Вільгэльм Вунт
Вільгэ́льм Макс Вунт (1832, цяпер Мангайм, зямля Бадэн-Вюртэмбэрг, Нямеччына — 1920, в. Грасботэн, зямля Саксонія, Нямеччына) — нямецкі фізыёляг, псыхоляг, філёзаф і мовазнаўца. Адзін з заснавальнікаў псыхалёгіі, які першым назваўся псыхолягам. Акрэсьліў псыхалёгію ў якасьці асобнай ад біялёгіі навукі. У 1879 годзе заснаваў у Ляйпцыскім ўнівэрсытэце першую працоўню псыхалягічных дасьледаваньняў, што зрабіла псыхалёгію незалежнай галіной вывучэньня. У працоўні акрэсьліў душэўныя разлады і выявіў пашкоджаныя вобласьці мозга. У 1883 годзе заснаваў першы псыхалягічны часопіс «Філязофскія дасьледаваньні» (ням. Philosophische Studien).
Выводзіў сьвядомасьць з душэўнай прычыннасьці, а паводзіны — з успрыманьня. Вылучыў 3 ступені пазнаньня: пачуцьцёвае (паўсядзённага жыцьця), разважнае (асобных навук, якія ўвасабляюць розныя погляды на адзін прадмет), разумнае (спалучэньне ведаў у мэтафізыцы)[6].
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і лютэранскага сьвятара Максімільяна Вунта. Быў 4-м дзіцём. Дзед па мячы Фрыдрых Вунт (1742—1805) працаваў прафэсарам геаграфіі і быў пастарам у Віблінгене (цяпер акруга ў Гайдэльбэргу).
Вывучаў мэдыцыну ва ўнівэрсытэтах Тубінгену, Гайдэльбэргу і Бэрліну. У 1857 годзе стаў выкладчыкам, а з 1864 году — прафэсар Гайдэльбэрскага ўнівэрсытэту, у 1874 годзе — прафэсар філязофіі Цюрыскага ўнівэрсытэту; у 1875—1917 гадах — ардынарны прафэсар Ляйпцыскага ўнівэрсытэту (у 1889—1890 гадах — ягоны рэктар).
14 жніўня 1872 году ажаніўся на Сафіі Маў (1844—1912), дачцэ кільскага прафэсара багаслоўя Гайнрыха Маў і сястры археоляга Аўгуста Маў (1840—1909). Меў у шлюбе 3 дзяцей, у тым ліку сына Макса Вунта, які стаў філёзафам.
У этнапсыхалягічным дасьледаваньні «Псыхалёгія народаў» (т. 1—10, 1900—1920 гг.) зьмясьціў псыхалягічнае тлумачэньне вераваньняў, мастацтва і паданьняў[6].
Памёр у Грасботэне, што каля Ляйпцыгу.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Wilhelm Wundt // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б Wilhelm Wundt // Internet Philosophy Ontology project (анг.)
- ^ Wilhelm Wundt // Sächsische Biografie (ням.) — 1999.
- ^ а б в www.accademiadellescienze.it (італ.)
- ^ Вундт Вильгельм // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
- ^ а б Вунт // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 4. — С. 294. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьВільгэльм Вунт — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Працы Вільгэльма Вунта (ням.)