Дзяцел вялікі
Вялі́кі дзя́цел (па-лацінску: Dendrocopos major) — птушка, досыць буйны і адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў сямейства дзятлавых. Засяляе самыя разнастайныя лясныя ляндшафты Палеарктыкі ад Канарскіх астравоў і паўночна-заходняй Афрыкі на ўсход да Камчаткі і Японіі, амаль усюды зьяўляецца звычайным, шматлікім відам. Нярэдка селіцца ў межах населеных пунктаў — у старых садах, парках, на могілках. Як правіла, вядзе аселы лад жыцьця і толькі на паўночнай пэрыфэрыі арэала ў неспрыяльныя для харчаваньня гады зьдзяйсьняе масавыя вандроўкі-інвазыі ў суседнія рэгіёны.
Вялікі дзяцел | |
Самка | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Кляса | Птушкі |
Атрад | Дзятлападобныя |
Сямейства | Дзятлавыя |
Род | Dendrocopos |
Від | Вялікі дзяцел |
Бінамінальная намэнклятура | |
Dendrocopos major (Linnaeus, 1758) | |
Арэал | |
Дзяцел грае важную ролю ў экалёгіі лесу, пакідаючы выдзеўбаныя ім дуплы для іншых дробных птушак, такіх як сініцы і мухалоўкі. Акрамя таго, ён у вялікай колькасьці есьць лясных шкоднікаў — тлю, вусеняў матылькоў і насякомых-дрэваедаў — вусачоў, златак, караедаў, мурашак і многіх іншых. Увесну і ўлетку аснову рацыёну складае жывёльны корм, восеньню і зімой птушка пераходзіць на расьлінную ежу. У лясах з іглічнымі пародамі дрэў іх асноўны корм — насеньне хвоі, елі і лістоўніцы. Для дзяўбленьня шышак выкарыстоўваецца «кузьня», адмыслова адведзенае месца — скрыжаваньне дрэва, шчыліна ў кары або адтуліна, у якую ўстаўляецца шышка. У паўднёвых шыракалістых лясах дзятлы ўжываюць у ежу арэхі і плады костачкавых расьлінаў.
Апісаньне
рэдагавацьСтракаты, чорна-бела-чырвоны. Падобны да сырыйскага, беласьпіннага і сярэдняга дзятлаў. Падхвосьце чырвонае, на сьпіне дзьве вялікія белыя плямы. Чорны ашыйнік ідзе ад патыліцы да асновы дзюбы і грудзей, на баках галавы і шыі вялікія белыя плямы. У самца чырвоная пляма на патыліцы (у самкі патыліца чорная). У маладых абодвух полаў чырвоная з чорнай абводкай «шапачка». Голас: стукае гучна і інтэнсіўна, позыў — кароткае «кік, кікс», асьцерагае «рірірі» альбо «гігігі». Даўжыня цела 22-26 см, размах крылаў 39-46 см[1].
Біятоп
рэдагавацьЛісьцевыя, хваёвыя і зьмяшаныя старыя лясы, паркі, сады, алеі. Нешматлікі ў чыстых хваёвых лясах, больш рэдкі ў невялікіх ізаляваных дрэвастоях. У Высокіх Татрах даходзіць да 1000 м в.у.м., у Альпах — да 2000 м в.у.м., на Каўказе і Алтаі- да 1200 м в.у.м.
Гняздо
рэдагавацьУ дупле ў ствале (часьцей нязгнілым) або ў тоўстых галінах дрэва звычайна 2-5 м над зямлёй (ад 0,5 да 20 м). Подсьціл — з дробных, пакрышаных трэсак. Дыямэтар адтуліны 4,5-6,0 см, глыбіня дупла 25-35 см, шырыня гнездавой камэры 8-10 см, вышыня — прыблізна 8 см.
Яйкі
рэдагаваць4-7 (3-8) асобнікаў, эліптычныя, крыху падоўжаныя з завостраным вузейшым канцом, белыя, бліскучыя. Памеры: 26,0 х 19,0 мм (25,0-27,0 х 16,0-21,0 мм). Выседжваюць па чарзе абедзьве птушкі каля двух тыдняў.
Арэал
рэдагавацьПалеарктыка (акрамя крайняй Поўначы і Поўдня).
Пералёты
рэдагавацьАселы. Узімку вандруе ў межах гнездавога арэала, часам у выглядзе інвазый.
Месца зімовак
рэдагавацьУ межах гнездавога арэала.
На Беларусі
рэдагавацьЗ усіх дзятлаў найбольш звычайны на гнездаваньні аселы від. Поўнач краіны насяляе падвід Dendrocopos major major, а птушкі зь пераходнымі рысамі да Dendrocopos major pinetorum адзначаюцца ў паўднёвай частцы.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ахова птушак Бацькаўшчыны(недаступная спасылка)