Віктар Ярац

беларускі паэт, літаратуразнаўца, крытык

Віктар Ярац (23 кастрычніка 1948, мястэчка Красны Мост, Рэчыцкі раён) — беларускі паэт, літаратуразнаўца, крытык; адзін зь ініцыятараў кампаніі 1968 падпісаньня студэнтамі БДУ ліста з патрабаваньнем выкладаньня па-беларуску.

Віктар Ярац
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 23 кастрычніка 1948(1948-10-23) (76 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладнік, паэт, гісторык літаратуры, літаратурны крытык
Мова беларуская мова

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1966 паступіў на філялягічны факультэт БДУ. У кастрычніку 1968 разам з Алесем Разанавым і Львом Барташам стаў ініцыятарам падпісаньня студэнтамі ліста з патрабаваньнем выкладаньня па-беларуску. Падпісалася некалькі сотняў чалавек. Ліст быў перададзены ў ЦК КПБ на імя Пятра Машэрава.

Напачатку адміністрацыя ўнівэрсытэту зьбіралася абмежавацца кампаніяй ганьбаваньня «буржуазных нацыяналістаў» — арганізатараў падпісаньня ліста. Але пасьля таго, як Ярац, Разанаў і Валянціна Коўтун зьезьдзілі да Геніюшаў у Зэльву, махавік рэпрэсіяў быў раскручаны напоўніцу.

Ярац узгадваў, як яму казалі тады: «Як можа быць, вы ж — не заходнік, і пайшлі на такое» [1]. Узімку 1969 Ярац і Разанаў былі выключаны з унівэрсытэту (праз арганізацыю няздачы заліку па вайсковай падрыхтоўцы; да гэтага моманту яны былі выдатнікамі вучобы).

Толькі дзякуючы заступніцтву Максіма Танка, Ярацу ўдалося працягнуць вучобу ўжо ў Гомельскім пэдінстытуце (унівэрсытэце). У 1975 скончыў асьпірантуру пры катэдры беларускай літаратуры Гомельскага ўнівэрсытэту і пачаў там жа працаваць. У 1976 абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Рытмічны лад сучаснай беларускай лірыкі»[2]. з 1978 году — дацэнт.

Літаратурная дзейнасьць

рэдагаваць

Першыя вершы апублікаваў у газэце «Піянер Беларусі» ў школьныя гады. Актыўна пачаў выступаць у друку з 1966 году. Аўтар зборнікаў вершаў «Уваходзіны» (1976), «Добрыца» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1989), «Дняпроўскі бакен» (1992). У 1980 годзе ўступіў у Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Выступае ў пэрыядычным друку па праблемах разьвіцьця сучаснай беларускай паэзіі. Напісаў вучэбна-мэтадычны дапаможнік для студэнтаў-філёлягаў «Беларускія паэты — лаўрэаты Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР» (Гомель, 1983).

Перакладае творы баўгарскіх, летувіскіх, расейскіх, украінскіх паэтаў на беларускую мову.

  1. ^ Віктар Ярац. «Нашы людзі сачылі за вамі…» // ЛіМ. 01.10.1993. С. 14.
  2. ^ Ярец, В. В. Ритмический строй современной белорусской лирики: автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата филологических наук: специальность 10.01.03 Литература народов СССР / Ярец Виктор Владимирович; Академия наук Белорусской ССР, Институт литературы им. Янки Купалы. - Минск, 1976. - 11, [1] с.

Літаратура

рэдагаваць
  • Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956—1991). Даведнік, slounik.org
  • Беларускія пісьменьнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 6. — Менск, 1995. С. 513—516.
  • Дзярновіч, Алег. Ярац Віктар // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999.
  • Дзярновіч, Алег. Ярац Віктар Уладзіміравіч // Нонканфармізм у Беларусі: 1953—1985. Даведнік. Том 1 / Аўтар-уклад. Алег Дзярновіч. Мінск, 2004.
  • Івашчанка, А. Справа Разанава: як у 1968-м трое мінскіх студэнтаў кінулі выклік сістэме // Наша гісторыя, №5, 2018, с. 36-39. ISBN 2617-2305