Антон Каржанеўскі (28 кастрычніка (11 лістапада)1910, м. Валынцы, Дрысенскі павет, Віцебская губэрня, цяпер Дрысенскі раён, Віцебская вобласьць — 19 красавіка 1991) — беларускі мастак. Працаваў пераважна ў галіне жывапіснага пэйзажу.

Антон Каржанеўскі
Дата нараджэньня 11 лістапада 1910
Месца нараджэньня м. Валынцы, Віцебская губэрня
Дата сьмерці 19 красавіка 1991
Месца сьмерці
Адукацыя Віцебскі мастацкі тэхнікум
Месца вучобы
Занятак маляр
Плынь Пэйзаж

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся 11 лістапада 1910 году ў мястэчку Валынцы (Дрысенскі павет Віцебская губэрня) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1929—1932 гг.). Удзельнік мастацкіх выставак з 1934 году.

Ажаніўся, гадаваў дзіця. У час Вялікай Айчыннай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі. Падчас акупацыі быў узнагароджаны немцамі «Мэдалём для Ўсходу» за ўдзел у мастацкай выставе. Жонка Каржанеўскага да вайны працавала ў Вярхоўным Савеце БССР, была ў кампартыі і ў часе вайны эвакуявалася. Па вайне ёй прапанавалі выбар — развод з мужам альбо «членства ў КПСС». Яна абрала сям’ю — мужа і сына, які ўсю вайну прабыў з бацькам[1].

Арыштаваны 16 сьнежня 1944 году ў Менску па адрасе: вул. Крапоткіна, д. 58а, кв. 7. Асуджаны асобай нарадай пры НКВД 28 чэрвеня 1945 году за «супрацоўніцтва з нямецкімі акупантамі» да 3 гадоў папраўча-працоўных лягераў, але ўжо 31 жніўня 1945 году быў вызвалены[2].

У 1945 годзе стаў сябрам Саюзу мастакоў. Рэабілітаваны пракуратурай БССР 28 верасьня 1990 году. Асабовая справа К. № 31574-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Творчасьць

рэдагаваць

Сярод твораў, якім уласьціва насычанасьць колеру, выразная мадэліроўка аб’ёмаў, пленэрная непасрэднасьць кампазыцыйнага ладу, лірычныя пэйзажы «Над Сьвіслаччу» (1938), «Сафійскі сабор у Полацку» (1955), «Апошняе лісьце» (1966), «Горад над Дзьвіной» (1973), «Стары Віцебск» (1979), «Тужлівая нотка» (1982), «Восеньскі пэйзаж» (1984), «Богаяўленскі сабор у Полацку» (1988); нацюрморты «Півоні, яблыкі, кавуны» (1953), «Ружы» (1962), «Нацюрморт з лямпай» (1977) і інш[3].

Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім саюзе мастакоў, Віцебскім краязнаўчым музэі, мэрыі г. Масквы.

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларускі саюз мастакоў. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1998. С.296.
  • Каржанеўскі Антон Станіслававіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 1999. — Т. 8. — С. 70.
  • Подлипский, А. Певец витебских улиц / А. Подлипский // Народнае слова. — 1996. — 1 лют. — С. 3.
  • Соловьева, С. «Жизнь должна быть восхищением» / С. Соловьева // Витебский курьер. — 2004. — 14 сент. — С. 3.