Бажэнішкі ўрвіч
Фартэцыя | |
Бажэнішкі Ўрвіч
Боженишки Урвич | |
Краіна | Баўгарыя |
Месцазнаходжаньне | Божаніца[d] |
Каардынаты | 42°59′44″ пн. ш. 23°49′26″ у. д. / 42.99556° пн. ш. 23.82389° у. д.Каардынаты: 42°59′44″ пн. ш. 23°49′26″ у. д. / 42.99556° пн. ш. 23.82389° у. д. |
Статус | культурны помнік[d] |
Бажэнішкі Ўрвіч | |
Бажэнішкі Ўрвіч на Вікісховішчы |
Бажэнішкі ўрвіч (у перакладзе з баўгарскай — Бажэніцкая фартэцыя) — разбураная сярэднявечная каменная фартэцыя ў Сафійскай вобласьці Баўгарыі, археалягічны помнік са статусам аб’екту нацыянальнага значэньня[1]. Археалягічнае дасьледваньне фартэцыі пачалося ў 1918 годзе, калі на скале пад каранямі паваленага пасьля буры векавога дрэва выявілі сярэднявечны надпіс.
Месцазнаходжаньне
рэдагавацьФартэцыя разьмешчана на паўночным схіле хрыбта Лакавіца на вышыні 750 м над узроўнем мора, за тры кілямэтры на поўдзень ад вёскі Бажэніца і за дваццаць кілямэтраў ад Боцеўграду ў Сафійскай вобласьці. Асфальтаваная муніцыпальная дарога ля падножжа фартэцыі пракладзена да базы адпачынку «Урвіч», адтуль да фартэцыі вядзе разьмечаная сьцежка. Пешы шлях ад базы да археалягічнага помніку займае каля дваццаці хвілінаў.
Гісторыя
рэдагавацьАрхеалягічныя дасьледаваньні, праведзеныя ў 1972 годзе, паказалі, што гэтая тэрыторыя была заселеная яшчэ ў дагістарычную эпоху. Першыя фартыфікацыйныя збудаваньні датуюцца V—VI стагодзьдзем і зьяўляюцца часткай раньнебізантыйскай абарончай сыстэмы. Фартэцыя дасягнула росквіту ў ХІІІ-ХІV стагодзьдзях, калі быў пабудаваны вонкавы мур, які перагароджваў адзіны падыход да збудаваньня з паўночнага боку. У канцы XIV стагодзьдзя тут знаходзілася штаб-кватэра баярына Агнена (Агняна) — кефала часоў праўленьня цара Івана Шышмана.
Бажэніцкі надпіс
рэдагавацьАб існаваньні фартэцыі навукоўцы даведаліся зімой 1918—1919 году, калі пад каранямі векавога явара ў мясцовасьці Градзішчэта выявілі ўнікальны сярэднявечны пісьмовы помнік са словамі Сафійскага кіраўніка севаста Агняна. Артэфакт выявіў бажэніцкі пастух Недзялка Ўменкоўскі, акадэмік Пётар Мутафчыеў прачытаў і інтэрпрэтаваў бажэніцкі надпіс[2]. Вучоны заўважыў, што разьбяр, які выконваў надпіс, «не паклапаціўся папярэдніх разьлікаў памеру паверхні, на якой працаваў. Ён пачаў з буйных літараў, але, бачачы, што наяўнага месца недастаткова, паменшыў велічыню літараў і павялічыў, дзе было магчыма, даўжыню радкоў...» Мутафчыеў прачытаў надпіс так:
Аз Драгомир писах. Аз, севаст Огнян, бях при цар Шишман кефалия и много зло патих. В това време турците воюваха. Аз поддържах вярата на Шишмана царя. (Я, Драгамір, пісаў. Я, севаст Агнян быў кефалам у цара Шышмана і моцна пакутваў. У той час ваявалі туркі. Я падтрымліваў веру цара Шышмана.) | ||
Па сьцьвярджэньнях дасьледнікаў, бажэніцкі надпіс унікальны ў сваім родзе, мае гістарычнае і філялягічнае значэньне.
Археалёгія
рэдагавацьУ 1966 годзе сярэднявечная фартэцыя была аб’яўлена аб’ектам нацыянальнага значэньня[3]. У 1971 годзе сябры экспэдыцыі, названай «Севаст», пачалі першыя раскопкі. У складзе экспэдыцыі пад кіраўніцтвам Паўла Дзішава працаваў Васіл Дзімітраў, рэдактар газэты «Ботевградски пламък» Мітрафан Велеві, архітэктар Ярдан Ярданаў. Першымі знойдзенымі прадметамі былі кераміка і раньнебізантыйскія манэты эпохі Юстына I (518-527) і Юстыніяна I (527-565), якія сьведчаць, што ў гэты пэрыяд, верагодна, была пабудавана фартэцыя. Камандзе спатрэбіліся восем гадоў, каб цалкам раскрыць фартэцыю, а затым намаганьні былі накіраваны на кансэрвацыю і рэстаўрацыю помніку. Пры раскопках выяўлены тры абарончыя паясы, два зь якіх былі пабудаваныя ў канцы V стагодзьдзя і ў пачатку VI стагодзьдзя, а адзін — у XIV стагодзьдзі, у часы Івана Шышмана. Унутраны мур мае даўжыню 200 мэтраў і шырыню ў асобных месцах да 2,70 мэтраў. Зьнешні мур вышынёй 4-6 м мае чатыры контрфорсы. Плошча цытадэлі 80 м2, а плошча ўсёй фартэцыі складае 1600 м2. Уражваюць водная цыстэрна глыбінёй 10 м з узроўнем вады 4 м, а таксама паракліс, выдзеўбаны ў скале фартэцыі.
Ля варотаў на глыбіні 0,2-1,5 м, быў адкрыты скарб, які складаецца з 1327 срэбраных грошаў і паўгрошаў з абліччам цара Івана Аляксандра, але перамечаных імем яго пераемніка, цара Івана Шышмана і з выявай Багародзіцы зь дзіцяткам Хрыстом на аверсе. Па словах Хрысто Матанава манэты з гэтага скарбу абрэзаны па баках для эканоміі каштоўнага мэталу, што паказвае на інфляцыю і цяжкі стан дзяржаўных фінансаў у сувязі з ваеннымі дзеяньнямі[4].
З паўднёва-заходняй кутняй вежы ажыцьцяўлялася назіраньне за навакольнымі абарончымі збудаваньнямі Паніца Кале ў сучасным сяле Ліпніца, Вылчыград у Літакова, Чэшкаўград ва Врачэскім манастыры і Бадзілаўград перад горным праходам Віціня. Вежа мела сакрэтны выхад даўжынёй 7,40 м і сховішча на восем чалавек, у цяперашні час яны запоўненыя зямлёй. У паўночна-ўсходняй частцы фартэцыі былі выяўленыя вежа, скальнае жытло і скальная царква з разбураным скальным абразом Сьвятога Георгія. Адкрыты і некропаль з 48 магіламі і манастырскі комплекс пад фартэцыяй. Выяўленыя каля муроў сотні наканечнікаў стрэлаў і коп’яў, каменныя баявыя шары і шкілеты байцоў пацьвярджаюць паданьне пра бітву севаста Агняна з туркамі ў 1395 годзе. На думку Дзішава, магіла Агняна знаходзіцца ў скальным масіве перад Вайводавым каменем, галоўным наглядальным пунктам фартэцыі[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Крепостта Боженишки Урвич (баўг.)(балг.) (17 жніўня 2017).
- ^ Павел Дишев посвещава 30 години на крепостта „Боженишки Урвич” (баўг.)(балг.) (19 мая 2012).
- ^ Среща-разговор с Павел Дишев по случай Деня на музея (баўг.)(балг.) (18 мая 2012).
- ^ Христо Матанов, Залезът на средновековна България, С., изд. Изток-Запад, 2016 2016.
- ^ Павел Дишев-основател на експедицията на "Боженишки Урвич" (баўг.)(балг.) (18 мая 2012).