Альгерд Е321

беларускі нізкападлогавы электробус
(Перанакіравана з «БКМ Е321»)

«Альгерд Е321» — беларускі нізкападлогавы электробус, які «Белкамунмаш» пачаў вырабляць у 2019 годзе.

«Альгерд Е321»
Агульныя зьвесткі
Вытворца«Белкамунмаш»
Іншыя назвы «Е321», «БКМ Е321»
Гады вытворчасьці Ад 2019-га
Месца вытворчасьці Менск (Беларусь)
Зьнешні выгляд
Кляса аўтобус
Кузаў апорны, 3-дзьверны
Кампанаваньне вагоннае, заднерухавіковае
Плятформа «Альгерд»
Колькасьць дзьвярэй
Сілавы блёк
Электрарухавік асынхронны 3-фазны: 380 вольт
Ёмістасьць 34 / 167 кіляват-гадзіна
Выходная магутнасьць 180 кіляват
Трансьмісія мэханічная
Электраакумулятар супэркандэнсатар / літ-іённая батарэя
Запас акумулятару 30 / 200 км
Тып зарадкі пантограф (8 / 25 хв.) / разэтка (6 гадз.)
Прывад задні (4х2)
Габарыты
Колавая база 631,5 см
Даўжыня 1250 см
Шырыня 255 см
Вышыня 328 см
Клірэнс 34 см
Маса 12 080 кг
Поўная маса 18 000 кг
Максымальная хуткасьць 60 км/гадзіна
Гісторыя
Папярэднік «АКСМ-321»
Падобныя «Альгерд Е390»

Кузаў выраблялі з канструкцыйнай або нержавейнай сталі. У прывадзе выкарыстоўвалі асобна ўсталяваны цягавы электрарухавік або электрапартальныя масты. Салён зьмяшчаў 30 месцаў для сядзеньня і 2 месцы для калясак. Без задняга адсека мог зьмяшчаць 35 сядзеньняў[1].

Мінуўшчына

рэдагаваць

15 траўня 2018 году «Белкамунмаш» заключыў угоду на пастаўку «Менсктрансу» 60 электробусаў да траўня 2019 году, сярод якіх было 32 электробусы «Е321» вялікай зьмяшчальнасьці[2]. 29 студзеня 2019 году «Белкамунмаш» прадставіў электробус «Е321» на аснове кузава найбольш масавага тралейбуса «АКСМ-321». «Е321» меў супэркандэнсатар, які падсілкоўвалі з дапамогай высоўнага пантографа ад зараднай станцыі на канцавых прыпынках. Звонку электробус меў фальшбарты па пэрымэтры даху. У салёне сядзеньні былі як у электробуса «Вітаўт Макс Электра». У сьценку электрашафы ззаду кабіны кіроўцы ўбудавалі манітор для вываду зьвестак пра маршрут. Салён зьмяшчаў 83 месцы, у тым ліку 26 сядзячых, 56 стаячых і месца для інваліднай каляскі. «Е321» важыў 12,7 тоны. Супэркандэнсатар дазваляў праехаць 30 км на адным зарадзе. Зарадка займала да 8 хвілінаў[3].

15 сакавіка 2019 году «Белкамунмаш» паставіў «Менсктрансу» першы з 32-х электробусаў «Е321» вагой 12,3 тоны[4][5]. Да чэрвеня паставілі ўсе 32 электробусы. 4 кастрычніка 2019 году на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў Жытоміры прадставілі «Е321» зь лягчэйшым кузавам на 105 пасажыраў, у тым ліку з 30 месцамі для сядзеньня. Тым часам, на заводзе ўжо зьбіралі прызначаны для начной зарадкі «Е321» зь літ-іённай батарэяй на 200 км язды[6]. У студзені 2021 году «Менсктранс» папоўніў аўтапарк яшчэ 7-ю электробусамі «Е321»[7]. За 2021 год даставілі 11 такіх электробусаў з запасам ходу на 50 км[8]. Расцэнка за 1 км прабегу электробуса «Е321» у Транспартным парку № 1 «Менсктрансу» складала 35 капеек (11 цэнтаў), а за 1 гадзіну зь кіроўцам 44,63 рублі (13,95 даляраў)[9].

 
2020 год

28—30 ліпеня 2022 году электробус упершыню прадставілі ў Расеі на «Беларускай выставе» ў Грозным (Чачня)[10]. 18—20 траўня 2023 году «Е321» паказалі ў Казахстане на выставе «Аўтобусны сьвет Сярэдняй Азіі» ў Астане[11]. 25—27 верасьня «Альгерд Е321» паўторна прадставілі ў Астане на Міжнароднай прамысловай выставе «Іншапрам Казахстану», дзе ў электробусе адзначылі 80 % вузлоў мясцовай вытворчасьці[12]. Пры гэтым уся электроніка была беларускай вытворчасьці[13]. «Белкамунмаш» сам вырабляў вузлы кіраваньня, пантограф, гідрастанцыю, ператваральнікі, цягавы прывад і батарэю. Зарадка накапляльніка ад 20 да 90 % пры току на 450 ампэр займала да 25 хвілінаў. Сярод 86 месцаў 30 былі сядзячымі. Зімовы прабег на адным зарадзе складаў 70 км. Поўная вага дасягала 18 тонаў пры даўжыні 12,5 м. Электробус абсталявалі прыладамі нагляду за ціскам у шынах і ўліку пасажыраплыні, відэаназіраньня і навігацыі, а таксама мультымэдыйнай і супрацьблякавальнай сыстэмамі. Таксама пасажырам надалі доступ да Сеціва праз Вай-фай і зарадку смартфонаў праз унівэрсальную пасьлядоўную шыну (УПШ)[14].

27 сакавіка 2024 году ў Шклоўскую філію «Магілёўаблаўтатрансу» даставілі 15 электробусаў «Альгерд Е321», якімі замянілі ўвесь пасажырскі грамадзкі транспарт на дызэльным ходзе ў горадзе. У выніку Шклоў стаў першым горадам у Беларусі, які цалкам перайшоў на грамадзкі электратранспарт. Кожны электробус мог перавозіць да 67 чалавек, у тым ліку 31 седзячы. У салёне было 2 месцы для каляскі і кнопка выкліку кіроўцы. Запас ходу ад адной зарадкі складаў 200 км. Пры гэтым зь Менску ў Шклоў на адлегласьць 220 км электробусы даставілі сваім ходам у ашчадным рэжыме за 50 % зараду батарэі. Электробусы прызначаліся для 3-х гарадзкіх і 19 прыгарадных маршрутаў у Шклоўскім раёне[15]. Маршрутапаказальнікі мелі падагрэў зоны шкла. Згодна з Пастановай Ўраду Беларусі 2023 году № 505, для абслугоўваньня электробусаў у раёне ўсталявалі зарадныя станцыі сумарнай магутнасьцю 1400 кіляват[16]. Поўны зарад батарэі займаў да 6 гадзінаў. 15 траўня кіраўнік «Белкамунмашу» Тарас Мурог адзначыў, што праект пераводу Шклова на электратранспарт каштаваў 23 млн беларускіх рублёў (7,2 млн даляраў)[17].

  1. ^ Электробусы сэрыі «Альгерд» // УП «Белкамунмаш», 2024 г. Праверана 1 чэрвеня 2024 г.
  2. ^ БелТА. Для Менска закупяць электробусы з новым дызайнам // Газэта «Наша ніва», 22 траўня 2018 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  3. ^ Сяргей Грышчанка, газэта «Аўтабізнэс». У Менску зьявіўся новы электробус // Партал «Наша ніва», 30 студзеня 2019 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  4. ^ Пастаўка электрабусаў для Менска // УП «Белкамунмаш», 26 сакавіка 2019 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  5. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Першы электробус мадэлі «Е-321» папоўніў аўтапарк Менска // Белтэлерадыёкампанія, 26 сакавіка 2019 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  6. ^ Сяргей Грышчанка, «Аўтабізнэс». «Белкамунмаш» упершыню паказаў яшчэ адзін электробус для Эўропы — абсалютна новы «E321» // Партал «Наша ніва», 9 кастрычніка 2019 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  7. ^ БелТА. «Менсктранс» у першай палове 2021 года папоўніць парк на 150 тралейбусаў і 280 аўтобусаў // Партал «Наша ніва», 9 лютага 2021 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  8. ^ Гісторыя транспарту // УП «Менсктранс», 2024 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  9. ^ Філія «Транспартны парк № 1» // УП «Менсктранс», 2024 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  10. ^ Сяргей Куркач. У сталіцы Чачні праходзіць выстава беларускіх тавараў «Беларусь Экспа» // Газэта «Зьвязда», 29 ліпеня 2022 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  11. ^ Холдынг «БКМ» узяў удзел у выставе «Аўтобусны сьвет Сярэдняй Азіі-2023» // УП «Белкамунмаш», 22 траўня 2023 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  12. ^ Холдынг «БКМ» узяў удзел у выставе «Іншапрам. Казахстан» у Астане // УП «Белкамунмаш», 27 верасьня 2023 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  13. ^ Валерыя Сьцяцко. «У беларускім аўтамабілі павінна быць як мага больш беларускага» // Зьвязда : газэта. — 20 студзеня 2024. — № 14 (30148). — С. 1, 2, 3. — ISSN 1990-763x.
  14. ^ Прэзыдэнту Беларусі паказалі «эўразійскі электробус» вытворчасьці холдынгу «БКМ» // УП «Белкамунмаш», 19 студзеня 2024 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  15. ^ Пілётны праект «Зялёны горад»: холдынг «БКМ» паставіў у Шклоў 15 электробусаў // УП «Белкамунмаш», 27 сакавіка 2024 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  16. ^ Марына Ажгірэй, «Аўтабізнэс». Як выглядаюць электробусы, што перадалі Шклову // Партал «Наша ніва», 27 сакавіка 2024 г. Праверана 2 чэрвеня 2024 г.
  17. ^ Вольга Кісьляк. Пратэставалі электробусы, якія выйшлі на маршруты ў Шклове // Беларусь сёньня : газэта. — 15 траўня 2024. — № 26998.