Антон Фурс

беларускі антысавецкі дзяяч

Антон Фурс (30 красавіка 1927[1] — 20 кастрычніка 2021[2]) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, сябра беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП), адзін з заснавальнікаў і сакратар Глыбоцкай групы СБП[3].

Антон Фурс
Дата нараджэньня 30 красавіка 1927(1927-04-30)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 20 кастрычніка 2021(2021-10-20) (94 гады)
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Сябра ў Зьвяз беларускіх патрыётаў і ТБМ
Узнагароды
Мэдаль да стагодзьдзя БНР
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Фурс.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў вёсцы Язна Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва (цяпер Мёрскі раён Віцебскай вобласьці). Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе. Пра савецкую акупацыю ўспамінаў так: «Людзі добра сустракалі гэтых, якія прыйшлі 17 верасьня. Чакалі! Бо палякі таксама беларусаў уціскалі здорава», «Крама адна, а ў ёй нічога няма, бацька хадзіў уначы займаў чаргу. І адзначаліся ў чарзе. Што там давалі, і колькі давалі – усё бралі, бо іначай грошы прападуць. Вось тады зразумелі – нешта не тое…».

Падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусьветную вайну наведваў беларускую школу ў сваёй вёсцы, дзе дырэктарам быў вядомы на той час Ігнат Мятла. Антон Фурс успамінаў аб гэтых гадах так: «Усё выкладаньне ішло па-беларуску. Беларуская мова стала рабочай і ў справаводзтве. У хуткім часе нашая школа зрабілася сапраўдным асяродкам культурнага жыцьця ў Янзе і ваколіцах. За тыя няпоўныя два навучальныя гады, што нас вучылі ў янзенскай школе, мы атрымалі моцны зарад патрыятызму, даволі трывалыя асновы нацыянальнай сьвядомасьці». Працягваў навучаньне ў Глыбоцкай прагімназіі, калі яна адкрылася ў 1943 годзе.

З надыходам савецкіх войскаў, маючы 16 гадоў, паступіў у Глыбоцкую пэдагагічную гімназію, дзе блізка пазнаёміўся з шэрагам будучых паплечнікаў, сярод якіх былі Васіль Мядзелец, Алесь Юршэвіч і інш. Пра навучаньне ў гімназіі Антон Фурс успамінаў так:

  З самага пачатку ўсе мы, хто быў прыняты ў навучальню, адчулі, што нас хочуць перарабіць на расейцаў. Большасьць прадметаў выкладалі па-расейску. Пасьля таго, што было ў школе падчас нямецкай акупацыі, такое становішча выклікала ў нас недаўменьне, а пасьля і пратэст.  

Гэта спрычынілася да таго, што Антон Фурс разам з іншымі сябрамі стварыў нелегальнае таварыства Саюз беларускіх патрыётаў, дзе ён быў сакратаром Глыбоцкай групы. Юнакі распрацавалі праграму і статут арганізацыі, пачалі прыём сяброў, якія фармавалі «пяцёркі»: кожны з удзельнікаў не ведаў больш чым пяць іншых сяброў арганізацыі. Выкарыстоўвалася беларуская нацыянальная сымболіка: бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня», а таксама была наладжана сувязь з паплечнікамі з Постаўскай пэдвучальні. Антон Фурс успамінаў: «Нашыя задачы былі культурна-асьветныя, як сёньня сказалі б, адраджэнскія. Перш за ўсё самі мы абавязаліся быць сапраўднымі патрыётамі Радзімы, заўсёды і ўсюды гаварыць па-беларуску, па-свойму, шанаваць родную мову, культуру, гісторыю, традыцыі, прапагандаваць іх сярод свайго народу, вяртаць нашых людзей да нацыянальнай памяці, абуджаць пачуцьцё нацыянальнай годнасьці».

У лютым 1947 году савецкая ўлада пачала арышты сябраў СБП: у пастаўскую групу раней увайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, які выдаваў сябе за ўдзельніка антысавецкай арганізацыі і падштурхоўваў да тэрарызму, а на дадатак кансьпірацыя арганізацыі была слабай, бо пра яе шмат хто ведаў. Антон Фурс разам з Васілём Мядзельцам быў арыштаваны 8 лютага 1947 году. Як адзін з заснавальнікаў, асуджаны паводле арт. 63-I і 76 КК БССР да сьмяротнага пакараньня, але ў сувязі з адменай сьмяротнага пакараньня ад 20 траўня 1947 году атрымаў 25 гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля знаходжаньня ў перасылачнай турме ў Воршы адбываў тэрмін у лягеры паблізу г. Турынску (Сьвярдлоўская вобласьць у Расеі), а потым быў пераведзены ў лягеры ў Карагандзе ў Казахстане. У Карагандзе браў удзел у паўстаньні лягераў КАРЛАГу ў 1955 г., аб чым успамінаў так: «Патрабаваньні, якія мы выставілі адміністрацыі, зводзіліся да некалькіх пунктаў: адмяніць ганебныя нумары, дазволіць перасылку без абмежаваньняў, палепшыць харчаваньне». Пункт аб «адмене нумароў» быў павязаны з тым, што вязьням савецкіх канцлягэраў давалі асабісты нумар, які выкарыстоўваўся замест імя і прозьвішча. Пад канец зьняволеньня ўмовы вязьняў палепшылі, што было зьвязана з афіцыйным асуджэньнем культу Сталіна.

У 1955 годзе быў датэрмінова вызвалены з лягэраў, адбыўшы там 9 гадоў. Пэўны час жыў у Беларусі, дзе ажаніўся са знаёмай яшчэ па СБП Алесяй Умпіровіч, якая да гэтага часу таксама выйшла на волю. Да 1982 году разам з жонкай жыў у Карагандзе, дзе працаваў на будаўніцтве. Па выхадзе на пэнсію пераехаў у Беларусь.

У гады дэмакратызацыі актыўна спрычыніўся да грамадзка-палітычнага жыцьця, быў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і Таварыства беларускай мовы.

Антон Фурс мае свае артыкулы і ўспаміны ў газэтах «Наша слова», «Пагоня», «Народная воля», часопісе «Спадчына». Напісаў успаміны ў кнізе Архіву Найноўшай Гісторыі «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў».

У лістападзе 1992 году, як і шэраг некаторых іншых сябраў СБП, быў рэабілітаваны «з-за адсутнасьці складу злачынства». Пра сваё патрыятычнае мінулае ўспамінаў так: «Мы былі халоднымі і галоднымі, мы ня мелі маладосьці — яна была бессаромна расьпятая на калючым дроце. Але ж мы не шкадуем ні аб чым, бо засталіся людзьмі — і тады, калі большасьць сьпявала хвалу тырану, і тады, калі былі ў няволі, і калі вярнуліся з лягеру. Дзе б мы ні знаходзіліся, думалі пра свой народ і сваю Бацькаўшчыну».

Жыў у Паставах. 20 кастрычніка 2021 году пра яго сьмерць паведаміў у фэйсбуку сын.

Узнагароды

рэдагаваць

Узнагароджаны мэдалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[4].

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • ANH, F-3.
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3
  • Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 20, 24, 25, 37-40, 42, 57-91, 126, 133, 137, 139-142, 147, 159, 161-164, 182, 186, 193, 223, 224, 241, 283, 284, 320, 329, 330, 334, 340
  • Умпіровіч А., Фурс А. Споведзь няспраўджаных надзеяў // Спадчына. 1997, № 1
  • Фурс А. Усё яшчэ значымся ворагамі народу // Наша слова. 1992, № 16
  • Фурс А. «Антон Фурс: мы заўсёды лічылі сябе беларусамі» (Успаміны ўдзельніка СБП аб гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху) // Пагоня. 1995, №№ 41-44
  • Фурс А. З кнігі ўспамінаў «Гарт»: да крыўднага мала зрабіў для Радзімы (урыўкі з успамінаў) // Народная воля. 1998, 23 студзеня

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць