Аляксандраўскі сквэр (Менск)
Аляксандраўскі сквэр (Цэнтральны сквэр, народная назва — Панікоўка[1]) — сквэр, разьмешчаны ў цэнтры Менску. На тэрыторыі сквэру знаходзіцца Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы. Разьмешчаны каля станцыяў мэтро «Купалаўскай» і «Кастрычніцкай». Акружаны праспэктам Незалежнасьці, а таксама вуліцамі Карла Маркса, Энгельса і Чырвонаармейскай. Выходзіць на Кастрычніцкую плошчу, рэзыдэнцыю прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і Цэнтральны дом афіцэраў (ЦДА).
У цэнтры сквэру знаходзіцца адзін з самых вядомых фантанаў Менску — «Хлопчык зь лебедзем».
Гісторыя
рэдагавацьСквэр быў закладзены ў 1836 годзе на месцы Новага рынку па ініцыятыве гарадзкога кіраўніка Леапольда Дэльпаца. Сваю назву сквэр атрымаў у гонар Аляксандра Неўскага (аднайменная капліца з 1869 году да 1930-х знаходзілася на месцы сучаснага ўваходу ў сквэр каля скрыжаваньня вуліцы Энгельса й праспэкта Незалежнасьці). Фантан «Хлопчык зь лебедзем» быў пабудаваны ў 1874 годзе. У 1890 годзе ў паўднёвай частцы сквэру адкрыўся тэатар (сёньня — Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы).
Пры ўваходзе ў сквэр у 1952 годзе быў усталяваны бюст народнага паэту Беларусі Янкі Купалы (скульптар Заір Азгур, арх. Ігар Рудэнка), які ў 1972 годзе быў перанесены на радзіму паэта ў вёску Вязынку.
У 1955 годзе сквэр абнесьлі з боку праспэкту гранітнай сьцяной, а з процілеглай — мэталічнай агароджай. Каля галоўнага ўваходу ўсталявалі гранітныя вазы й калёны, пераплянавалі алеі, пазьней пабудавалі трыбуну.
У 1970 годзе сквэр быў рэканструяваны й добраўпарадкаваны (арх. Ю. Грыгор’еў), былі створаныя кветнікі й траўнікі. У 1979 годзе на месцы, дзе ў 1942 годзе гестапаўцы павесілі сакратара Менскага падпольнага гаркаму КПБ Ісая Казінца й іншых чальцоў падпольля, быў усталяваны мэмарыяльны знак-помнік.
Прыбіральня
рэдагавацьУ сквэры знаходзіцца прыбіральня даволі незвычайнай архітэктурнай формы, якую, як лічыцца, пабудаваў адзін архітэктар на ўласныя сродкі. Існуе вэрсія, што адзін заможны пан неяк заказаў яму пабудаваць для сябе дом. Архітэктар пабудаваў дом, выдатна выканаў заказ, але пан адмовіўся аплаціць яго працу. У адплату архітэктар пабудаваў у цэнтры гораду, у гэтым сквэры, дакладную паменшаную копію дома таго пана.
Крыніцы
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 712Г000157 |
Аляксандраўскі сквэр (Менск) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў