Васіль Шаўчэнка
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Шаўчэнка.
Васі́ль Шаўчэ́нка (памёр 25 сьнежня 1925, Васількі, Бялыніцкі раён, Магілёўская акруга) — беларускі атаман, былы царскі афіцэр, які кіраваў антыбальшавіцкім атрадам на Магілёўшчыне (збольшага ж атрад знаходзіўся ў Бялыніцкім раёне), меў мянушку Бацька. Змагаўся з савецкай уладай цягам 1919—1925 гадоў за Вольную Беларусь.
Васіль Шаўчэнка | |
невядома — 25 сьнежня 1925 | |
Мянушка | Бацька |
---|---|
Месца сьмерці |
|
Прыналежнасьць | Расейская імпэрыя Беларуская Народная Рэспубліка (1919—1925) |
Род войскаў | пяхота |
Званьне | атаман |
Камандаваў | антыбальшавіцкі атрад (да 100 чалавек) |
Бітвы/войны | Грамадзянская вайна ў Расеі Беларускі антысавецкі супраціў (1918—1933) |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьРазам з братам у 1919 годзе Васіль пачаў свой паўстанцкі шлях. У 1921 яны, абодва афіцэры царскага войска, былі арыштаваныя і асуджаныя да сьмяротнага пакараньня. Але прысуд застаўся на паперы, браты з турмы ўцяклі, каб за тры гады стаць «гаспадарамі» Магілёўскай акругі.
Васіль Шаўчэнка не пакідаў без увагі выпадкі рабаўніцтва сялянаў як з боку савецкіх функцыянэраў, так і з боку іншых атаманаў. Ён забясьпечваў вольніцу ў лесе: сяляне беспакарана гналі самагонку, нарыхтоўвалі дровы. На бюро прызнавалі, што людзі атамана падтрымліваюць. «Ён забараніў рабаваць сялян, карыстаецца іх сымпатыяй і аўтарытэтам», — гучала ў выступах.
Паляваньне Скатнічэнкі
рэдагавацьУ верасьні 1924 году каля вёскі Княжыцаў (10 вёрстаў ад Магілёва) восем добра ўзброеных баевікоў Шаўчэнкі напалі на атрад міліцыянтаў пад камандаваньнем начальніка раённага аддзелу Скатнічэнкі. Падчас перастрэлкі і рукапашнага бою загінуў агент крымінальнага вышуку і быў паранены яшче адзін супрацоўнік аддзяленьня.
У сьнежні Скатнічэнка з шасьцю міліцыянтамі паспрабаваў зноў абкласьці Шаўчэнку ў вёсцы Навасёлкі, на поўдзень ад Магілёва. Але атаман за некалькі гадзінаў да зьяўленьня карнікаў пакінуў Навасёлкі.
Агентура, купленая ўладаю за соль і мануфактуру, паведаміла, што баевікі накіраваліся ў вёску Пушча. Скатнічэнка і яго людзі абкружылі пасёлак, прачасалі хутары паблізу. Насустрач трапіўся мясцовы жыхар, які ахвотна паведаміў, што «банда» пры падыходзе міліцыі схавалася ў лесе. Міліцыянты вырашылі даць сабе кароткі адпачынак, зайшлі ў хату зычлівага Дуброўскага (так сябе назваў жыхар) напіцца вады. І былі сустрэтыя стрэламі. Шаўчэнка са сваімі партызанамі хаваўся ў другім пакоі. У хаце застаўся цяжка паранены міліцыянт Ялыніч, астатнія выбеглі на двор і пачалі страляць у вокны. Міліцыянты Арлоў і Тарасенка паспрабавалі падпаліць хутар. Арлоў быў застрэлены. Людзі Шаўчэнкі кінулі з вокнаў хаты некалькі бомбаў і, карыстаючыся разгубленасьцю міліцыянтаў, уцяклі.
Агентура
рэдагавацьЦягам 1924 году спробы зьнішчыць атамана рабіліся ня раз. У аддзел Шаўчэнкі засылалі ўзброеных агентаў, якія мусілі забіць атамана, што ў іх не ўдалося. Таксама намагаліся ўсыпіць яго морфіем і схапіць, але гэта гэтаксама не спрацавала. «Ён узброены да зубоў, хітры і смелы», — тлумачылі сілавікі адсутнасьць вынікаў.
Нарада
рэдагаваць10 сьнежня 1924 году ва ўмовах сакрэтнасьці засядала бюро Магілёўскага акружнога камітэту КПБ. Паседжаньне было цалкам прысьвечанае вядомай у акрузе асобе атамана Шаўчэнкі. Удзельнікі распавялі пра намаганьні ў зьнішчэньні «паралельнай улады». Партыйцы скардзіліся на Акружны аддзел ДПУ, які не надаваў належнай ацэны «бандзе Шаўчэнкі». Таксама нагадалі пра ненармальныя дачыненьні паміж ДПУ і міліцыяй, якія немаведама што дзеляць, прывялі да правалу шэрагу апэрацыяў супраць атамана і вялікіх чалавечых стратаў. Кіраўнікі акругі падкрэсьлілі, што «ў тых раёнах, дзе ёсьць Шаўчэнка, міліцыі немагчыма працаваць і там уся ўлада тэрарызаваная».
Паводле агентурных зьвестак, Шаўчэнка меў да сотні ўкрывальнікаў. Імёны 90 чалавек былі вядомыя чэкістам. Кіраўнік міліцыі прапанаваў пачынаць з укрывальнікаў. Браць іх першымі, каб паказаць, што «савецкая ўлада зусім ня мяккая».
Прынятая пастанова засьведчыла:
Наяўнасьць банды Шаўчэнкі і яе дзейнасьць варожа адбіваецца на палітычным стане акругі. Банда… падрывае аўтарытэт улады, разбэшчвае сялян і стварае сабе аўтарытэт.
У дакумэнце асобным радком згадвалася пра неабходнасьць дадатковых сродкаў на буйную апэрацыю. Заплянавана было пачаць з арыштаў хаўрусьнікаў і ўкрывальнікаў. У вёскі накіроўваліся адмысловыя карныя аддзелы. «Працу па ліквідацыі гэтай банды лічыць ударна-баявой», — з патасам заклікала пастанова сходу.
Аперацыя па знішчэнні
рэдагавацьСам Яўхім Кроль пакінуў сталіцу, каб зьнішчыць «бацьку» Магілёўшчыны. За пяць гадоў сваёй вайны Шаўчэнка надта раззлаваў улады.
Як успамінаў Кроль, плян апэрацыі прадугледжваў рухацца з трох бакоў буйнымі міліцыйнымі аддзеламі ў бок вёскі Княжыцаў. Туды ж накіроўваўся і атрад з Менску на чале з Кролем. Тыдзень атрад чакаў данясеньняў выведкі. Нарэшце дачакаліся тэлефанаваньня агента, які ведаў, дзе спыніцца Шаўчэнка. Група накіравалася ў Княжыцкі лес, улюбёнае месца атамана. Кроль успамінае, што пачуцьцё страху і насьцярогі не пакідала міліцыянтаў. Яны ведалі, колькі работнікаў міліцыі загінула ад гранатаў і карабіна баевіка. Але, як пазьней высьветлілася, атаман ужо быў забіты падчас бойкі з карным атрадам. Тэлефонны провад у сельскім савеце быў перарэзаны, таму Менская група вярнулася ў Бялынічы.
Ліквідацыя ў Васільках
рэдагавацьПаводле агентурных зьвестак, атаман знаходзіўся на хутары селяніна Рыжковіча каля Васількоў. Група захопу пад кіраўніцтвам міліцыянта Паўлоўскага зь пяці чалавек спынілася каля дома Рыжковіча. Міліцыянты запыталіся ў гаспадара наконт ягонага госьця. Вясковец няветліва адказаў, што нічога і нікога ня ведае. У гэты момант Шаўчэнка стрэліў з акна хаты і забіў старшага міліцыянта Бялыніцкага раёну Царанкова. Пачалася перастрэлка, у ёй атаман загінуў. Пра ліквідацыю «бандыта» паведаміла зводка данясеньняў па Магілёўскім крымінальным вышуку ад 25 сьнежня 1924 году.
Далейшы лёс атраду
рэдагавацьНават без атамана шаўчэнкаўцы працягвалі дзейнічаць: пасьля гібелі Васіля ягоны аддзел узначаліў нейкі Зяньчук, пра якога нічога пакуль невядома. Толькі ў красавіку 1926 варшаўскія газэты паведамілі, што ў Магілёве да расстрэлу прысудзілі 43 паўстанцаў «банды Васіля (Базыля) Шаўчэнкі». Тады ж савінкаўская газэта «За свабоду» скупа напісала пра некаторыя факты з жыцьця атамана.
Асоба
рэдагавацьУ юбілейным зборніку, прысьвечаным 10-годзьдзю беларускай міліцыі, Яўхім Кроль пакінуў цікавыя, нават з рамантычным адценьнем, успаміны пра ліквідацыю Шаўчэнкі. Аўтар дэманстраваў імкненьне да аб’ектыўнасьці, павагу да ворага. Але такі падыход цалкам быў і ў яго інтарэсах, бо чаго вартая перамога над слабым нікчэмным праціўнікам. Начальнік не шкадаваў эпітэтаў у адрас атамана: «Шыракаплечы, рэлігійны, выдатны стралок… Ён быў пагрозай савецкіх работнікаў», — прызнаваў Кроль.
Да таго ж разумны, няўлоўны. Паводле словаў галоўнага міліцыянта, Васіль Шаўчэнка «цараваў» ня толькі ў Бялыніцкім раёне, але, «маючы многа ўдзельнікаў, пяць год крываваю мараю гаспадарыў у Магілёўскай акрузе». Савецкія работнікі «ня сьмелі зьяўляцца на яго тэрыторыі». Людзі «кланяліся яму, як куміру», — са зьдзіўленьнем і пашанаю да зьнішчанага ворага ўспамінаў тыя дні міліцыйны кіраўнік.
Збройны майстар у мінулым, Шаўчэнка выдатна страляў.
Выгляд
рэдагавацьУ юбілейным зборніку, выдадзеным да 10-годзьдзя беларускай міліцыі, ёсьць здымак забітага атамана. Бачна, што ўжо нежывое і закасьцянелае цела маладога мужчыны падцягнулі і прыставілі да сьцяны адмыслова для здымка, дадаўшы побач у якасьці аздабленьня бомбы і карабін. На жаль, пакуль ня знойдзеныя прыжыцьцёвыя здымкі Васіля Шаўчэнкі, хаця, як сьведчаць крыніцы, іх у вялікай колькасьці раздавалі міліцыянтам і агентам падчас карных апэрацыяў.
Пазьней, падобна на тое, што Кроль перачытаў свой артыкул пра атамана і заўважыў ягоную залішнюю камплімэнтарнасьць. Як бы спахапіўшыся, ён знаходзіць для Шаўчэнкі абразьлівыя эпітэты. Прыгадвае не да месца «ламброзаўскі чэрап», а шырокія скулы і кірпаты нос атамана падаюцца яму чамусьці «жывёльнымі».
Тактыка
рэдагавацьАтаман трымаўся тактыкі, якая дазваляла яму пасьпяхова дзейнічаць і пазьбягаць пастак ДПУ. Пры ім звычайна было ня больш як 3—7 чалавек. Але яго невялікая група на сыгнал за адну ноч вырастала ў сотню.
Цікаўкі
рэдагаваць- Яўхім Кроль атрымаў Ордэн Працоўнага Чырвонага сьцяга за ліквідацыю Шаўчэнкі.