Ільняны алей
Ільняны́ але́й — тлусты алей зь ільнянога насеньня, атрыманы прасаваньнем або рашчыненьнем арганікай.
Мае залаціста-жоўтае або бурае адценьне. Шчыльнасьць 926—936 кг/кубамэтар. Не распушчаецца ў вадзе, але хутка высыхае. Дае гладкую, сухую і бліскучую плёнку, якая плавіцца пры награваньні да +260°C. Служыць сыравінай для вытворчасьці пакосту, алькіднай смалы, сікатыву, алейнага лаку і мяккага гатунку мыла. У мэдыцыне служыць для прыгатаваньня мазі. Таксама ўжываецца ў харчаваньні[1].
Харчаваньне
рэдагавацьІльняным алеем запраўляюць бульбу, кашу, квашаную капусту, салату, хлеб і цыбулю. Ён зьмяшчае ўдвая больш поліненасычанай тлустай кісьлі амэга-3, чым рыбін тлушч. З гэтай прычыны мае мянушку «Золата мозгу», бо карысны для нэрвовай сыстэмы і сэрца. Пры вазе 70 кг чалавеку карысна ўлучаць звыш 10 грамаў ільнянога алею ў штодзённае харчаваньне, што складае звыш 3,6 кг за год. Прапісваецца людзям, у харчаваньні якіх не стае рыбы, а таксама хворым на алергію і хваробы сэрца, як і людзям у веку за 50 гадоў. Пры акісьленьні поліненасычанай кісьлі ад тлену набывае гаркаваты прысмак. Таксама ільняны алей зьмяшчае багата кісьлі амэга-6[2]. Амаль на палову складаецца з альфа-ліналенавай кісьлі (АЛК), што робіць ільняны алей найбагацейшай крыніцай АЛК у прыродзе[3].
Беларусь
рэдагавацьУ 1998 годзе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАНБ) занялася вывядзеньнем беларускіх гатункаў алейнага льну. У студзені 2000 году НАНБ заснавала «Інстытут ільну» ў вёсцы Вусьце Аршанскага раёну (Віцебская вобласьць) дзеля працягу гэтай дзейнасьці. На 2012 год ільняны алей для харчаваньня выраблялі ТАА «Клюб Фарм-Эка» ў Дарагічыне (Берасьцейская вобласьць), ААТ «Лідлён» (Гарадзенская вобласьць) і ААТ «Валожынскі льнокамбінат» (Менская вобласьць). Досьледная вытворчасьць існавала ў Паставах (Віцебская вобласьць). «Інстытут ільну» падаў на ўлік у Дзяржаўную інспэкцыю сортавыпрабаваньня сельскагаспадарчых культураў «Берасьцейскі» і «Сонечны» гатункі алейнага льну. Ураджайнасьць насеньня алейнага льну складала 1,5 тоны з гектара, што давала прыбытак 200 даляраў ЗША і рэнтабэльнасьць 50 %. Абсяг рынку Беларусі перавышаў 10 000 тонаў харчовага ільнянога алею[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ільняны алей // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — С. 203. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
- ^ а б Таісія Лысова. Срэбраныя ніці, залатыя кроплі // Рэспубліка : газэта. — 14 сьнежня 2012. — № 5652. — ISSN 1991-5322.
- ^ Валерыя Красоўская. Ежа для здароўя сэрца // Радыё «Свабода», 27 студзеня 2017 г. Праверана 1 сакавіка 2021 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |