Бесьпілётныя верталёты

прыватнае канструктарскае бюро Беларусі, заснаванае ў 1996 годзе пад назвай «Індэла»
(Перанакіравана з «Індэла»)

Каардынаты: 53°55′0″ пн. ш. 27°28′15″ у. д. / 53.91667° пн. ш. 27.47083° у. д. / 53.91667; 27.47083

«Бесьпілётныя верталёты» — прыватнае канструктарскае бюро Беларусі, заснаванае ў 1996 годзе пад назвай «Індэла».

«Бесьпілётныя верталёты»
Выява лягатыпу
Тып таварыства з абмежаванай адказнасьцю
Дэвіз Па-за чалавечай здольнасьцю
Заснаваная 1996
Заснавальнікі Уладзімер Чудакоў
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск, Фрунзэнскі раён, вул. П.Глебкі, д. 11
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя бесьпілётнікі

На 2019 год прадпрыемства ажыцьцяўляла сэрыйную вытворчасьць бесьпілётных верталётаў:

  • «Індэла Інскай» — 70 км/гадз. да 5 гадзінаў на вышыні да 1500 мэтраў з абсталяваньнем для назіраньня;
  • «Індэла СкайЛэб» — палёт да 1,5 на вышыні да 1000 мэтраў для выпрабаваньня вузлоў;
  • «Індэла ХайСкай ІІ» — 100 км/гадз. з палётам на 240 км на вышыні да 2400 мэтраў для назіраньня.

Мінуўшчына

рэдагаваць

У 1996 годзе 26-гадовы інжынэр Уладзімер Чудакоў (нар. 15 ліпен 1970) заснаваў Канструктарскае бюро «Індэла» (анг. Independent Development Laboratory — «Лябараторыя незалежнай распрацоўкі»). У 1999 годзе КБ «Індэла» распрацавала бартавую апаратуру і наземную станцыю кіраваньня бесьпілётнікам для Сухапутных войскаў і Вайскова-паветраных сілаў Рэспублікі Беларусь. У 2002 годзе стварылі бесьпілётны верталёт «Індэла Вінтакрыл», які атрымаў назву «Штыль» на авіясалёне «Макс-2005» у Жукоўскім (Маскоўская вобласьць). У 2003—2005 гадах КБ «Індэла» сумесна з маскоўскім ЗАТ «Карпарацыя радыёэлектронных і інфармацыйных тэхналёгіяў» («КРІТ») распрацоўвала і вырабляла прылады кантролю радыёлякацыйнага суправаджэньня і лічбавага кіраваньня станцыяй абароны. Цягам 2003—2007 гадоў КБ «Індэла» стварыла 4 бесьпілётныя верталёты: лябараторныя «Рэвалюцыя» і «Легіён», здымачныя «Індэла ФільмКам» і «ХайСкай». За 2007—2010 гады распрацавалі 8 бесьпілётных самалётаў: лябараторны «Пацёмкін», паветраныя мішэні «Індэла Страла» (хуткасьць 350 км/гадз), «Беркут» (400 км/гадз) і «Буравесьнік» (600 км/гадз), выведвальныя «Індэла 6» (1,5 гадзіны палёта), «Індэла 6М» (10 гадзінаў), «Індэла 9» (электрарухавік, 1,5 гадзіны) і «Індэла 9М» (15 гадзінаў). У 2010—2012 стварылі бесьпілётны самалёт «Грыф 1» з часам палёту да 8 гадзінаў і 3 бесьпілётныя верталёты: здымачны «Індэла Ай Скай», авіяхімічны «Індэла Кантры» і выпрабавальны «Індэла Скай Лэб». На 2013 году КБ «Індэла» выпускала звыш 10 відаў бісьпілётнікаў, у тым ліку верталёты выведкі і паветраныя мішэні, і зьяўлялася найбольшым іх вытворцам у Беларусі[1].

У верасьні 2013 году КБ «Індэла» прадставіла на беларуска-расейскім вучэньні «Захад-2013» свой бесьпілётны верталёт «Індэла Інскай»[2]. У 2014 годзе бесьпілётнік «Індэла Інскай» запусьцілі ў сэрыйную вытворчасьць[3]. У лістападзе 2015 году вытворца бесьпілётнікаў «Адком Сыстэмы» з Абу Дабі (ААЭ) набыў КБ «Індэла»[4]. На вайсковым парадзе 3 ліпеня 2017 году паказалі бесьпілётнік «Індэла Скай Бур», які меў далёкасьць стральбы да 1700 мэтраў[5]. 21 лютага 2018 году Гаспадарчы суд Менску распачаў справу аб банкруцтве КБ «Індэла», пасьля чаго прадпрыемства ўзнавіла дзейнасьць пад назвай Канструктарскае бюро «Бесьпілётныя верталёты»[6].

1 ліпеня 2023 году Ўкраіна ўвяла санкцыі супраць канструктарскага бюро[7].

  1. ^ Пятро Раманчук. Вялікія крылы бесьпілётнай авіяцыі // Зьвязда : газэта. — 11 кастрычніка 2013. — № 192 (27557). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Алена Стасюкевіч. Дэманстрацыя вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі беларускіх вытворцаў адбылася ў аэрапорце Горадні // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 26 верасьня 2013 г. Праверана 17 сакавіка 2019 г.
  3. ^ Вячаслаў Будкевіч. «КБ Індэла» прэзэнтуе на выставе «Чалавек і бясьпека» ў Менску першы сэрыйны айчынны бесьпілётны лятальны апарат верталётнага тыпу // БелаПАН, 13 лістапада 2014 г. Праверана 17 сакавіка 2019 г.
  4. ^ Андрэй Паротнікаў. Не сварыцца з Расеяй і шукаць новых сяброў // Радыё «Рацыя», 18 кастрычніка 2017 г. Праверана 17 сакавіка 2019 г.
  5. ^ Беларусь адсьвяткавала Дзень Незалежнасьці // Белтэлерадыёкампанія, 9 ліпеня 2017 г. Праверана 17 сакавіка 2019 г.
  6. ^ НАН Беларусі і «КБ Бесьпілётныя верталёты» падпісалі Пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж дзьвюма арганізацыямі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 29 жніўня 2018 г. Праверана 17 сакавіка 2019 г.
  7. ^ Белорусский академик попал под украинские санкции (рас.) Народная Воля

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць