Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без
«Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» — раман Уладзімера Някляева, напісаны ў 2012 годзе. Упершыню выдадзены ў 2012 годзе, выдавецтва «Паперус», Менск[1]. Уладзімер Някляеў за свой раман адзначаны першай прэміяй імя Ежы Гедройца[2].
«Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» | |
Вокладка да кнігі «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без», выдавецтва «Паперус», Менск, 2012 г. | |
Жанр: | дэтэктыў мэлядрама |
---|---|
Аўтар: | Уладзімер Някляеў |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | 2012 |
Публікацыя: | 2012 |
Сюжэт
рэдагавацьРаман Уладзімера Някляева шмат у чым зьяўляецца аўтабіяграфічным, і апавядае пра фармаваньне ідэалаў някляеўскага пакаленьня ў часы хрушчоўскай адлігі. У кнізе апісаныя рэальныя падзеі 1960-х і 2010-х гадоў: існаваньне ў Менску стылягаў, якія слухалі Булата Акуджаву, захапляліся радыёаматарствам і перасьледаваліся брыгадміламі; паказанае «раскрыцьцё» КДБ «змовы антысавецкай групоўкі» філёзафа-дысыдэнта Кіма Хадзеева; прысутнічае апісаньне прыезду ў Менск Мікіты Хрушчова ды іншыя.
Многія героі і выдуманыя аўтарам, але поруч зь імі дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы, названыя і не: Лі Гарві Освальд, Уладзімер Караткевіч, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Барыс Луцэнка.
Падзеі адбываюцца ў Менску, на яго фоне і разьвіваецца напаўдэтэктыўны сюжэт.
Раман складаецца з трох узаемадапаўняльных частак: гэта сам мастацкі твор, разьдзела дакумэнтаў, а так сама — пасьлямоўе аднаго з герояў рамана — Віктара Ледзенева. Гэта дазваляе падкрэсьліць умоўную дакумэнтальнасьць кнігі, хоць сам раман, нават і па словах Уладзімера Някляева, зьяўляецца выключна мастацкім[1].
Гісторыя стварэньня
рэдагавацьУладзімер Някляеў пачаў пісаць гэты раман у 2009 годзе. Але пасьля падзей сьнежанскіх падзей Плошчы-2010, і турмы пасьля яе, творчы працэс быў часова спынены. Пасьля вызваленьня аўтар працягнуў працу над раманам.
Сам Някляеў так казаў пра гэты пэрыяд:
Што цікава — што галоўны герой рамана яшчэ да Плошчы праходзіў праз турму. І пасьля падзеяў 2010-га мне не давялося мяняць сюжэт, толькі крыху была зьмененая фабула. | ||
—Валянціна Аксак «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» — новая кніга Уладзіміра Някляева. СПБ. Праверана 2 сакавіка 2013 г. |
.
Дадатковыя зьвесткі
рэдагаваць6 лютага 2013 году на ХХ Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашы падчас прэзэнтацыі кнігі «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без», людзі ў цывільным сарвалі прэзэнтацыю кнігі Уладзімера Някляева. Прэзэнтацыя праходзіла на стэндзе пасольства Польшчы Беларускім ПЭН-цэнтрам, які праводзіў прэзэнтацыю 9 з 12 кніг, намінаваных на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца. І першай прэзэнтаваная кніга Ўладзіміра Някляева. Старшыня ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч распавядаў пра кнігу Някляева, як да яго падышоў чалавек у цывільным, узяў за руку, адвёў, сказаў што мерапрыемства не заплянаванае і ён дае «пяць хвілін на роздум». Але ж Някляева гэта не спыніла і ён працягнуў расказваць пра сваю кнігу. Пасьля гэтага Хадановіча ізноў папрасілі адыйсьці, калі Някляеў убачыў гэта, ён заявіў, што «гэта ўжо становіцца небясьпечным», і сам прапанаваў спыніць прэзэнтацыю і разысьціся. Нават нягледзячы на гэта ахвотныя змаглі пагутарыць зь Някляевым і ўзяць у яго аўтографы на асобніках раману[3].
Прэміі
рэдагаваць1 сакавіка 2013 году, напярэдадні Міжнароднага дню пісьменьніка, што традыцыйна адзначаецца 3 сакавіка, у канфэрэнц-зале менскага Princess гатэлю «Crowne Plaza» адбылося ўрачыстае ўзнагароджаньне ляўрэатаў літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Ляўрэатам першай прэміі стаў Уладзімер Някляеў за свой раман «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без»[2].
Літаратура
рэдагаваць- Віктар Марціновіч Ці атрымаў бы Гедройц прэмію імя Някляева?. — Будзьма беларусамі!, 13 сакавіка 2013.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Някляеў Уладзімір. Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без Праверана 2 сакавіка 2013 г.
- ^ а б Прэміяй імя Ежы Гедройца ўганараваныя Уладзімір Някляеў, Альгерд Бахарэвіч і Адам Глобус Навіны. СПБ (1 сакавіка 2013). Праверана 2 сакавіка 2013 г.
- ^ Людзі ў цывільным сарвалі прэзентацыю кнігі Някляева на выставе ў Мінску Палітыка, Грамадства, Культура. БелаПАН (6 лютага 2013). Праверана 2 сакавіка 2013 г.