Беларускі камітэт (Польшча)
Беларускі камітэт у Польшчы, Камітэт беларускі — арганізацыя, створаная для грамадзкай апекі над беларусамі ў Польшчы ў гады Другое сусьветнае вайны.
Беларускі камітэт быў створаны ў пачатку 1940 году ў Варшаве з дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў як Беларускі саюз самапомачы (старшыня Фабіян Акінчыц), зь лета 1940 — Беларускі камітэт (старшыня Мікола Шчорс). БК меў прадстаўніцтвы ў Кракаве і Белай, гурткі на Падляшшы.
Сябрамі камітэту былі даваенныя жыхары Варшавы, уцекачы з паўночна-ўсходніх ваяводзтваў Польшчы, якія не пажадалі заставацца на занятай у верасьні 1939 савецкімі войскамі тэрыторыі, а таксама вызваленыя зь нямецкага палону ваеннаслужачыя польскай арміі беларускай нацыянальнасьці.
У сакавіку 1942 камітэт аб’ядноўваў каля 6 тыс. чалавек, займаўся зборам і разьмеркаваньнем сярод сваіх членаў адзеньня, прадуктаў харчаваньня, картак на набыцьцё прамысловых тавараў, аказаньнем юрыдычнай, мэдыцынскай і грашовай дапамогі, працавала камітэцкая сталоўка. З мэтай пашырэньня нацыянальнай адукацыі арганізоўваліся лекцыі, дыскусыйныя вечары, курсы беларусазнаўства, на якіх з дакладамі выступалі Ян Станкевіч, Мікола Шчорс, Вінцэнт Гадлеўскі, Пётар Татарыновіч, Чэслаў Ханяўка і інш. Дзейнічалі беларуская бібліятэка, хор, аркестар, драматычная сэкцыя, праводзіліся канцэрты. Намаганьнямі Беларускага камітэту ў Варшаве створана беларуская пачатковая школа з інтэрнатам (працавала ў 1942-44), летам 1943 арганізаваны лягер для вучняў.
Камітэт садзейнічаў стварэньню ў Варшаве беларускай праваслаўнай і каталіцкай парафіяў, царкоўнага брацтва імя сьв. Юрыя, якое актыўна разьвівала выдавецкую дзейнасьць. У рамках камітэту працавалі праваслаўныя царкоўныя камісіі, якія займаліся лінгвістычнай уніфікацыяй беларускамоўных тэкстаў праваслаўных і каталіцкіх малітваў, правапісу імёнаў.
Кіраўніцтва камітэту імкнулася да аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці, аднак у поглядах на тактыку рэалізацыі гэтай палітычнай мэты аднадушша не было. Адны выступалі за супрацоўніцтва зь Нямеччынай, іншыя арыентаваліся на польскае падпольле і заходнія краіны, частка супрацоўнічала з камуністычным падпольлем.
Дзейнасьць камітэту фактычна спынілася 1 жніўня 1944 з пачаткам Варшаўскага паўстаньня. Управа камітэту была перанесеная ў Кракаў і намінальна існавала да ўваходу ў места савецкіх войскаў у студзені 1945.
Літаратура
рэдагаваць- Туронак Ю. Беларускі камітэт // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2.
- Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй: Пер. з пол.. — Мн.: 1993.
- Туронак Ю. Школа на Свентаерскай вуліцы // Беларускі каляндар. — 1978.