 942) — біскуп Урхелю (914—942)
- Вільфрэд II Барэль (памёр 26 красавіка 911) — граф Барсэлёны, Жыроны і Асоны (897—911)
- Міро II (памёр у кастрычніку 927) — граф Сэрдані і Канфляну (897—927) і Бэсалю (паміж 913 і 920—927)
- Суніфрэд II (памёр у 948) — граф Урхелю (897—948)
- Суньер I (памёр 15 кастрычніка 950) — граф Барсэлёны, Жыроны і Асоны (911—947)
- Эрмэсында (памерла пасьля 13 студзеня 921)
- Кіксылёна (памерла 22 лютага 945) — манашка
- Рыхільда (Рыкўільда; памерла да 19 красавіка 925) — абатыса кляштару Мансэрат (з 895)
- ? Гінідыльда (згаданая 28 верасьня 926) — мяркуецца, што яе мужам быў граф Тулюзы Раймунд II. Шэраг гісторыкаў лічаць, што яна магла быць дачкой Вільфрэда II Барэля.
Вынікі валадараньня
рэдагавацьГалоўнымі вынікамі валадараньня Вільфрэда I Валасатага сталі пераўтварэньне Барсэлёнскага й іншых графстваў, якія складалі Гішпанскую марку, у спадчынныя ўладаньні і засяленьне графам цэнтральнай часткі сучаснай Каталёніі (Асоны).
У Каталёніі даволі рана пачало складвацца меркаваньне пра графа Вільфрэда I як пра кіраўніка, які паклаў пачатак незалежнасьці гэтай тэрыторыі ад улады каралёў франкаў. Запачаткаваў гэтую ідэю біскуп Віку Ідальгер, які ў прамове 906 року вельмі высока ацаніў дзейнасьць графа па ўмацаваньні графства і падтрымцы мясцовай Царквы. Да канца XII стагодзьдзя ў Каталёніі ўжо склаўся цэлы шэраг паданьняў, які называў графа Вільфрэда цалкам незалежным кіраўніком. Іх перадае хроніка «Дзеі графаў барсэлёнскіх», якая прыпісвае Вільфрэду Валасатаму дзеі, зробленыя насамрэч ягоным унукам, графам Барэлем II. У рэчаіснасьці графы Барсэлёны працягвалі да самага канца X стагодзьдзя прызнаваць каралёў Заходне-францкай дзяржавы сваімі сюзэрэнамі, датавалі ўсе свае хартыі гадамі праўленьня гэтых каралёў і час ад часу наведвалі каралеўскі двор Каралінгаў, каб атрымаць новыя або пацьвердзіць старыя прывілеі. Сучасныя гісторыкі лічаць ізаляцыю Барсэлёнскага графства падчас кіраваньня Вільфрэда I сьледзтвам крызісу каралеўскай улады, які ахапіў у гэты час Заходне-Францкую дзяржаву, з-за якога кароль Эд быў вымушаны надаваць увагу ў першую чаргу падзеям у паўночнай і цэнтральнай частцы свайго каралеўства, барацьбе з нарманамі і непакорлівымі васаламі.
Легенда пра ўзьнікненьне гербу Каталёніі
рэдагавацьЗь імем графа Вільфрэда I Валасатага паданьні зьвязваюць і ўзьнікненьне гістарычнага герба Каталёніі, так званага Las cuarto barras (бел. Чатыры пасы). Паводле легенды, у найбольш поўнай форме запісанай упершыню ў XV стагодзьдзі, граф Вільфрэд I змагаўся разам з адным з каралёў Францкай дзяржавы супраць ворагаў манарха. У розных варыянтах паданьня згадваюцца імёны або імпэратара Людовіка I Пабожнага, або караля Карла II Лысага; ворагамі называюцца то маўры, то нарманы. У гэтай бітве Вільфрэд праявіў асаблівую адвагу, але атрымаў цяжкае раненьне. Калі ён ляжаў паранены ў сваім шатры, яго наведаў сам кароль, які спытаў графа, што той хоча ва ўзнагароду за сваю адвагу. На гэта Вільфрэд адказаў, што мае залаты шчыт, аднак ня мае гербу, і што найбольшай узнагародай для яго будзе той герб, які яму даруе кароль. Тады манарх апусьціў чатыры свае пальцы ў крывавыя раны Вільфрэда і правёў імі па шчыце чатыры вэртыкальныя паласы, якія з тых часоў сталі гербам Барсэлёнскай дынастыі. Пазьней гэтая выява стала гербам каралеўства Арагон і шматлікіх падпарадкаваных яму зямель. У цяперашні час чатыры чырвоныя пасы на залатым фоне прысутнічаюць на гербах і сьцягах некалькіх аўтаномных супольнасьцяў Гішпаніі, у тым ліку Каталёніі, Арагону, Балеарскіх астравоў і Валенсіі, а таксама мноства муніцыпалітэтаў.
Факты, якія згадваюцца ў паданьні, ня ставілі пад сумнеў гісторыкі позьняга Сярэднявечча і Новага часу, лічачы, што легенды памыляюцца толькі ў імю караля[f]. Аднак сучасныя дасьледаваньні цалкам абверглі магчымасьць таго, што ў аснове легенды ляжаць сапраўдныя гістарычныя падзеі. Было ўстаноўлена, што першыя дакладныя згадкі пра падобны выгляд гербу Барсэлёнскай дынастыі, але яшчэ зь неўсталяваным канчатковым лікам пасаў (вядомы варыянт з двума пасамі), адносяцца толькі да кіраваньня графа Барсэлёны Рамона Бэрэнгера IV (сярэдзіна XII стагодзьдзя), а выкарыстоўвацца як герб краіны ён пачаў толькі пры каралі Арагону Альфонса II (канец XII стагодзьдзя).
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Некаторыя сучасныя гісторыкі лічаць, што Суніфрэд быў ня сынам, а зяцем Бэльлё. Такім чынам Вільфрэд I прыходзіўся унукам Бэльлё па маці. Падрабязьней гл. Ramón de Abadal. La Catalogne sous l’empire de Louis le Pieux. — P. 83-91.; Lewis, Archibald Ross Chapter 6. Civil War, Invasion, and the Breakdown of Royal Authority // The Development of Southern French and Catalan Society, 718—1050. Магчымым бацькам графа Суніфрэда I прыхільнікі гэтай вэрсіі лічаць графа Асоны Барэля.
- ^ Дакладнае паходжаньне графа Суньера I не ўстаноўлена, але паводле найбольш распаўсюджанай вэрсіі ён быў адным з малодшых сыноў графа Бэльлё Каркасонскага.
- ^ Паколькі апошнія зьвесткі пра графа Салямона адносяцца да 868 року, то ў шэрагу крыніц пазначана, што Вільфрэд I мог атрымаць Урхель і Сэрдань яшчэ ў гэтым року.
- ^ У розных гістарычных крыніцах згадваецца таксама пад імёнамі Сеніафрэд і Хумфрэд.
- ^ Пасьля Сыгебут здолеў вярнуць сабе Нарбонскую катэдру, якой кіраваў да самай сваёй сьмерці ў 885 року.
- ^ Людовік I Пабожны, верагодна, памёр яшчэ да нараджэньня графа Вільфрэда I.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Henry D.-M.-J. Histoire de Roussillon. — Paris: Imprime par autorisation du roi a l'Imprimerie Royale, 1835. — С. 38—39.
- ^ Aurell M. Les noces du comte: mariage et pouvoir en Catalogne (785—1213). — Paris: Publication de la Sorbonne, 1995. — С. 47. — ISBN 978-2859442514
Літаратура
рэдагаваць- Альтамира-и-Кревеа Р. История средневековой Испании. — СПб.: Издательство «Евразия», 2003. — 608 с. — ISBN 58071-0128-6
- Рюкуа А. Средневековая Испания. — М.: Издательство «Вече», 2006. — С. 359-360. — 384 с. — ISBN 5-9533-1459-0
- Тейс Л. Наследие Каролингов. IX—X века. — М.: Скарабей, 1993. — 272 с. — ISBN 5-86507-043-6
- d'Abadal i de Vinyals R. El temps i el regiment del comte Guifred el Pilós. — Barcelona: Institut d'Estudis Catalan, 1989. — 209 с. — ISBN 9788486329464
- Cingonali S. M. Gestes dels Comtes de Barcelona i Reis d'Arago. — Valencia: Universitat de Valéncia, 2008. — 138 с. — ISBN 9788437070865
- Coll i Alentor M. Guifré el Pelós en la historiografia i en la llegenda. — Barcelona: Institut d'Estudis Catalans, 1990. — 140 с. — ISBN 9788472831629
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьВільфрэд Валасаты — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Каталонские графства. Реконкиста. Праверана 22 лютага 2010 г. Архіўная копія ад 2012-03-25 г.
- Wilfred I of Barcelona (анг.). l'Enciclopédia. Праверана 22 лютага 2010 г. Архіўная копія ад 2012-03-25 г.
- Las cuarto barras (гішп.) Праверана 22 лотага 20109 г. Архіўная копія ад 2012-03-25 г.
- Catalunia (анг.). Foundation for Medieval Genealogy. Праверана 22 лютага 2010 г. Архіўная копія ад 2012-03-21 г.