Ігнацы Ляёля

(Перанакіравана з «Ігнацы Лаёла»)

Ігна́цы Ляёля (Іґна́сьё Ляёля, па-гішпанску: Ignacio de Loyola, па-лацінску: Ignatius de Loyola), поўнае імя І́ньіґа Лёпэс-дэ-Рэка́льдэ (гішп. Íñigo López de Recalde; 24 сьнежня 1491 — 31 ліпеня 1556) — каталіцкі сьвяты, гішпанскі шляхціч, баск з паходжаньня, вайсковец і сьвятар, заснавальнік Таварыства Езуса.

Ігнацы Ляёля
па-гішпанску: Ignacio de Loyola
Адукацыя
Дзейнасьцьрыма-каталіцкі ксёндз, салдат, founder of Catholic religious community
Сапраўднае імяпа-гішпанску: Iñigo López de Oñaz y Loyola
Нарадзіўся24 сьнежня 1491
Памёр31 ліпеня 1556 (64 гады)
Пахаваны
БацькаBeltrán II Ibáñez de Loyola[d][2]
МаціMaria Sáenz de Licona y Balda[d][2]
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў радавым замку ў гішпанскай краіне Баскаў. Ён быў трынаццатым дзіцём у сям’і. Адпаведна звычаю свайго часу, атрымаў хатняе выхаваньне. Ягонае юнацтва прайшло пры двары – ён быў пажом Хуана Вэласкэса, скарбніка гішпанскага караля. У складзе каралеўскай сьвіты шмат падарожнічаў па краіне. Пасьля сьмерці апекуна Ігнацы перайшоў на службу да віцэ-караля Навары.

Падчас франка-гішпанскіх бітваў апынуўся ў абложанай Памплёне, дзе і адбыліся падзеі, якія вызначылі ягоны лёс. 20 траўня 1521 году ён быў цяжка паранены ў нагу. Доўгі пэрыяд рэабілітацыі прымусіў яго заставацца ў сваім радавым замку. У яго было шмат часу на чытаньне кніг і разважаньні. Менавіта тады ён перажыў навяртаньне. Ігнацы вырашыў пакінуць сьвецкае жыцьцё, бляск і марнасьць якога пачалі яго гнясьці, і прысьвяціць сябе служэньню Богу.

Натхнёны бачаньнем Найсьвяцейшай Панны, Ігнацы канчаткова выбірае шлях хрысьціянскага ўдасканаленьня.

Найперш ён марыў наведаць зямлю, па якой хадзіў Збаўца. Такое рашэньне патрабавала грунтоўнай падрыхтоўкі, і Ігнацы накіраваўся ў знакаміты кляштар Мансэрат. Далей шлях павінен быў прывесьці яго ў Барсэлёну – адзін з найбуйнейшых партоў Міжземнага мора. Аднак, па невядомай прычыне, Ігнацы спыніўся паблізу – у Манрэсе. Адзінаццаць месяцаў ён правёў там у напружанай унутранай барацьбе, сумневах, падазронасьці і спакусах, якія часам даводзілі яго да шалу, але таксама атрымаў незвычайнае духоўнае прасвятленьне. Адна з найважнейшых падзей гэтага пэрыяду ўзьлётаў і падзеньняў душы – візыя на рацэ Карданэр, калі “ён зразумеў і спазнаў мноства рэчаў – як духоўных, так і пра веру і навукі”, атрымаўшы “вялікую яснасьць разуменьня”, надзвычай інтэнсіўную (“Апавяданьне пілігрыма”, 30). У Манрэсе Ігнацы духоўна пасталеў і падужэў. Выпрабаваньні стануць пасьля ключом да наступных дзеяньняў і лягуць у аснову ягонай кнігі “Духоўных Практыкаваньняў”.

У 1523 годзе Ігнацы выпраўляецца ў Рым, адкуль праз Вэнэцыю ўрэшце рэшт дабіраецца да Сьвятой Зямлі. Яго жаданьнем было застацца там назаўжды, але, паслухмяны патрабаваньню папскага пасланьніка, скончыў сваё пілігрымаваньне і вярнуўся ў Гішпанію.

У трыццаць тры гады ён сеў на школьную лаву, каб вывучыць лаціну. Затым у Алкале і Саляманцы слухаў лекцыі па філязофіі. Там Ігнацыя чакала новае выпрабаваньне – абвінавачваньне ў ерасі. Яго жабрацкая вопратка і аскетычны стыль жыцьця занадта кідаліся ў вочы. Акрамя таго, Ігнацы настаўляў і прапаведаваў, не маючы на тое афіцыйнага дазволу. Усё гэта выглядала падазроным для інквізыцыі: ці не зьяўляецца ён адным з тых alumbrados, сябраў сэкты, якая моцна непакоіла касьцёльную ўладу ў Гішпаніі. Пасьля расьсьледаваньня абвінавачваньні былі зьнятыя, аднак, амаль два месяцы Ігнацы давялося правесьці ў вязьніцах.

Гэтыя цяжкасьці не спынілі Ігнацыя. У 1528 годзе ён прыехаў у Парыж, каб працягнуць навучаньне. Паглыбляючы веды, ён слухаў лекцыі па тэалёгіі. Вучоба не давалася Ігнацыю лёгка. Ён жыў з міласьціны, якую ўдзялялі багатыя гішпанскія купцы. Нягледзячы на ўсе турботы, ён сустрэў у Парыжы верных сяброў, якія падзялялі ягоныя погляды: Францішак Ксавэры, П’ер Фабэр, Дыега Ляінэс, Сымон Радрыгэс, Мікалай Бабадзілья, Альфонса Сальмэрон. 15 жніўня 1534 году на Манмартры яны склалі ўрачыстыя шлюбы – беднасьці, чыстасьці і безумоўнай паслухмянасьці Папе – Намесьніку Хрыста на зямлі. Акрамя таго, сябры прынялі рашэньне зьдзейсьніць пілігрымку ў Сьвятую Зямлю.

Неўзабаве Ігнацый павінен быў пакінуць сваіх таварышаў і выправіцца ў Ляёлю, каб умацаваць сваё хісткае здароўе. Астатнія шляхам пілігрымаў накіраваліся ў Вэнэцыю. Там яны плянавалі сустрэцца і сесьці на карабель у Палестыну. Але зносіны Вэнэцыянскай Рэспублікі і Ўсходу зьмяніліся, і візыт у Сьвятую зямлю стаў немагчымым. Сябры засталіся і пачалі рыхтавацца да сьвятарскага пасьвячэньня. Увесь вольны час аддавалі хворым у бальніцах, выконваючы самую цяжкую і брудную працу. Ігнацы, вярнуўшыся з Ляёлы пасьля лячэньня, атрымаў пасьвячэньне 24 чэрвеня 1536 году. Усе разам яны выправіліся ў Рым з надзеяй знайсьці там адказ адносна сваёй будучыні.

У Ля Сторта па дарозе ў Вечны горад Ігнацы перажыў новае бачаньне, якое ўзрушыла яго да глыбіні душы. Хрыстус, прыгнечаны цяжарам крыжа, зацьвердзіў намер сяброў прысьвяціць сваё жыцьцё служэньню па Яго прыкладу. Шляхам доўгіх развагаў яны прыйшлі да разуменьня, якім чынам возьмуцца за ажыцьцяўленьне сваёй задумы. Тады і зьявіліся першыя накіды Канстытуцый, так званая “Формула Інстытуту”. Папа Павал ІІІ урачыста зацьвердзіў 27 верасьня 1540 году Канстытуцыю законнай супольнасьці, і з гэтага моманту пачало існаваць Таварыства Езуса — ордэн езуітаў. Ігнацы ўзначаліў гэты ордэн.

Ігнацый Лаёла памёр у Рыме 31 ліпеня 1556 году пасьля пятнаццаці гадоў кіраваньня Таварыствам, якое з цягам часу набыло надзвычай вялікае значэньне для ўсяго тагачаснага Касьцёлу, заняўшы вядучыя пазыцыі ў навуцы, выхаваньні і місіянэрскай дзейнасьці.

Сьвяты — апякун духоўных кіраўнікоў, удзельнікаў духоўных практыкаваньняў (рэкалекцый) і вайскоўцаў; ён абараняе ад нападаў д’ябла і згрызотаў сумленьня.

  1. ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #118555359 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  2. ^ а б Pas L. v. Genealogics (анг.) — 2003.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць