Беларусы ў Сыднэі
Беларусы ў Сыднэі, паводле агульнай думкі, былі найбуйнейшай беларускай супольнасьцю ў Аўстраліі. Яны тут зьяўляюцца ў сярэдзіне 1948 году. У 1950 годзе беларусы Сыднэю арганізацыйна аформіліся[1].
Пачатак
рэдагавацьЗ самага пачатку былі вызначаныя два накірункі дзейнасьці: наладжваньне беларускага культурнага жыцьця і сацыяльнай дапамогі і стварэньне арганізацыі, якая б бараніла цікавасьці беларусаў[1].
7 студзеня 1950 году быў заснаваны Беларускі Клюб у Сыднэі.
28 студзеня 1950 году было створанае апалітычнае Беларускае Аб’еднаньне ў Новай Паўднёвай Валіі (БАНПВ), якое афіцыйна аформілася на зьездзе 25 сакавіка 1950 году, на якім таксама абралі кіраўніцтва на чале з Уладзімерам Клуніцкім. Арганізацыя задумвалася як агульнааўстралійская, ейная галоўная ўправа знаходзілася ў Сыднэі. У кастрычніку 1950 году яна стала Беларускім Аб’еднаннем ў Аўстраліі (БАА)[1]. У сакавіку выйшаў першы нумар органа Аб’яднаньня «Новае Жыцьцё», які рэдагаваў таксама Уладзімер Клуніцкі[2].
Падзел
рэдагаваць21 студзеня 1951 году на паседжаньні акруговай арганізацыі Беларускага Аб’еднаньня у Аўстраліі ў Сыднэі і ягонай Галоўнай управы Уладзімер Клуніцкі і Пётра Гайдзель пакінулі склад управы, бо, на іх думку, яна набывала БЦРаўскі характар. 25 сакавіка 1951 году група зь 17 былых сяброў Аб’еднаньня праводзіць арганізацыйны сход уласнага Беларускага Аб’еднання у Новай Паўднёвай Валіі, якое згуртавала прыхільнікаў Рады БНР на чале зь Міхасём Лужынскім. У сакавіку 1952 году была спроба правесьці сумеснае сьвяткаваньне і дамовіцца пра агульнае кіраўніцтва арганізацыямі, але сустрэча скончылася канчатковым разрывам паміж арганізацыямі. Такім чынам, у грамадзкім жыцьці адбыўся падзел на прыхільнікаў БЦР і Рады БНР[3].
У першыя гады расколу выходзілі дзьве рэдакцыі раней адзінага «Новага Жыцьця»[4].
Прыхільнікі БЦР
рэдагавацьДа падзелу ў Беларускім Аб’еднаньні ў Аўстраліі на чале зь Міхасём Зуём было 27 сяброў, а ў 1954 годзе — ужо да 62[4]. Прыхільнікі БЦР адрадзілі на новай аснове Беларускі Клюб, які стаў Культурна-Асьветным клюбам, кіраўніком якога стаў галоўны ініцыятар ягонай дзейнасьці Язэп Шкода[4].
У 1955 годзе пры Аб’еднаньні і Клюбе быў створаны беларускі мяшаны хор пад кіраўніцтвам С. Анічкава, расейца з паходжаньня, прафэсійнага хормайстра. Гэты хор выступаў на беларускіх сьвяткаваньнях і на міжнацыянальных дзеях. З ініцыятывы Аб’еднаньня і Клюбу частка сабраных грошай пайшла на запіс і прадукаваньне кружэлак з запісам беларускіх песень у выкананьні хору, аднак якасьць гучаньня аказалася нізкай[4].
У 1950-х пры Аб’еднаньні быў таксама створаны драматычны гурток, які ставіў на сьвяткаваньнях беларускія п’есы ды меў посьпех у гледачоў. Сярэдзіна 1950-х стала вяршыняй клубнай актыўнасьці[4].
У 1957 годзе Беларускі Культурна-Асветны Клюб быў скасаваны, а ягоная маёмасьць перайшла мясцоваму аддзелу Аб’еднаньня[5].
У 1956—1957 гадах прыхільнікі БЦР выдаюць «Новае Жыцьцё» зноў у Сыднэі. Яны таксама спрабавалі выхоўваць моладзь, але істотных посьпехаў у гэтым ня мелі. Не змаглі яны і наладзіць уласнае рэлігійнае жыцьцё. Жаданьне арганізаваць Беларускую Праваслаўную царкву ў юрысдыкцыі Сусьветнага Патрыярхату, як у Саўт-Рывэры, не ўдалося. Ня быў знойдзены свой сьвятар: быў на прыкмеце айцец Жарскі, вядомы Алесю Алехніку («генэральны сакратар» Аб’еднаньня)[4] яшчэ зь Нямеччыны, і Апанас (Мартас), які ў 1950-я жыў у Сыднэі, але адмовіўся[5].
У 1960-я збольшага дзейнасьць Аб’еднаньня ў Аўстраліі была вядомая удзелам у розных нацыянальных, міжнародных і ўрадавых дзеях з мэтай рэпрэзэнтацыі беларусаў[5].
Прыхільнікі Рады БНР
рэдагавацьУ ліпені 1952 году прыхільнікі БНР зь Беларускага Аб’еднання ў Новай Паўднёвай Валіі зарэгістравалі першы прыход БАПЦ у Сыднэі, дзе праводзіліся набажэнствы, чаму спрыяў архіяпіскап Сяргей. У першай палове 1950-х гадоў сьвяткаваньні прыхільнікаў Рады БНР суправаджаліся малебнамі або літургіямі ў выкананьні айца Ўладзімера (Зялінскага), часам разам з протаярэем Анатолем (Кунцэвічам). Рэлігійныя практыкі БАПЦ праходзілі ў арандаваных памяшканьнях. У 1957 годзе архіяпіскам Сяргей пераехаў у Пэрт, дзе павінная была быць пабудаваная беларуская царква. Зь ягоным ад’ездам дзейнасьць БАПЦ у Сыднэі заняпала, а вернікі пачалі хадзіць да расейскіх або ўкраінскіх парахвіяў[6].
Злучэньне
рэдагавацьЗ другой паловы 1950-х гадоў Аб’еднаньне ў Аўстраліі і Аб’еднанне ў Новай Паўднёвай Валіі адчувалі адцёк сяброў[6]. Да канца 1960-х гадоў стала відавочна, што суполкам Сыднею трэба аб’ядноўвацца, каб захаваць жыцьцяздольнасць тутэйшае беларускае грамады.
У траўні 1969 году быў арганізаваны агульны сход беларусаў Сыднэю. На сход прыйшло 47 чалавек, якія пастанавілі супольна разьвязаваць як мага хутчэй справу беларускага дома. Быў створаны адмысловы Камітэт на чале зь Міколам Антухом. 25 траўня 1969 году на першай нарадзе Камітэту, акрамя выбараў управы, была агалошая ідэя стварэньня адмысловага Беларускага Культурна-Грамадзкага Клюбу ў якасьці агульнай беларускай арганізацыі. З гэтага часу падзел на прыхільнікаў Рады БНР і БЦР скончыўся[6]. Дзейнасьць Аб’еднаньня ў Аўстраліі і Аб’еднаньня ў Новай Паўднёвай Валіі фармальна хоць і працягвалася, але ўжо занепадала[7].
14 сьнежня 1973 года Беларускі Культурна-Грамадзкі Клюб афіцыйна быў зарэгістраваны. Таксама ў выніку зьбіраньня сродкаў і дзякуючы грошам, якія па сабе пакінуў Адам Чурыла, памерлы ў 1972 годзе, было набытае сваё памяшканьне. Былі ідэі зрабіць маёмасьць Клюбу прыбытковай, але яны рэалізаваныя не былі. Паводле Міхася Лужынскага, найбольшы лік удзельнікаў Клюбу — 198 чалавек[7].
Пры клюбе быў створаны Жаночы Камітэт, які адказваў за арганізацыю беларускіх дзеяў. З гэтага часу сталі традыцыйнымі беларускія балі[8].
У 1976 годзе была зарганізаваная беларуская сэкцыя радыё, якое стала аб’яднаўчым чыньнікам у Сыднэі[8].
У 1977 годзе ў Файрфілдзе быў усталяваны помнік эмігрантам, дзе можна пабачыць бел-чырвона-белым сьцяг з Пагоняй і надпісам «Беларусь»[9].
З канца 1970-я гады тутэйшыя беларусы таксама падтрымлівалі ініцыятыву правядзеньня Сустрэчаў Беларусаў Аўстраліі, якія праходзілі ў Сыднэі[8].
Сучаснасьць
рэдагавацьУ 1990-х гадах беларуская грамада ў Сыднэі адчувае крызу: лік удзельнікаў зьмяншаецца, моладзь не цікавіцца дзейнасьцю Клюбу, а эмігранты з БССР (з рэдкім выняткам) не разумеюць ягоных мэтаў[8].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 55.
- ^ Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 56.
- ^ Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 58.
- ^ а б в г д е Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 59.
- ^ а б в Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 60.
- ^ а б в Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 61.
- ^ а б Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 62.
- ^ а б в г Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 63.
- ^ Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 64.
Літаратура
рэдагаваць- Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі: да гісторыі дыяспары. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2004. — 448 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны). — ISBN 985-6730-79-1