Аўстразія
Аўстразія (па-француску: Austrasie, па-нямецку: Austrasien, па-лацінску: Austrasia) — паўночна-ўсходняя частка франкскай дзяржавы Мэравінгаў (у супрацьлегласьць паўднёва-заходняй часткі — Нэйстрыі).
Займала тэрыторыю ў басэйнах Мааса й Мозэлю, а таксама вобласьці на ўсход ад Райну (зараз там разьмяшчаюцца паўночна-ўсходнія рэгіёны Францыі, Бэльгіі, Нідэрляндаў, а таксама заходнія тэрыторыі Нямеччыны). Сталіца Аўстразіі знаходзілася ў горадзе Мэц, хоць некаторыя кіраўнікі выбіралі ў якасьці сваёй рэзыдэнцыі Рэймс.
Аўстразія адміністрацыйна сфармавалася ў 511 годзе, калі пасьля сьмерці Хлёдвіга каралеўства франкаў было падзелена на дзьве часткі. Аўстразія дасталася старэйшаму, хоць і незаконнаму, сыну Хлёдвіга, Тэадорыху. У VI—VII стагодзьдзях Аўстразія часам адасаблялася ў самастойнае каралеўства, кіравалася сваімі каралямі й маёрдомамі. Ад маёрдомаў Аўстразіі, якія сталі ў 687 годзе фактычнымі кіраўнікамі ўсяго каралеўства франкаў, узьнікла дынастыя Каралінгаў.
Пры пераемніках Карла Вялікага Аўстразія ўвайшла ў склад Нямеччыны.
Літаратура
рэдагаваць- Charles Oman. The Dark Ages 476—918. London: Rivingtons, 1914.
- Thomas Hodgkin. Italy and Her Invaders. Oxford: Clarendon Press, 1895.