Вольны Ідэль-Урал
Вольны Ідэль-Урал (тат. Азат Идел-Урал, эрз. Олячив Рав-Урал, макш. Воляшинь Рав-Урал, мар. Эрыкан Идель-Урал) — грамадзкі рух народаў Паволжа, які мае на мэце здабыцьця незалежнасьці рэспублікамі Мардовія, Чувашыя, Марый Эл, Татарстан, Удмуртыя, Башкартастан і стварэньне інтэґрацыйнага аб’яднаньня гэтых шасьці рэспублік з агульнай мяжой, эканамічнай прасторай і калектыўнай сыстэмай бясьпекі.
Гісторыя
рэдагаваць26 сьнежня 2017 году з расейскай калёніі выйшаў на волю адзін зь лідэраў татарскага нацыянальнага руху Рафіс Кашапаў, які быў арыштаваны 28 сьнежня 2014 году і асуджаны ў верасьні 2015 году на 3 гады калёніі за крытыку анэксіі Крыма.[1][2][3] У пачатку лютага 2018 году ён зьехаў ва Ўкраіну, дзе неўзабаве сустрэў аднадумца: ураджэнца Мардовіі эрзяніна Сырэся Баляеня, вайскоўца на пенсіі.[4]
21 сакавіка Рафіс Кашапаў, Сырэсь Баляень і невялікая ґрупа іх аднадумцаў правялі ў Кіеве прэс-канфэрэнцыю, на якой заявілі аб стварэньні грамадзкага руху «Вольны Ідэль-Урал».[5]
Першыя 5 месяцаў сваёй дзейнасьці арґанізацыя не выступала з адкрыта сэпаратысцкіх пазыцыяў, а дэкляравала сваю барацьбу за аднаўленьне рэспублікамі Паволжа рэальнага сувэрэнітэту. Аднак, пасьля прыняцьця Дзяржаўнай думай закону аб парадку вывучэньня родных моваў у агульнаадукацыйных навучальных установах, згодна зь якім дзяржаўныя мовы рэспублік прыбралі з абавязковай часткі навучальных праґрамаў, «Вольны Ідэль-Урал» зьмяніў мэту сваёй дзейнасьці.
25 ліпеня 2018 году «Вольны Ідэль-Урал» заявіў, што імкнецца да пабудовы ў будучыні незалежных нацыянальных дэмакратычных дзяржаваў: Эрзяна-Макшаніі, Чувашыі, Марый Эл, Татарстану, Удмуртыі і Башкартастану. Пры гэтым рух падкрэсьліў, што прытрымліваецца неґвалтоўных мэтадаў супраціву.[6] Ужо празь некалькі дзён расейскія СМІ паведамілі, што супраць сузаснавальніка Руху Рафіса Кашапава пачалі новую крымінальную справу за публікацыю ў інтэрнэце матэрыялаў, якія распальваюць варожасьць паводле прыкметаў расы, нацыянальнасьці, мовы, прыналежнасьці да рэліґіі.[7]
Ідэалёґія
рэдагаваць«Вольны Ідэль-Урал» пазыцыянуе сябе як масавы грамадзка-палітычны рух, заснаваны на прынцыпах дэмакратызму і гуманізму. Мэта — пабудова ў будучыні незалежных нацыянальных дэмакратычных дзяржаваў: Эрзяна-Макшаніі, Чувашыі, Марый Эл, Татарстану, Удмуртыі і Башкартастану. Галоўнымі мэтамі арґанізацыі зьяўляецца барацьба за рэалізацыю сацыяльных, культурных і рэліґійных правоў эрзян, макшан, чувашоў, марыйцаў, татараў, удмуртаў і башкіраў.[8]
Арґанізацыя ставіць перад сабой задачу пабудова незалежных нацыянальных дэмакратычных дзяржаваў: Эрзяна-Макшаніі, Чувашыі, Марыяў Эл, Татарстану, Удмуртыі і Башкартастану. «Вольны Ідэль-Урал» заяўляе, што імкнецца зьяднаць гэтыя нацыянальныя рэспублікі ў адзінае інтэґрацыйнае абʼяднаньне (на прыкладзе Эўрапейскага Зьвязу). Рух дэкляруе, што кожная рэспубліка будзе самастойна рэалізоўваць сваю ўнутраную і вонкавую палітыку, але ўсе разам будуць забясьпечваць сябе калектыўнай бясьпекай, сумесна будуць ахоўваць вонкавую мяжу, будуць мець адзіную мытную прастору і грашовую адзінку і да таго падобнае.[9]
Адначасова «Вольны Ідэль-Урал» прадставіў праґраму, у якой абмаляваў уласныя мэты і задачы да моманту здабыцьця рэспублікамі Ідэль-Уралу дзяржаўнай самастойнасьці. Гэтак, на этапе знаходжаньня 6 рэспублік у складзе РФ, рух выступае за пабудову стасункаў паміж рэспублікамі і фэдэральным цэнтрам на дамоўных пачатках. Рэспублікі Ідэль-Уралу павінны валодаць правам вэта на разгляд тых пытаньняў, якія датычаць іх інтарэсаў, а таксама самастойна ўступаць у стасункі зь іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арґанізацыямі. У канстытуцыях Рэспублік Ідэль-Уралу варта вызначыць статус грамадзяніна і прыняць законы аб грамадзянстве.
«Вольны Ідэль-Урал» заклікае ўрады й грамадзянаў рэспублік Паволжа адмовіцца ад ідэі перагляду межаў паміж рэспублікамі. Адным з праектаў руху стала распрацоўка палітычнай мапы Ідэль-Уралу, якая была прадстаўленая ў Львове 23 верасьня 2018 году ў рамках «Форуму выдаўцоў». Адзін з сузаснавальнікаў «Вольнага Ідэль-Уралу» Баляень Сырэсь адзначыў, што хоць этнічныя землі башкіраў, татараў, чувашоў, мары, эрзян ды мокшан распаўсюджваюцца далёка за межы сучасных рэспублік — перагляд межаў, асабліва межаў паміж рэспублікамі, будзе мець катастрафічныя наступствы для нацыянальных рухаў Ідэль-Уралу. На думку Баляеня Сырэся, сам факт наяўнасьці рэспублік, з прызнанымі адміністратыўнымі межамі — гэта вялікае дасягненьне нацыянальных рухаў, якое будзе служыць адпраўной кропкай у працэсе атрыманьня незалежнасьці ад РФ.[10]
Узброеныя сілы і служба ў войску
рэдагавацьНа тэрыторыі Рэспублік Ідэль-Уралу неабходна стварыць адмысловыя тэрытарыяльныя вайсковыя фармаваньні, ў якіх будуць праходзіць абавязковую вайсковую службу грамадзяне Рэспублік Ідэль-Уралу, незалежна ад іх нацыянальнасьці. Вайсковую або паліцэйскую службу тэрмінам адзін год павінен адбыць кожны грамадзянін у веку ад 18 да 30 гадоў. Кожны грамадзянін, які прайшоў такую службу, набывае права валодаць і насіць зброю. Продаж зброі будзе дазволены толькі грамадзянам векам ад 21 год і толькі ў дзяржаўных крамах. Рух выступае супраць нясеньня абавязковай вайсковай службы грамадзянамі Рэспублік Ідэль-Уралу за межамі гэтых рэспублік.
«Вольны Ідэль-Урал» дамагаецца абвяшчэньня Рэспублік Ідэль-Уралу зонай, вольнай ад ядзернай зброі. Рух выступае за вывад з тэрыторыі Рэспублік Ідэль-Уралу зброі масавага паражэньня і скарачэньне колькасьці звычайнага ўзбраеньня.
Нацыянальная палітыка
рэдагавацьРух змагаецца за рэалізацыю права народаў Ідэль-Уралу на поўны цыкль школьнай ды ўнівэрсытэтскай адукацыі дзяржаўнымі мовамі Рэспублік Ідэль-Уралу. Дзяржаўныя мовы зьяўляюцца абавязковымі для вывучэньня ў навучальных закладах усіх формаў уласнасьці: зь першай і да апошняй клясы.[11] У прадстаўніцкіх орґанах ўлады сьлед заправадзіць квотны прынцып фармаваньня, па якім большасьць мандатаў заўсёды ґарантавана будзе заставацца за прадстаўнікамі карэнных народаў.
На тэрыторыі Рэспублік Ідэль-Уралу сьлед забясьпечыць культурную аўтаномію карэнным народам, стварыць умовы для рэалізацыі іх культурных і сацыяльных правоў, — найперш, права на адукацыю на роднай мове, права на стварэньне ўласных таварыстваў і сродкаў масавай інфармацыі.
У справаводзтве й дзяржаўным ўпраўленьні павінныя карыстацца дзяржаўнымі мовамі, а ў адносінах паміж суб’ектамі Расейскай Фэдэрацыі — расейскай мовай. У сфэры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва павінна быць забясьпечана выкарыстаньне дзяржаўных моваў рэспублік Ідэль-Урал.
Населеным пунктам і аб’ектам тапанімікі сьлед вярнуць іх аўтэнтычныя імёны, якія былі замененыя альбо скажоныя ў выніку каляніяльнай палітыкі.
Дзейнасьць
рэдагавацьАсноўнымі кірункамі працы «Вольнага Ідэль-Уралу» зьяўляецца асьветніцкая і праваабарончая дзейнасьць. Актывісты ладзяць мітынґі і пікеты пад дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі Расейскай Фэдэрацыі ў эўрапейскіх дзяржавах з мэтай прыцягненьня ўвагі да праблем карэнных народаў Паволжа. Рух фінансава падтрымлівае сем’і палітычных зьняволеных, якія адбываюць пакараньне ў Расеі, а таксама даносіць інфармацыю сусьветнай грамадзкасьці пра становішчы эрзянскага, макшанскага, чуваскага, марыйскага, татарскага, удмурцкага і башкірскага народаў у Ідэль-Урале. «Вольны Ідэль-Урал» ажыцьцяўляе радыёвяшчаньне на эрзянскай мове ў інтэрнэце: некалькі разоў на месяц выходзяць агляды навін сусьветнай палітыкі, эканомікі, спорту і культуры.
Таксама штомесяц у сетцы зьяўляецца праґрама «Торпингень блокнот» (эрз. «Вайсковы нататнік»), у якой асьвятляюцца падзеі вайсковых канфліктаў, абмяркоўваюцца навінкі вайскова-прамысловага комплексу і распавядаецца пра вайсковую гісторыю народу эрзянаў.[12]
Абарона моваў
рэдагавацьПершымі масавымі акцыямі руху сталі публічныя акцыі ў падтрымку эрзянскай, макшанскай, чуваскай, марыйскай, татарскай, удмурцкай і башкірскай моваў. У красавіку 2018 году з ініцыятывы руху стартавала міжнародная адвакацыйная кампанія «Абаронім мовы Ідэль-Уралу!», падчас якой актывісты ў Ідэль-Урале і за яго межамі фатаґрафаваліся ў публічных месцах з плякатамі ў падтрымку роднай мовы. Фота распаўсюджваліся ў сацыяльных сетках з заклікам праяўляць моўную ўстойлівасьць і супраціўляцца расефікацыі.
Завяршэньнем кампаніі стала правядзеньне 28 красавіка 2018 году адначасовых пікетаў дыпляматычных прадстаўніцтваў Расейскай Фэдэрацыі ў розных краінах сьвету. Акцыі прайшлі пад лёзунґам «Абаронім мовы Ідэль-Уралу» і мелі на мэце прыцягнуць увагу сусьветнай грамадзкасьці да праблемы палітыкі расефікацыі, якую праводзіць Масква над народамі Ідэль-Уралу: эрзянамі, макшанамі, марыйцаў, чувашамі, удмуртамі, татарамі і башкірамі.
Актывісты руху з розных куткоў сьвету актыўна камэнтуюць моўную палітыку РФ, у тым ліку абмежаваньне вывучэньня дзяржаўных моваў у школах Рэспублік Ідэль-Уралу. У жніўні 2018 сузаснавальнік «Вольнага Ідэль-Уралу» Сырэсь Баляень правёў у Кіеве прэс-канфэрэнцыю для ўкраінскіх журналістаў, на якой раскрытыкаваў палітыку расефікацыі школьнай адукацыі ў Паволжы. Актывіст адзначыў, што ў сучаснай Расеі вывучэньне нацыянальнай мовы прымусова зводзіцца да ўзроўню паказухі і літаратуршчыны, калі мову пэўнага этнасу выкарыстоўваюць толькі для дэманстрацыі ўяўнага раўнапраўя нацыяў. Ён правёў аналёґію з украінскай «шараваршчынай», якая заахвочвалася, ў прыватнасьці, ў СССР, і заключалася ў тым, што нацыянальным меншасьцям дазвалялі сьпяваць і пісаць на сваёй мове, але не дазвалялі ім тварыць палітыку, тым больш палітыку, якая не супадае з імпэрскай. Баляень лічыць, што ў Расеі, як і ў СССР, прадстаўнікоў іншых этнасаў пераконваюць у прыярытэтнасьці расейскай мовы як перадавой і адначасова спрабуюць пераканаць у другаснасьці нацыянальных моваў. Напрыклад, для падтрымкі нацыянальнай эрзянскай мовы мясцовыя суполкі пакуль праводзяць пэўную працу, але гэта робіцца ў многіх выпадках паказальна, на сьвята, раз на год, і такая сытуацыя складваецца і з многімі іншымі мовамі карэнных народаў Расейскай Фэдэрацыі.[13]
У 2018 годзе арґанізацыя зьвярнулася да міністраў культуры рэспублік Мардовія, Чувашыя і Татарстан з прапановай разпачаць працэс дубляваньня дзяржаўнымі мовамі рэспублік папулярных галівудзкіх фільмаў: «Адважнае сэрца», «Выкупленьне з Шаўшэнку».[14] Чыноўнікі не падтрымалі ініцыятывы «Вольнага Ідэль-Уралу».[15]
Коштам арґанізацыі ажыцьцяўляюцца запісы аўдыёкніг па-эрзянску. У прыватнасьці, у рамках праекту «Экшка вал» (ерз. «Таемнае слова»), азвучана тры апавяданьні сучаснага эрзянскага пісьменьніка Аляксандра Цікшайкіна.[16]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Азатлык Радиосы. Төркиядән кайтуга Кашаповны ФСБ кулга алган. — 28 декабрь 2014
- ^ Азатлык Радиосы. «Дәүләт Рәфис Кашапов кебекләрдән курка» — 15 сентябрь 2015
- ^ Азатлык Радиосы. Рәфис Кашапов: «Бәләкәй төрмәдән зур төрмәгә чыктым» — 27 декабрь 2017
- ^ Тексти.org.ua. Ерзянські підпільники. У Києві активісти з Поволжя та Уралу започаткували рух за незалежність своїх республік. — 18 квітня 2018
- ^ EuromaidanPress.com. Free Idel-Ural Movement takes shape in Kyiv. — 24 March 2018
- ^ QHA. Представник «Ідель-Урал»: русифікаторський мовний закон в РФ — це агонія Імперії. — 1 серпня 2018
- ^ Азатлык Радиосы. Рәфис Кашапов эзләүгә игълан ителгән. — 27 сентябрь 2018
- ^ Свободный Идель-Урал. Программа общественного движения «Свободный Идель-Урал».
- ^ Азатлык Радиосы. «Азат Идел-Урал» хәрәкәте үз сәяси програмы турында фикер алышуга чакыра. — 4 апрель 2018
- ^ Азатлык Радиосы. Львовта Идел-Уралның сәяси харитасын тәкъдим иттеләр. — 24 сентябрь 2018
- ^ Россия уничтожает языки коренных народов, – активист | Громадське радіо (рас.) Праверана 2018-10-14 г.
- ^ Торпингень Блокнот #1 (en).
- ^ Азатлык Радиосы. Русия халыклары хокукларын якларга чакырып өч илдә пикетлар узачак — 13 апрель 2018
- ^ Рафис Кашапов обратился в минкульт Татарстана с идеей повышения престижа татарского языка (рас.) Праверана 2019-02-03 г.
- ^ Министр культуры считает перевод голивудских фильмов на татарский "бесполезным удовольствием" (рас.) Праверана 2019-02-03 г.
- ^ Организация "Свободный Идель-Урал" начала создавать аудиокниги на эрзянском языке (рас.) Праверана 2019-02-03 г.
Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|