Аблога Смаленску (1609—1611)

аблога 1609—1611 гадоў падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай

Абло́га Смале́нску працягвалася з 29 верасьня 1609 да 13 чэрвеня 1611 у часе вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1609—1618 гадоў.

Аблога Смаленску
Смаленск у 1610 року (медзярыт)
Дата: 29 верасьня 1609 — 13 чэрвеня 1611
Месца: прадмесьці Смаленску
Прычына: адкрыцьцё дарогі на Маскву
Вынік: перамога Рэчы Паспалітай
Супернікі
Маскоўская дзяржава Масковія
Швэцыя Швэцыя
Рэч Паспалітая Рэч Паспалітая
Казакі
Камандуючыя
Міхаіл ШэінЖыгімонт III Ваза
Станіслаў Жалкеўскі
Леў Сапега
Колькасьць
5400 жаўнераў, каля 14 600 мяшчанаў, 500 швэдаў, 170 гарматаў8500 вершнікаў, 8200 пяхоты, 20 000 казакаў, 30 гарматаў
Страты
каля 12 тыс. забітых, параненых і паланёныхкаля 5-8 тыс.
Жыгімонт III Ваза на фоне аблогі Смаленску

Перадумовы

рэдагаваць

У ліпені 1608 года Рэч Паспалітая абвесьціла мірную дамову з Васілём Шуйскім на 3 гады 11 месяцаў. Жыгімонт III Ваза, які ад пачатку падтрымліваў «Дымітрыяду», ня меў намеру прытрымлівацца ўмоваў замірэньня, сьведчаньнем чаго было накіраваньне ў жніўні 1608 года ў стан II Ілжэдзьмітрыя вернага прыхільніка караля старосты ўсьвяцкага Ян Пятра Сапегі.

Расея таксама напрыканцы 1608 года пачала праводзіць перамовы з мэтай замірэньня са Швэцыяй, якая тады знаходзілася ў стане вайны з Рэччу Паспалітаю. У рэшце рэшт у лютым 1609 года Васіль Шуйскі заключыў мірную дамову са Швэцыяй, што стала для Жыгімонта III выдатнай нагодай да пачатку вайны. Швэцыя паводле дамовы стала на бок Расеі.

Жыгімонт III Ваза, які яшчэ ў жніўні 1608 року вырашыўся на вайну з Расеяй і з гэтае прычыны шукаў падтрымкі ад гетмана Станіслава Жалкеўскага, меў намер здабыць царскую карону, а пасьля аб’яднаньня сілаў Расеі і Рэчы Паспалітай адолець Швэцыю. Другой мэтай вайны было пашырэньне каталіцтва ў абедзьвюх здабытых дзяржавах (папа Павал V нават абвясьціў дараваньне грахоў і юбілей у выпадку каралеўскай перамогі). Жалкеўскі працівіўся вайне, бо лічыў, што ня варта ў яе ўвязьвацца, пакуль трывае вайна са Швэцыяй.

28 траўня 1609 року кароль выехаў з Кракава і 6 чэрвеня сустрэўся ў Бэлжыцах пад Люблінам з Жалкеўскім, якога ўрэшце здолеў перацягнуць на свой бок. Каб зьмяніць меркаваньне шляхты, Уладыслаў Ваза пачаў прапагандысцкую кампанію, у якой параўноўваў вайну з Масквой з заваёвай Індыі ці Амэрыкі. Васіля Шуйскага кароль называў узурпатарам, замест якога мусіць сядзець сапраўдны пераемнік зь Ягелонаў, пародненых з Рурыкавічамі. Каралеўскай прапагандзе дапамог сам Шуйскі, які неўзабаве пасьля заключэньня дамовы са Швэцыяй пачаў выстаўляць Рэчы Паспалітай тэрытарыяльныя прэтэнзіі і ўзяў сабе тытул полацкага князя, хоць Полацак належаў ВКЛ.

Жыгімонт III празь Менск выехаў да Воршы, дзе яго чакала літоўскае войска Льва Сапегі. 17 верасьня войска вырушыла да Смаленску, спадзеючыся, што хаос у Расеі зашкодзіць арганізаваць ягоную абарону. 21 верасьня войска Рэчы Паспалітай перайшло граніцу з Масковіяй.

 
Выданьне Яна Краеўскага «Штурм смаленскі суботні…» (1611).

29 верасьня 1609 года пад Смаленск падышоў авангард літоўскага войска на чале зь Львом Сапегам. Смаленская залога пасьпела ўжо спаліць прадмесьці. На наступны дзень пад муры Смаленску прыйшоў Станіслаў Жалкеўскі з асноўнымі сіламі, якіх цяпер налічвалася 8409 вершнікаў, 4530 пяхоты ды 30 гарматаў. Смаленскую крэпасьць бараніў маскоўскі гарнізон Міхаіла Шэіна колькасьцю каля 20 000 жаўнераў, а таксама 500 швэдаў. У самім Смаленску жыло тады 30—40 тысячаў чалавек.

Паколькі хуткага ўзяцьця не атрымалася, гетман Жалкеўскі стаяў на тым (у адрозьненьне ад караля і канцлера Сапегі), каб пад Смаленскам варта пакінуць частку войска і рушыць углыб Маскоўскага царства, пакуль занятага ўнутрыдзяржаўнымі клопатамі. Аднак прапанова не знайшла падтрымкі сярод атачаючых караля магнатаў.

 
Абарона Смаленску ад палякаў. Карціна Барыса Чорыкава, XIX стагодзьдзе

4 кастрычніка была прадпрынятая першая няўдалая спроба штурму. Назаўтра пад крэпасьць прыбылі запароскія казакі колькасьцю 5000 жаўнераў на чале з атаманам Багданам Алеўчанкам(uk). Прыбыцьцё дадатковых літоўскіх і польскіх сілаў павялічыла колькасьць абложнікаў да 17 200 жаўнераў. 5—8 кастрычніка смаленская залога адбіла тры штурмы.

Пасьля няўдалых спробаў літоўска-польскае войска абмежавалася артылерыйскімі абстрэламі і акопваньнем. Усе спробы абаронцаў прарваць аблогу сканчаліся для іх вялікімі стратамі. Неўзабаве ў месьце пачала адчувацца недастача вады, паліва і солі, сталі шырыцца хваробы (галоўным чынам шкробут). Аднак і ў войску абложнікаў падала мараль, расло дэзэртырства і хваробы.

У канцы студзеня 1610 року маскоўцы пачалі перамовы, пагадзіўшыся даць царскую карону сыну Ўладыслава з умовай, што той прыме праваслаўе. 14 лютага была падпісаная дамова пра тое, што каралевіч атрымае маскоўскі сталец, а праваслаўе застанецца адзінай рэлігіяй Маскоўскай дзяржавы. Жыгімонт III не прысягнуў на дамове, бо сам жадаў панаваць Масковіяй.

Аднак Смаленск працягваў трымаць абарону. Колькасьць літоўска-польскай пяхоты пад ім складала ўсяго 1900 жаўнераў, хоць паболеў лік вершнікаў. Высьветлілася, што Жалкеўскі меў рацыю, прапануючы не затрымліваць вялікія сілы пад Смаленскам, бо маскоўцы, сабраўшы сілы, пачалі наступ і захапілі некалькі прыгранічных замкаў. Калі Жалкеўскі атрымаў зьвесткі, што вялікая колькасьць маскоўскіх вайскоўцаў пад даводзтвам Дзьмітрыя Шуйскага зьбіраецца пад Калугай, ён вырушыў з-пад Смаленску з 2 тысячамі жаўнераў (1630 конных і 597 пешых). У ягоную адсутнасьць кіраваньне аблогай пераняў Ян Патоцкі(pl).

4 ліпеня 1610 року Станіслаў Жалкеўскі атрымаў эфэктную перамогу пад Клушынам і рушыў на Маскву. 28 ліпеня пад Смаленск прыбыло 15-тысячнае казацкае войска, і 21 жніўня Патоцкі паспрабаваў здабыць крэпасьць, аднак панёс вялікія страты.

У другой палове 1610 року войскі Рэчы Паспалітай сьцягнулі пад Смаленск цяжкія гарматы, якія часткова здолелі пашкодзіць абарончыя муры. 21 лістапада пад Смаленск вярнуўся Жалкеўскі з навіною, што замест Васіля Шуйскага на маскоўскі сталец запрошаны каралевіч Уладыслаў. Ягоны бацька па-ранейшаму быў незадаволены такім вынікам і загадаў увязьніць баярскіх паслоў, мітрапаліта Філарэта і князя Васіля Галіцына, якія настойвалі на як мага хутчэйшым прыезьдзе каралевіча і навяртаньні яго ў праваслаўе. Празь нязгоду з каралём Жалкеўскі зьехаў з-пад Смаленску ў Кіеў дзеля аховы паўднёва-ўсходніх граніц.

Штурмы і падкопы працягваліся, аднак Смаленск трываў. Тым ня меней, у абаронцаў пачалі сканчацца ня толькі запасы ежы, але й амуніцыя. У рэшце рэшт з усяго гарнізону ў жывых засталіся некалькі соцень жаўнераў і мяшчанаў. Але і літоўска-польскі бок не абмінулі хваробы; памёр у тым ліку і даводца Ян Патоцкі, на месца якога стаў Якуб Патоцкі(pl).

 
Мэдаль Жыгімонта III ў гонар здабыцьця Смаленску

Уночы 2 чэрвеня 1611 войска Рэчы Паспалітай прадпрыняло чарговую спробу захопу крэпасьці. Пяхота незаўважна здолела прыставіць да муроў драбіны, а зь іншага боку ў слабых месцах муру былі зробленыя праломы. Аднак і гэтым разам абаронцы здолелі адбіцца.

Апошні штурм адбыўся ўночы з 12 на 13 чэрвеня. Дзякуючы закладзенай у каналізацыю міне была зьнішчаная значаная частка муроў. Яшчэ некалькі мінаў зьнішчылі башты, а ў крэпасьці пачаўся пажар. Польскія войскі ўварваліся ў места, у якім знаходзіліся 38 высокіх 21-мэтровых баштаў. Найдаўжэй абаранялася Фралоўская башта на Дняпры, залога якой здалася ўвечары 13 чэрвеня.

Праз 20 месяцаў і 11 дзён аблогі страчаны 97 гадоў таму (у 1514 року) Смаленск вярнуўся ў склад ВКЛ.

Літаратура

рэдагаваць
  • Andrzej Andrusiewicz. Dzieje Dymitriad 1602—1614, t. I, II, Warszawa, 1990
  • Andrzej Andrusiewicz. Dzieje Wielkiej Smuty, Katowice, 1999
  • Paweł Jasienica. Rzeczpospolita Obojga Narodów. Srebrny Wiek, Państwowy Instytut Wydawniczy, Warszawa 1985, ISBN 83-06-01093-0, str. 212—220
  • Mała Encyklopedia Wojskowa, 1967, Wydanie I
  • Leszek Podhorodecki. Stanisław Żółkiewski. — Warszawa: Ludowa Spółdzielnia Wydawnicza, 1988. — С. 153—164, 177—190. — ISBN 83-205-4082-8

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Аблога Смаленску (1609—1611)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў