Адплата каханьня
«Адплата каханьня» — паэма Янкі Купалы, напісаная ў 1905—1907 гг. і ўпершыню апублікаваная ў зборніку «Жалейка» ў 1908 годзе.[1] Паэма мае падзагаловак «З праўдзівага здарэньня».
«Адплата каханьня» | |
па-беларуску: Адплата кахання | |
Ілюстрацыя Б.Цітовіча да паэмы «Адплата каханьня» | |
Жанр: | паэма |
---|---|
Аўтар: | Янка Купала |
Мова арыгіналу: | беларуская мова |
Год напісаньня: | 1905—1907 |
Публікацыя: | 1908 |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору |
«Не скажаце ў местах, бо знаеце самі, |
Я. Купала
З паэмы «Адплата каханьня» |
Бліская да раньніх паэмаў Янкі Купалы («Зімою», «Нікому», «Калека»), паэма мае ў сваёй аснове мясцовыя паданьні з часоў прыгону. Сюжэт паэмы пабудаваны на трагічным здарэньні, што адбылося ў панскім маёнтку на Лагойшчыне. У творы паказаная характэрная для старажытных часоў гісторыя няроўнага каханьня з трагічным зыходам. Янка Лявончык зь беднае сялянскае сям'і, яго абраная Зося — з панскага роду. Перашкодай іх каханьню становіцца брат закаханай пан Лаўчынскі. Ня здолеўшы разлучыць закаханых, Лаўчынскі забівае і спальвае хлопца—парабка за тое, што ён наважыўся пакахаць яго сястру, багатую шляхцянку. Адна трагедыя цягне за сабой другую — Зося канчае жыцьцё самагубствам, а яе брат—забойца вар'яцее. Гэта адплата абразе каханьня і плата за каханьне ў сьвеце, дзе пануюць саслоўныя перагародкі.[1]
Каштоўнасьць паэмы ня толькі ў яе сацыяльнае накіраванасьці, але й у высокім узроўні эстэтычнага асэнсаваньня жыцьцёвае драмы Янкі і Зосі, вобразы якіх увасабляюць рамантычную чысьціню і прыгажосьць каханьня. Побач з рамантычнай паэтызацыяй здаровых маральных асноваў народнага жыцьця ў паэме шмат выкарыстана сродкаў рэалістычнае дэталізацыі, асабліва ў адлюстраваньні сацыяльных кантрастаў вёскі.[1]
Сваёй паэмай Янка Купала далей разьвіў жанр апавяданьня-быліцы, спавядальнае паэмы, да якой сярод іншых зьвярталіся В. Дунін-Марцынкевіч і Ф. Багушэвіч.[1]
Крыніцы
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Адплата каханьня» / Аўтар — М. М. Арочка. — С. 30.