Інстытут ядзерных праблемаў
Інстытут ядзерных праблемаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта — навукова-дасьледчыцкі інстытут з правам юрыдычнай асобы ў складзе Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які займаецца вывучэньнем праблемаў ядзернай фізыкі.
Тып | навукова-дасьледчыцкая ўстанова |
---|---|
Заснаваная | 1 верасьня 1986 |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Беларусь, Менск |
Ключавыя фігуры | дырэктар Сяргей Афанасьевіч Максіменка |
Галіна | навуковыя дасьледаваньні |
Лік супрацоўнікаў | 138 (2018)[1] |
Матчына кампанія | БДУ |
Інстытут ядзерных праблемаў створаны 1 верасьня 1986 году згодна з пастановай Ураду БССР[2]. У склад інстытуту ўвайшлі супрацоўнікі лябараторыі ядзернай оптыкі катэдры ядзернай фізыкі фізычнага факультэту БДУ. Інстытуту быў перададзены будынак, у якім першапачаткова разьмяшчаўся хімічны факультэт БДУ. Першым дырэктарам да 2012 году быў беларускі фізык, прафэсар Уладзімер Барышэўскі. У інстытуце створаны новы шырокадыяпазонны лазэр на свабодных электронах з аб’ёмнай разьмеркаванай зваротнай сувязьзю (пад кіраўніцтвам Уладзімера Барышэўскага, Канстанціна Батракова, Ільлі Феранчука), разьвіта строгая тэорыя электрадынамічных сыстэм са стратамі (аўтар — Рыгор Сляпян), створаныя пачаткі нелінейнай электрадынамікі кіральных карбонавых нанатрубак (выканальнікі — Сяргей Максіменка, Рыгор Сьляпян)[3]. 1 кастрычніка 2015 году адбылося далучэньне да Інстытуту ядзерных праблемаў Нацыянальнага навукова-вучэбнага цэнтру фізыкі часьціц і высокіх энэргій БДУ, дырэктарам якога быў доктар фізыка матэматычных навук Мікалай Шумейка. 12 мая 2016 году інстытут атрымаў ліцэнзію на права правядзеньня экспэртызы бясьпекі ў вобласьці выкарыстаньня крыніц іянізавальнага выпраменьваньня[4]. Адпаведна Пастанове Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, 2 сьнежня 2016 году Інстытут ядзерных праблемаў унесены ў пералік арганізацыяў, якія ажыцьцяўляюць навукова-тэхнічную падтрымку Міністэрству па надзвычайных сытуацыях у вобласьці забесьпячэньня ядзернай ды радыяцыйнай бясьпекі[5]. Інстытут зарэгістраваны ў якасьці аднаго з дапаможных у працы навуковага цэнтру CERN[6]. Сярод асноўных навуковых напрамкаў, якімі займаецца інстытут ядзерная фізыка, фізыка элемэнтарных часьцінак, космамікрафізыка і ядзерная астрафізыка; дасьледаваньне экстрэмальнага стану рэчыва пры звышвысокіх тэмпэратурах і цісках і магнітнай кумуляцыі энэргіі; новыя кампазіцыйныя матэрыялы, нана- ды мікраструктураваныя матэрыялы; радыяцыйныя і ядзерна-фізычныя тэхналёгіі на радыёактыўных крыніцах, паскаральніках і ядзерных рэактараў; новыя мэтады вымярэньняў іянізавальных выпрамяненьняў[7].
Дырэктар
рэдагавацьДырэктар інстытуту Сяргей Афанасьевіч Максіменка абараніў у 1996 годзе дысэртацыю на ступень доктара фізыка-матэматычных навук[8].
Лябараторыі
рэдагаваць- Лябараторыя ядзернай оптыкі і космамікрафізыкі (загадчык — доктар фізыка-матэматычных навук Віктар Ціхаміраў)
- Лябараторыя радыёфізычных дасьледаваньняў
- Лябараторыя моцнатокавай электронікі (заг. — Павал Маўчанаў)
- Лябарыторыя нанаэлектрамагнетызму (заг. — кандыдат фізыка-матэматычных навук Паліна Кужыр)
- Лябарыторыя тэарэтычнай фізыкі і мадэляваньня ядзерных працэсаў (заг. — кандыдат фізыка-матэматычных навук Сямён Куцень)
- Лябараторыя аналітычных дасьледаваньняў (заг. — кандыдат фізыка-матэматычных навук Сьвятлана Сытава[9])
- Лябараторыя экспэрымэнтальнай фізыкі высокіх энэргій (заг. — доктар фізыка-матэматычных навук Міхаіл Коржык)
- Лябараторыя ядзернай спэктрамэтрыі і экспэртызы рыдыяцыйнай бясьпекі (заг. — доктар фізыка-матэматычных навук Аляксандар Лабко)
- Лябараторыя фізыкі пэрспэктыўных матэрыялаў (заг. — доктар фізыка-матэматычных навук Юлія Фядотава)
Цэнтар фізыкі часьціц і высокіх энэргій у складзе трох лябараторыяў:
- Лябараторыя фундамэнтальных узаемадзеяньняў
- Лябараторыя электронных мэтадаў і сродкаў экспэрымэнта (заг. — Уладзімер Чахоўскі)
- Лябараторыя фізыкі часьціц (заг. — Ігар Емельянчык)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Алена Ляўшэня. (30 студзеня 2018) Дырэктар НДІ ядзерных праблем БДУ Сяргей Максіменка: “Фундаментальная навука прыносіць прыбытак”. Універсітэт.
- ^ Постановление Совета Министров БССР №148-8 от 21 мая 1986 года
- ^ Кураеў А. А. Радыёфізіка і электроніка // БЭ. — Мн.: 2004 Т. 18. Кн. 2. С. 519.
- ^ Двум организациям вручены лицензии на право проведения экспертизы безопасности использования источников ионизирующего излучения (рас.). МЧС Республики Беларусь (16 мая 2016). Праверана 29 сьнежня 2018 г.
- ^ События и достижения (рас.). НИИ ЯП БГУ. Праверана 11 мая 2017 г.
- ^ Institute for Nuclear Problems List of Institutes. The CERN Experimental Programme. Праверана 21 лютага 2018 г.
- ^ Научно исследовательское учреждение "Институт ядерных проблем" БГУ (рас.). БГУ. Праверана 21 лютага 2018 г.
- ^ Распространение волн и волновых пакетов в периодических и диспергирующих средах : Автореф. дис. на соиск. учен. степ. д-ра физ.-мат. наук: 01.04.02 / Акад. наук Беларуси, Ин-т физики им. Б. И. Степанова. — Мн.: 1996. — 30 с.
- ^ Научные подразделения НИИ ЯП (рас.) Праверана 28 сьнежня 2018 г. Архіўная копія ад 17 красавіка 2018 г.