Дэпартацыя чачэнцаў і інгушаў

(Перанакіравана з «Высяленьне чачэнцаў і інгушоў»)

Дэпарта́цыя чачэ́нцаў і інгушо́ў — гвалтоўнае высяленьне ў лютым-сакавіку 1944 насельніцтва Чачэна-Інгушэтыі ў Цэнтральную Азію.

31 студзеня 1944 Дзяржаўны Камітэт Абароны СССР прыняў рашэньне пра высяленьне чачэнцаў і інгушоў у Кыргыскую і Казахскую ССР у мэтах «стабілізацыі становішча» у ЧІАССР (афіцыйнае абвінавачваньне — здрада й масавыя супрацоўніцтва зь немцамі; фактычны чыньнік — бесьперапынныя ўзброеныя выступы чачэнцаў і інгушоў супраць савецкае ўлады). 23 лютага — 9 сакавіка 1944 у цэлым было выселена каля 650 тыс. чалавек. Па ўнутраных дадзеных НКУС, ня менш за 144 тыс. (24%) зь іх загінулі падчас дэпартацый і на працягу першых чатырох гадоў знаходжаньня ў ссылцы. 7 сакавіка 1944 Чачэна-Інгуская АССР загадам Прэзыдыюма Вярхоўнага савету СССР была скасаваная; тэрыторыя Чачэна-Інгушэтыі была падзеленая паміж Паўночна-Асэтынскай АССР, Дагестанскай АССР, Грузінскай ССР і Стаўрапальскім краем РСФСР.

Апэрацыяй па высяленьні чачэнцаў і інгушоў кіраваў наркам унутраных справаў, генэральны камісар дзяржбясьпекі СССР Л. П. Бэрыя й яго намесьнікі Іван Сяроў, Багдан Кабулаў і С.С.Мамулаў. Дэпартацыю ажыцьцяўлялі опэргрупы НКУС-НКДБ і СМЕРШ (19 тыс. чалавек) пры садзейнічаньні войскаў НКУС і вайсковых частак (100 тыс. чалавек).

З санкцыі кіраўніцтва апэрацыі (Бэрыі й Сярова) зьнішчаліся жыхары цяжкадаступных горных сёлаў і нетранспартабэльныя хворыя. Так, 27 лютага 1944 у в. Хайбах былі спаленыя жыўцом каля 700 чалавек зь некалькіх паселішчаў Галанчоскага раёну (самой малодшай з забітых было тры гады, самым старэйшым — за 100 гадоў). У Чэбэрлоеўскім раёне жыхароў горных сёлаў тапілі ў возеры Кезэной-Ам, у райцэнтры Урус-Мартан хворых (у тым ліку немаўлятаў і цяжарных жанчынаў) забілі атрутнымі ўколамі й закапалі на двары раённае лякарні (пахаваньне выяўлена ў 1991 групай «Мэмарыял»), у Ітум-Калінскім раёне людзей заганялі ў хаты і закідвалі гранатамі, у в. Малхісты — расстрэльвалі ў пячорах, у Нажай-Юртаўскім раёне — спальвалі ў кукурузных сховішчах, у в. Нашхой — у сельскай стайні, у в. Сюжы — у будынку сельскае школы.

Па шляху да месца высыланьня (людзей везьлі ўзімку некалькі дзён у жывёльных вагонах без вады й ежы), а таксама ў першыя гады дэпартацыі загінула каля 200 тыс. чачэнцаў (больш траціны ўсяго народу), каля 30 тыс. інгушоў (каля паловы народу) і 20 тыс. чачэнцаў-акінцаў (больш за дзьве траціны этнічнае групы). Гэтыя лічбы не ўлічваюць падвышаную сьмяротнасьць сярод высланых у наступныя гады, не кажучы ўжо аб больш доўгатэрміновых дэмаграфічных наступствах. У Кыргыстан і Казахстан змушаныя былі пазьней накіравацца й чачэнцы й інгушы, якія на момант дэпартацыі знаходзіліся на фронце.

9 студзеня 1957 Чачэна-Інгуская АССР, скасаваная ў 1944, была адноўленая. Але пры гэтым для чачэнцаў былі зачыненыя некалькі горных раёнаў, і былых жыхароў гэтых раёнаў сталі сяліць у раўнінных аўлах і казачых станіцах. Чачэнцы-аўхоўцы вярнуліся ў Дагестан.

У 2004 Эўрапарлямэнт прызнаў факт высыланьня чачэнцаў і інгушоў у 1944 генацыдам.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць