Бацьвіньнік

халодны суп, прыгатаваны з бурачнага бацьвіньня

Бацьвіньнік — халодны суп, прыгатаваны з бурачнага бацьвіньня.

Бацьвіньнік
Іншыя назвыбацьвіньне, лапеня
Тыпсуп
Нацыянальная страваславянская
РэгіёнЭўропа
Час прыгатаваньня30 хвілінаў
Асноўны складнікбацьвіньне
Распаўсюджаныя складнікібульба, буракі, цыбуля рэпчатая, морква, тамат, агурок

Можа гатавацца на вадзе, квасе або кіслай заквасцы[1]. Страва вядомая па ўсёй Беларусі[2].

Складнікі

рэдагаваць

Для прыгатаваньня выкарыстоўваюць маладыя буракі з бацьвіньнем (1—2), бульбу (3), рэпчатую цыбулю (1), моркву, таматы (2—4), агуркі (2—3) і зеляніну. Пры гатаваньні на квасе (3 літры) выкарыстоўваюць бацьвіньне (1 пучок) без буракоў, сьвежыя агуркі (4—6), зялёную цыбулю і кроп. Таксама бывае бацьвіньнік з рыбай, у якім выкарыстоўваюць: шпінат і шчаўе — па 250 грамаў, хлебны квас — 1 літар, сьвежыя агуркі — 2, адварную рыбу — 250 грамаў, лімонную цэдру — 1 чайная лыжка, зялёную цыбулю — 75 грамаў, корань хрэна — 50 грамаў і кроп[1].

Прыгатаваньне

рэдагаваць

Буракі падзяляюць на 3 часткі: карняплод, хвосьцікі і лісьце. Карняплод, моркву, бульбу і цыбулю чысьцяць і наразаюць саломкай. Хвосьцікі і лісьце (бацьвіньне) — малымі кавалкамі па 2 см. Ваду ў рондалі даводзяць да закіпаньня, пасьля чаго дадаюць бульбу. Праз 5 хвілінаў у рондаль дадаюць хвосьцікі буракоў (бацьвіньне). Адначасна ў патэльні на алеі тушаць цыбулю, моркву і буракі да мяккасьці. Тады ў патэльню дадаюць нарэзаныя кубікамі таматы і агуркі. Праз 5—10 хвілінаў тушаную гародніну кладуць у рондаль, куды таксама дадаюць лісьце буракоў (бацьвіньне) і вараць да гатоўнасьці. Такі бацьвіньнік можна падаваць у астуджаным або цёплым выглядзе. Таксама ў яго можна дадаць зеляніну і адварное яйка[1].

У выпадку гатаваньня на квасе бацьвіньне спачатку адварваюць у вадзе цягам 15 хвілінаў. Затым ваду зьліваюць, бацьвіньне астуджаюць і наразаюць дробнымі кавалкамі. Нарэзаныя дробнымі кубікамі агуркі зьмешваюць з бацьвіньнем і апускаюць у квас, куды дадаюць зеляніну. Такую страву падаюць да стала астуджанай[1].

Пры гатаваньні бацьвіньніка з рыбай шчаўе і шпінат добра прамываюць, прыпускаюць у гарачай вадзе і прапускаюць празь сіта. Атрыманую зялёную масу астуджаюць, пасьля чаго ў яе дадаюць лімонную цэдру і квас, нарэзаныя кубікамі агуркі, зялёную цыбулю і кроп. Пасьля гэтага бацьвіньнік падаюць разам з адварной рыбай (акунь, ласось, сёмга, омуль і нельма) і коранем хрэна[1].

  1. ^ а б в г д Ганна Каляда. Бацьвіньне: царская страва ў сялянскім выкананьні // Партал «Здаровыя людзі», 14 ліпеня 2018 г. Праверана 18 ліпеня 2018 г.
  2. ^ Бацьвіньне // Этнаграфія Беларусі: энцыкляпэдыя / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя, 1989. — С. 54. — 575 с. — 20 000 ас. — ISBN 5-85700-014-9