Брэйтбарт
Каардынаты: 34°3′52″ пн. ш. 118°28′11″ з. д. / 34.06444° пн. ш. 118.46972° з. д.
«Брэйтбарт»[3] — навіновы вэб-партал ЗША, заснаваны ў 2005 годзе Эндру Брэйтбартам у Лос-Анджэлесе (ЗША)[4].
«Брэйтбарт» | |
Тып | навіновы |
---|---|
Даступныя мовы | ангельская |
Уладальнік | Лоўрэнс Солаў |
Аўтар | Эндру Брэйтбарт |
Пачатак працы | 2005 (19 гадоў таму) |
Камэрцыйны? | так |
Рэгістрацыя | для падпіскі і водгукаў |
Прадукцыя | навіны, рэпартаж, інтэрвію, дакумэнтальны фільм, відэа- і радыёперадача |
Супрацоўнікаў | Аляксандар Марлоў (галоўны рэдактар), Джоэл Полак (старэйшы рэдактар-дарадца)[1] |
Актуальны стан | дзейны |
Рэйтынг Alexa | 47 (2019 год, ЗША)[2] |
Ліцэнзія | уласьніцкая |
breitbart.com |
На 2024 год быў адным зь вядучых навіновых сайтаў ЗША. Меў 2 сядзібы ў ЗША — галаўную ў Лос-Анджэлесе і Вашынгтоне, а таксама ў 2-х краінах Эўропы — Ангельшчыне (Лёндан) і Італіі (Рым), як і ў адной краіне Азіі — Ізраілі (Ерусалім). Выпускаў навіны, рэпартажы і інтэрвію. Ключавымі прынцыпамі працы служылі вольны і адкрыты абмен думкамі, а таксама шматлікасьць меркаваньняў[5]. Меў налады даступнасьці для людзей зь інваліднасьцю па зроку[6]. Прызначаўся для асобаў у веку ад 13 гадоў і меў уласны мабільны дастасунак для смартфонаў пад апэрацыйнымі сыстэмамі «Андроід» і «айОС». Дапускаў стварэньне ўліковых запісаў для падпіскі на рассылку навінаў і падачы водгукаў на артыкулы. Таксама меў уласную інтэрнэт-краму і службу платнай відэападпіскі «Байцоўскі клюб». Галаўная сядзіба месьцілася на захадзе Лос-Анджэлеса ў акрузе Брэнтўуд на паўднёвым праспэкце Бэрынгтана, д. 149[7].
Падпіскі
рэдагавацьНа 2024 год «Брэйтбарт» прапаноўваў падпіску на 5 навіновых бюлетэняў: «Апошнія навіны», «Штодзённы інфабюлетэнь», «Выклад занятасьці», «Натхнёныя навіны» і «Далечыня паніжэньня»[8]. Платная відэападпіска «Байцоўскі клюб» за 5, 8 і 20 даляраў штомесяц прадугледжвала доступ да навіновых відэаперадачаў, ранішніх аўдыёвестак, дасьледчых артыкулаў і дакумэнтальных фільмаў[9].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 2-й палове 2005 году амэрыканскі журналіст Эндру Брэйтбарт (1969—2012), які быў сузаснавальнікам навіновага парталу «Хафінгтан Пост» у Новым Ёрку, запусьціў навіновы агрэгатар «Брэйтбарт» у родным Лос-Анджэлесе (штат Каліфорнія)[4]. Улетку 2007 году яго суўладальнікам стаў доктар права Лоўрэнс Солаў (нар. 1968), які быў сябрам Эндру Брэйтбарта зь дзяцінства[5]. У 2011 годзе мільярдэр Робэрт Мэрсэр (нар. 1946, Сан-Хасэ, штат Каліфорнія), які быў доктарам інфарматыкі і распрацоўнікам статыстычнага машыннага перакладу, уклаў у «Брэйтбарт» 11 млн даляраў. 9 жніўня 2011 году Навіновую сетку «Брэйтбарт» пераўтварылі ў таварыства з абмежаванай адказнасьцю. Па сьмерці Эндру Брэйтбарта 1 сакавіка 2012 году кіраўніком і асноўным уласьнікам прадпрыемства стаў Лоўрэнс Солаў. Асноўнымі прадметамі вяшчаньня былі занятасьць, спорт, забавы, навука, палітыка і здароўе[10].
У 2012—2016 гадох выканаўчым старшынёй «Брэйтбарту» быў кінапрадусар Стывэн Бэнан (нар. 1953, Норфалк, штат Вірджынія), які стаў кіраўніком перадвыбарчага штабу Дональда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША 2016 году і ў студзені 2017 году ўвайшоў у Раду нацыянальнай бясьпекі ЗША ў якасьці галоўнага стратэга прэзыдэнта[11].
У кастрычніку 2016 году «Брэйтбарт» дасягнуў 37 млн наведнікаў і 240 млн праглядаў старонак за месяц[3]. У 2017 годзе партал быў адзначаны за прасоўваньне жанчынаў на кіраўнічыя пасады[5]. На 2018 год «Брэйтбарт» меў уласную радыёперадачу на амэрыканскім радыё «Сырыюс ХМ» (Новы Ёрк) і быў 13-м найбольш чытаным выдаўцом у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук»[4]. На 2019 год меў 25 млн штомесячных наведнікаў і быў 3-м найбольш чытаным навіновым парталам у ЗША. Таксама «Брэйтбарт» вяшчаў 38 гадзінаў штотыдзень праз агульнакраёвае радыё «Сырыюс ХМ» на 125-м канале «Патрыёт». Радыёперадача штодзённых навінаў уваходзіла ў 5-ку найбольш слуханых. У сацыяльнай сетцы «Інстаграм» партал заняў 1-е месца паводле наведвальнасьці сярод палітычных старонак у ЗША, а ў «Фэйсбуку» ўзьняўся на 10-е месца сярод усіх старонак у сьвеце[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Узгалоўе (анг.) // Навіновая сетка «Брэйтбарт», 2024 г. Праверана 16 лістапада 2024 г.
- ^ а б Чым «Брэйтбарт» ёсьць насамрэч (пра нас) (анг.) // Навіновая сетка «Брэйтбарт», лістапад 2019 г. Праверана 16 лістапада 2024 г.
- ^ а б Сямён Цыбульскі. Чарговы амэрыканскі мэдыйны фэномэн — партал, арыентаваны на нацыяналістаў // Партал «Наша ніва», 10 лістапада 2016 г. Праверана 16 лістапада 2024 г.
- ^ а б в Мэдыянабор (анг.) // Навіновая сетка «Брэйтбарт», 1 ліпеня 2018 г. Праверана 16 лістапада 2024 г.
- ^ а б в Зьвесткі пра кіраваньне (анг.) // Навіновая сетка «Брэйтбарт», 2024 г. Праверана 16 лістапада 2024 г.
- ^ Заява пра даступнасьць (анг.) // Навіновая сетка «Брэйтбарт», 2024 г. Праверана 16 лістапада 2024 г.
- ^ Правілы карыстаньня (анг.) // Навіновая сетка «Брэйтбарт», 27 верасьня 2024 г. Праверана 16 лістапада 2024 г.
- ^ Навіновыя бюлетэні (анг.) // Навіновая сетка «Брэйтбарт», 2024 г. Праверана 16 лістапада 2024 г.
- ^ Падпіска на «Байцоўскі клюб» (анг.) // Навіновая сетка «Брэйтбарт», 2024 г. Праверана 16 лістапада 2024 г.
- ^ ТАА «Навіновая сетка "Брэйтбарт"» (анг.) // ТАА «Блумбэрг», 2024 г. Праверана 16 лістапада 2024 г.
- ^ Радыё «Свабода». Трамп уключыў Стывэна Бэнана ў Раду нацыянальнай бясьпекі // Прэс-цэнтар «Хартыі'97», 29 студзеня 2017 г. Праверана 16 лістапада 2024 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Зьвяжыцеся з намі (анг.) // Навіновая сетка «Брэйтбарт», 2024 г. Праверана 16 лістапада 2024 г.
- Інтэрнэт-крама, мабільны дастасунак (анг.)