Адам Фалькоўскі
Адам Фалько́ўскі (1812 — 24 чэрвеня 1863, Ліда) — ксёндз, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864.
Адам Фалькоўскі | |
Адукацыя | |
---|---|
Нарадзіўся | 1812 |
Памёр | 24 чэрвеня 1863 |
Біяграфія
рэдагавацьПаходзіў з шляхецкай сям’і, сын Бартламея Фалькоўскага. У пачатку паўстаньня — пробашч парафіі Ішчална (Лідзкі павет, Віленская губэрня). Зачытаў маніфэст паўстаньня і заклікаў жыхароў узяць у ім удзел. Арыштаваны 3 траўня 1863; тлумачыў, што рабіў гэта пад прымусам быць пакараным з боку паўстанцаў. Расстраляны ў Лідзе ля дарогі на Крупы.
Ушанаваньне памяці
рэдагавацьМесца пахаваньня людзі аблажылі камянямі, якія шмат разоў раскідвала паліцыя. 3 траўня 1919 лідзкі дэкан Гіпаліт Баярунец пасьвяціў на магіле жалезны крыж, фундаваны чыгуначнікам Стэфанам Лоўкісам. У 1932 пастамэнт крыжу быў адрамантаваны магістратам гораду Ліды. Таксама імем ксяндза была названая адна з вуліцаў, прылеглых да помніка. У 1940 савецкія ўлады зьнесьлі крыж і зруйнавалі магілу Адама Фалькоўскага.
2 лістапада 1996 сябры лідзкае арганізацыі БНФ «Адраджэньне» асьвяцілі ў фарным касьцёле й усталявалі на магіле Адама Фалькоўскага драўляны 5-мэтровы крыж, які быў зьнесены праз 2 дні. 6 траўня 1997 крыж быў усталяваны паўторна, але яго зьнесьлі ў той самы дзень. 22 чэрвеня 1997 БНФ зноў усталяваў крыж. За гэтую акцыю 6 чалавек былі арыштаваныя (Віктар Аўгусьцін, Міхась Бурачэўскі, Антон Пігулеўскі, Станіслаў Суднік, Уладзімер Хрышчановіч, Віктар Шырма), а крыж быў зьнесены. 11 ліпеня 1998 сябры Згуртаваньня лідзкае моладзі імя Гедыміна ў чацьвёрты раз усталявалі крыж на магіле ксяндза Адама Фалькоўскага, праз тры дні крыж быў зьнесены. У верасьні 2010, перад правядзеньнем рэспубліканскіх «Дажынак», магіла Фалькоўскага была спляжана бульдозерамі. У адзказ на тое моладзь 5 дзён ладзіла пікет на месцы пахаваньня. На 2 дзень пікетаваньня быў усталяваны драўляны крыж. Лідзкая грамада пачала прыносіць да крыжа зьнічкі. Улады прапанавалі замяніць крыж на памятны камень. 30 кастрычніка памяць Адама Фалькоўскага была ўшанаваная на камяні [1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Памяць кс. Адама Фалькоўскага ўшануюць належным чынам(недаступная спасылка)
Літаратура
рэдагаваць- Станіслаў Суднік. Адам Фалькоўскі // «Лідзкі Летапісец» №6, травень 1998.
- Rok 1863. Wyroki śmierci / Red. Wacław Studnicki. — Wilno: nakładem i drukiem Ludwika Chomińskiego, 1923. сс. 58 і 115.