Арганізацыя эканамічнай супрацы

міжурадавая арганізацыя Азіі

Арганізацыя эканамічнай супрацы[7]міжурадавая арганізацыя Азіі, заснаваная ў ліпені 1964 году ў Тэгеране (Іран) ў якасьці Рэгіянальнай супрацы дзеля разьвіцьця.

Арганізацыя эканамічнай супрацы
анг. Economic Cooperation Organization

Дзяржавы-ўдзельніцы (2022 год)
Абрэвіятура АЭС
Дата ўтварэньня 21 ліпеня 1964 (59 гадоў таму)
Тып гаспадарчая
Юрыдычны статус міжурадавая арганізацыя
Мэта павышэньне ўзроўню і якасьці жыцьця ў дзяржавах-сяброўках
Штаб-кватэра Тэгеранcкі астан, Шэміранcкая акруга, ваколіца Таджрыш, алея Гульбу, д. 1[1]
Месцазнаходжаньне Іран
Каардынаты 35°41′52″ пн. ш. 51°29′34″ у. д. / 35.69778° пн. ш. 51.49278° у. д. / 35.69778; 51.49278Каардынаты: 35°41′52″ пн. ш. 51°29′34″ у. д. / 35.69778° пн. ш. 51.49278° у. д. / 35.69778; 51.49278
Дзейнічае ў рэгіёнах Пакістан, Турэччына
Сяброўства 10 дзяржаваў Азіі (2022 год)[2]
Афіцыйныя мовы ангельская[3]
Генэральны сакратар Хуснаў Назіры[4]
Намесьнікі Гусэйн Бычаклы, Жандос Асанаў, Сэед Эспэры[5]
Кіроўны орган Рада міністраў[6]
Зьвязаныя кампаніі Банк гандлю і разьвіцьця АЭС (Турэччына), Навуковая фундацыя АЭС (Пакістан)
Сайт eco.int
Колішняя назва Рэгіянальная супраца дзеля разьвіцьця (да 1985 году)

Зь 2008 году між 10 дзяржавамі-ўдзельніцамі Паўднёва-Заходняй і Сярэдняй Азіі дзейнічала Гандлёвае пагадненьне АЭС.

Задачы рэдагаваць

Паводле 2-га артыкула Ізьмірскай дамовы 1996 году, задачамі Арганізацыі эканамічнай супрацы былі:

  • прасоўваньне ўмоваў устойлівага гаспадарчага разьвіцьця і павышэньне ўзроўню і якасьці жыцьця ў дзяржавах-сяброўках праз узрушаньне гаспадарча-грамадзкіх магчымасьцяў рэгіёну;
  • прадпрыманьне захадаў дзеля паступовага прыбіраньня гандлёвых перашкодаў у рэгіёне і пашырэньня ўзаемнага і міжрэгіянальнага гандлю з улікам досьведу ў іншых частках сьвету і сусьветных гаспадарчых зьмяненьняў;
  • паглыбленьне гаспадарчай супрацы дзеля павышэньня ўнёску краінаў-сябровак у рост сусьветнага гандлю і скасаваньне неспрыяльных умоваў гандлю для разьвіцьцёвых краінаў-сябровак;
  • паступовае і плаўнае залучэньне гаспадарак краінаў-сябровак у сусьветную гаспадарку, каб забясьпечыць іх больш поўны ўдзел у глябалізацыі;
  • прасоўваньне ўзаемнай супрацы і дапамогі ў гаспадарчай, грамадзкай, культурнай, тэхнічнай і навуковай галінах;
  • паскарэньне разбудовы шляхоў зносін, якія зьвязваюць дзяржавы-сяброўкі міжсобку і з навакольным сьветам;
  • прасоўваньне спалучэньня дзейнасьці дзяржаўнай і прыватнай галінаў у справе гаспадарчага разьняволеньня і прыватызаваньня дзеля павышэньня прыватнага ўдзелу ў гаспадарчым разьвіцьці рэгіёну праз сумесныя пачынаньні і ўкладаньні;
  • разьвіцьцё сумесных праграмаў падрыхтоўкі кадраў у рэгіёне;
  • павелічэньне выкарыстаньня энэргарэсурсаў рэгіёну;
  • удасканаленьне намаганьняў удалага выкарыстаньня земляробчых і прамысловых магчымасьцяў рэгіёну;
  • разьвіцьцё рэгіянальнай супрацы, каб выкараніць злоўжываньне дурманамі;
  • спрыяньне ўзаемнай супрацы ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя;
  • прасоўваньне ўзаемавыгадных узаемінаў і супрацы АЭС зь іншымі міжнароднымі фінансавымі ўстановамі;
  • умацаваньне гісторыка-культурных сувязяў між народамі рэгіёну і ўзаменага падарожніцтва[3].

Кіраваньне і ўстановы рэдагаваць

  • Зьезд кіраўнікоў урадаў. Склікаўся аднойчы на 2 гады. Разглядаў выкананьне прадпісаньняў і кірункаў дзейнасьці.
  • Рада міністраў. Складалася зь міністраў замежных справаў. Склікалася штогод па чарзе ў кожнай дзяржаве-ўдзельніцы. Вызначала намеры і кірункі дзейнасьці АЭС. Адзінагалосна абірала галоўнага сакратара на 3 гады без права пераабраньня. Акрэсьлівала заробкі супрацоўнікаў Сакратарыяту, а таксама яго будову і бюджэт у далярах ЗША з унёскаў дзяржаваў-удзельніцаў, памер якіх адпавядаў разьлікам у ААН.
  • Рада пастаянных прадстаўнікоў. Складалася з амбасадараў. Выконвала пастановы Рады міністраў. Узначальвалася прадстаўніком дзяржавы-старшыні. Ухваляла рашэньні простай большасьцю галасоў пры адсутнасьці пярэчаньня.
  • Рада рэгіянальнага плянаваньня. Складалася з кіраўнікоў ведамстваў плянаваньня. Склікалася штогод на сядзібе АЭС. Адзінагалосна распрацоўвала кірункі дзеяньняў.
  • Сакратарыят. Узгадняў выкананьне распараджэньняў[3]. Налічваў 6 управаў: 1) гандлю і ўкладаньняў, 2) шляхоў зносін, 3) энэргіі, мінэралаў і навакольнага асяродзьдзя, 4) земляробства і прамысловасьці, 5) кадраў і ўстойлівага разьвіцьця, 6) падарожніцтва. Улучаў 6 аддзелаў: 1) кіраваньня праектамі, 2) выкананьня, 3) узгадненьня і нагляду, 4) міжнародных дачыненьняў, 5) праўна-парлямэнцкага ўзгадненьня, 6) гаспадарчых дасьледаваньняў і статыстыкі[8].

На 2022 год Арганізацыя эканамічнай супрацы мела 13 падпарадкаваных установаў:

  • 3 установы — Адукацыйную (Турэччына) і Культурную ўстановы, Установу экалягічных навук і тэхналёгіяў;
  • Навуковую фундацыю (Пакістан), Гандлёва-прамысловую палату і Насеннае аб'яднаньне АЭС (Турэччына);
  • 3 прадпрыемствы — Банк гандлю і разьвіцьця (Турэччына), Кансультацыйна-інжынэрнае прадпрыемства і Прадпрыемства перастрахаваньня АЭС;
  • 2 каледжы — Каледж паштовага пэрсаналу і Страхавы каледж АЭС;
  • 2 асяродкі — Рэгіянальны ўзгадняльны асяродак харчовай бясьпекі (Турэччына) і Рэгіянальны асяродак кіраваньня рызыкай прыродных бедзтваў (Мэшхэд)[9].

Мінуўшчына рэдагаваць

21 ліпеня 1964 году ўрады Ірану, Пакістану і Турэччыны заснавалі Рэгіянальную супрацу дзеля разьвіцьця (РСР). 12 сакавіка 1977 году ў Ізьміры (Турэччына) падпісалі Дамову аб РСР. У 1985 годзе РСР пераўтварылі ў Арганізацыю эканамічнай супрацы (АЭС). У 1990 годзе ў Ізьмірскую дамову ўнесьлі папраўкі наконт Статуту АЭС. 28 лістапада 1992 году сябрамі АЭС сталі Азэрбайджан, Аўганістан, Казахстан, Кыргыстан, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан[10]. 14 траўня 1996 году ў Ашгабадзе (Туркмэністан) між Іранам і АЭС падпісалі Пагадненьне «Аб правах, прывілеях і імунітэтах Сакратарыяту АЭС»[11].

14 верасьня 1996 году 10 урадаў-удзельнікаў АЭС перазаключылі Ізьмірскую дамову. У той самы дзень прадстаўнікі ўрадаў падпісалі Ізьмірскае пагадненьне «Аб праўным стане АЭС, дзяржаўных прадстаўнікоў і міжнародным пэрсанале», паводле якога Сакратарыят АЭС вызвалілі ад падаткаў і магчымасьці ператрусу, арышту і адабраньня ўласнасьці[12].

17 ліпеня 2003 году ў Ісламабадзе (Пакістан) 10 дзяржаваў-сябровак заключылі па-ангельску і па-расейску Гандлёвае пагадненьне АЭС, якое набыло моц у 2008 годзе. Паводле 4-га артыкула Пагадненьня, павышэньне ставак мытаў на ўвоз мелі ўзгадняць з Радай супрацы. На кожны дамоўны бок, які ня быў сябрам Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА; Швайцарыя), пашыралі настолькі ж спрыяльныя ўмовы датычна мытаў, тэхнічных перашкодаў і абароны інтэлектуальнай уласнасьці што і на сябраў СГА. Цягам 8 гадоў пасьля набыцьця моцы Пагадненьнем бакі пагаджаліся зьнізіць стаўкі мытаў да 15 %, а Аўганістан меў зрабіць гэта за 15 гадоў. За 8 гадоў такія стаўкі мытаў мелі паступова ахапіць прынамсі 80 % усіх тавараў са штогадовым пашырэньнем сьпісу адпаведных тавараў на прапарцыйнай аснове. Сярод іншага, штогадовае паніжэньне мытаў цягам 8 гадоў мела складаць прынамсі 10 % ад дзейнага ўзроўню. Згодна з 5-м артыкулам на ўвядзеньне новых мытападобных памежных збораў таксама патрабавалася ўхваленьне Рады супрацы. Пры гэтым мытападобныя зборы за ўвоз мелі скасаваць цягам 2-х гадоў пасьля набыцьця моцы Пагадненьнем. У 6-м артыкуле згадвалася, што праз 2 гады прыбіралі колькасныя абмежаваньні і дазвольны парадак увозу, а таксама ўсялякія іншыя абмежаваньні ўвозу, за выняткам мытаў. Паводле 7-га артыкула, тавар дамоўных бакоў пры ўвозе меў карыстацца аднолькава спрыяльнымі ўмовамі з айчынным таварам, якія забяспечвала заканадаўства аб продажы і прапанове, набыцьці і перавозцы, разьмеркаваньні і выкарыстаньні. Згодна з 8-м артыкулам цягам 2-х гадоў скасоўваліся мыты на вываз. Урэшце, у 9-м артыкуле прадугледжвалася адмова ад увядзеньня новых колькасных абмежаваньняў на вываз, а таксама іх скасаваньне цягам 2-х гадоў[13].

Сярод іншага, у 13-м артыкуле Гандлёвага пагадненьня АЭС згадваліся Пагадненьні «Аб транзытным гандлі» і «Аб трынзытных перавозках» у рамках АЭС.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Зьвяжыцеся з намі (анг.) // Арганізацыя эканамічнай супрацы, 2022 г. Праверана 4 сьнежня 2022 г.
  2. ^ Дзяржавы-ўдзельніцы (анг.) // Арганізацыя эканамічнай супрацы, 2022 г. Праверана 4 сьнежня 2022 г.
  3. ^ а б в Ізьмірская дамова ад 14 верасьня 1996 году (анг.) // Арганізацыя эканамічнай супрацы, 2022 г. Праверана 4 сьнежня 2022 г.
  4. ^ Галоўны сакратар (анг.) // Арганізацыя эканамічнай супрацы, 2022 г. Праверана 4 сьнежня 2022 г.
  5. ^ Намесьнікі галоўнага сакратара (анг.) // Арганізацыя эканамічнай супрацы, 2022 г. Праверана 4 сьнежня 2022 г.
  6. ^ Рада міністраў (анг.) // Арганізацыя эканамічнай супрацы, 2022 г. Праверана 4 сьнежня 2022 г.
  7. ^ Сяргей Богдан. Ці аб’яднаюцца Беларусь і Ўкраіна супраць «Газпраму» // Газэта «Наша ніва», 16 лютага 2009 г. Праверана 6 сьнежня 2022 г.
  8. ^ Управы і аддзелы (анг.) // Арганізацыя эканамічнай супрацы, 2022 г. Праверана 4 сьнежня 2022 г.
  9. ^ Падпарадкаваныя і зьвязаныя ўстановы АЭС (анг.) // Арганізацыя эканамічнай супрацы, 2022 г. Праверана 4 сьнежня 2022 г.
  10. ^ Гісторыя (анг.) // Арганізацыя эканамічнай супрацы, 2022 г. Праверана 4 сьнежня 2022 г.
  11. ^ Пагадненьне між Іранам і АЭС «Аб правах, прывілеях і імунітэтах Сакратарыяту АЭС» (анг.) // Арганізацыя эканамічнай супрацы, 2022 г. Праверана 4 сьнежня 2022 г.
  12. ^ Пагадненьне «Аб праўным стане АЭС, дзяржаўных прадстаўнікоў і міжнародным пэрсанале» (анг.) // Арганізацыя эканамічнай супрацы, 2022 г. Праверана 4 сьнежня 2022 г.
  13. ^ Гандлёвае пагадненьне АЭС (анг.) // ТАА «Сусьветнае гандлёвае права» (ЗША), 2022 г. Праверана 4 сьнежня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  • Навіны (анг.) // Арганізацыя эканамічнай супрацы, 1 сьнежня 2022 г. Праверана 4 сьнежня 2022 г.