Беларуская рэгіянальная арганізацыя РНА

Беларуская рэгіянальная арганізацыя «РНА» — аддзяленьне нацыстоўскага руху «Расейскае нацыянальнае адзінства» (Санкт-Пецярбург, Расея) ў Беларусі, заснаванае ў 1994 годзе ў Менску. Дзейнічае безь дзяржаўнай рэгістрацыі.

Беларуская рэгіянальная арганізацыя «РНА»
рас. Белорусская региональная организация «РНЕ»
Лідэр партыі Андрэй Саковіч
Заснавальнік Андрэй Вавулін
Дата заснаваньня 1994
Штаб-кватэра Менск
Саюзьнікі і блёкі «Расейскае нацыянальнае адзінства» (Санкт-Пецярбург)
Ідэалёгія нацызм
Колькасьць 20 (2007 г.)[1]
Афіцыйны сайт rne-belarus.org

Беларускае аддзяленьне РНА стаіць на пазыцыях культурна-моўнага расейскага нацызму.

Гісторыя

рэдагаваць

16 кастрычніка 1990 году былы электрасьлесар Аляксандар Баркашоў стварыў у Маскве рух «Расейскае нацыянальнае адзінства» («РНА»). У 1993 г. прадстаўнікі «РНА» ўпершыню прыехалі ў Менск на канцэрт расейскага барда Булата Акуджавы (1924—1997), дзе пазьней прыцягнулі юнакоў да раздачы сваёй прапагандысцкай літаратуры каля будынка Беларускай дзяржаўнай філярмоніі (раён плошчы Якуба Коласа)[2].

Так званае «Беларускае аддзяленьне» зьявілася ў 1994 годзе. У верасьні 1994 г. расейскамоўная газэта «Мужчынскі клюб» выдала інтэрвію з кіраўніком аддзяленьня «РНА» ў Беларусі Андрэем Вавуліным. 17 лістапада 1995 г. менскі гарадзкі клюб «Колаварот», які быў суполкай «РНА», атрымаў улік ва ўправе юстыцыі Менскага гарвыканкаму і меў у якасьці задачаў «паляпшэньне маральнага клімату гораду, умацаваньне сацыяльнай абароненасьці грамадзянаў». На люты 1999 г. суполкі «РНА» існавалі ў 11 гарадах Беларусі[2].

10 траўня 1999 году беларускія баркашоўцы падалі дакумэнты на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, але дагэтуль ім у гэтым адмаўляюць. Заснавальнікам «беларускага райху» быў Глеб Самойлаў, якому ў той час было 18 гадоў. 5 жніўня 2000 году ён быў забіты ў сваім пад’езьдзе трыма нажавымі ўдарамі ў грудзі. Забойца пакуль ня знойдзены. Сьледзтва падазрае, што заказчыкам гэтага злачынства мог быць Валер Ігнатовіч — былы паплечнік Самойлава.

Афіцыйна з 11 лістапада 2001 году арганізацыю ўзначаліў выхадзец з Горадні Андрэй Саковіч, якому ў той час было 28 гадоў.

Найбольш актыўна РНА дзейнічае на ўсходзе Беларусі. Улетку 2007 году кіраўніца Віцебскага лялечнага тэатру Вікторыя Дашкевіч атрымоўвала лісты з подпісам РНА — з патрабаваньнем перавесьці рэпэртуар на расейскую мову. Дашкевіч накіравала ў сувязі зь лістом скаргу ў праваахоўныя органы, аднак улады адмовіліся распачаць крымінальную справу. Ліставаныя пагрозы ад РНА атрымлівалі й журналісты газэты «Витебский куръер».

Надпісы «РНА» часта зьяўляюцца ў Курапатах — імі суправаджаліся акты пашкоджаньня мэмарыяльнага ўшанавальнага знаку і лавы Клінтана. Фашыстоўскую свастыку з пазнакай «РНА» часта можна ўбачыць і на габрэйскіх могілках, на помніках ахвярам Галакосту.

У чэрвені 2007 году кіраўніца Віцебскага аддзяленьня АГП атрымала ліст ад РНА з пагрозай асабістай расправы, калі яна ня спыніць сваю апазыцыйную дзейнасьць. 16 жніўня 2007 актывісты апазыцыйнай Партыі БНФ знайшлі пры ўваходзе ў сядзібу партыі макет выбуховай прылады з эмблемай РНА, якая нагадвае свастыку, і з пачкам улётак РНА. РНА заявіла, што не падкладала макет прылады[3].

Вядомы толькі адзін выпадак, калі актывіст РНА трапіў пад суд: у Гомлі 6 месяцаў зьняволеньня атрымаў нехта Якаўчук, пакараны за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Назіральнікі адзначаюць, што пасьля сьмерці ў 2000 годзе тагачаснага лідэра беларускай філіі РНА Самойлава, арганізацыя заняпала. Паводле незалежных крыніц, цяпер у РНА ўсяго некалькі дзясяткаў актывістаў[1].

  1. ^ а б Алег Грузьдзіловіч. Расейскі фашызм у Беларусі // Радыё «Свабода», 17 жніўня 2007 г. Праверана 6 сакавіка 2017 г.
  2. ^ а б Раман Фадзееў. У неафашызму і нацызму адзін твар // Зьвязда : газэта. — 13 лютага 1999. — № 18 (23619). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў пра дыскрымінацыю беларускай мовы ў Беларусі // Радыё «Свабода», 6 сакавіка 2007 г. Праверана 6 сакавіка 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць