Беларуская зарніца (1928)

заходнебеларускі часопіс

«Беларуская зарніца» — царкоўна-грамадзкі часопіс. Выдаваўся 1 верасьня 1928—1 траўня 1929 у Вільні на беларускай мове раз у 2 тыдні. Рэдактар-выдавец Аляксандар Коўш.

Беларуская зарніца
Тэматыка царкоўна-грамадзкі часопіс
Краіна Сьцяг Польшчы Польшча
Выдавец Аляксандар Коўш
Галоўны рэдактар Сьцяг Беларусі Аляксандар Коўш
Дата заснаваньня 1928
Мова Беларуская

Ставіў сабе за мэту пераадолець пашыранае за 2 апошнія стагодзьдзі адчужэньне праваслаўнай царквы на Беларусі ад нацыянальна-вызваленчых імкненьняў беларускага народу, яго адраджэньне. Праблемы праваслаўнай царквы, хрысьціянскага веравучэньня асэнсоўваў у грамадзкім, гістарычным і агульна-хрысьціянскім аспэктах (арт. «Беларусізацыя праваслаўнай царквы» Вукалы, «Нацыянальны элемэнт у хрысьціянстве» Латоцкага, «Прычыны падзелу царквы і варункі магчымага злучэньня» пад псеўд. Алі, «Царства божае і царства Кесарава» Мікалай Бярдзяеў, «Сусьветная ахвяра» пад крыптанімам «А. К.», «Палажэньне і абавязак вучыцеля веры», «Задачы царквы» і інш.).

Шмат увагі аддаваў тагачаснаму стану хрысьціянства, адносінам паміж царквой і дзяржавай, духавенствам і прыхаджанамі (арт. «Царква і дзяржава» і «Думкі проціў нябеснага бязвер'я» пад псеўд, Алі, «Аб «крызысе» хрысьціянства» Чарняўскага, «Будучае змаганьне хрысьціянства з марксізмам» Г. Папандапулы), асьвятляў бягучыя пытаньні жыцьця праваслаўнай царквы ў Польшчы (арт. «Мітрапалітальная рада» пад крыптанімам «А. С», «Віленскі эпархіяльны склад» пад крыптанімам «А. К.», «Стан законавучыцельскае справы ў Віленскай эпархіі ў 1928 г.», «Балючая справа»). Пісаў пра рэлігійнае выхаваньне моладзі, заснаваньне катэдры беларусазнаўства на багаслоўскім факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту, правы беларускай праваслаўнай абшчыны на Пятніцкую царкву ў Вільні і інш.

3 мэтай разьвіцьця нацыянальнай самасьвядомасьці, пашырэньня асьветы сярод веруючых друкаваў матэрыялы пра пачатак хрысіціянства на Беларусі, царкоўныя брацтвы, Статут ВКЛ 1588, Берасьцейскую царкоўную унію 1596, зьмясьціў артыкулы пра Маламажэйкаўскую і Пятніцкую цэрквы, ліст канцлера ВКЛ Сапегі да полацкага архіэпіскапа І. Кунцэвіча, прамову мітрапаліта Каніскага пра стан веры на Беларусі. Асьвятляў пытаньні каапэрацыі (арт. «Маральныя падставы каапэрацыі» Вукалы, «Значэньне каапэрацыі ў жыцьці грамадзтва»), беларускай асьветы (публікацыі пра Віленскую беларускую гімназію, Таварыства беларускай школы), інфармаваў пра суд над беларускімі палітычнымі партыямі і арганізацыямі, у т. л. над Беларускай сялянска-работніцкай грамадой, і інш. На старонках часопіса зьмешчаны «Беларускі рэлігійны гімн», эцюд «3 гісторыі беларускай культуры», збвесткі пра беларусаў і інш. народы-насельнікі Беларусі, творы Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, Буйло. Рабіў агляды прэсы, вёў палеміку з расейскім эмігранцкім, польскім пэрыядычным і беларускім хадэцкім друкам. Меў пастаянныя рубрыкі «Хроніка», «Школьныя справы», «Гаспадарчыя парады».

Выйшла 13 нумароў.

Літаратура

рэдагаваць