Ігнат Легатовіч
Ігнат Пётар Сымонавіч Легатовіч (па-польску: Ignacy Piotr Legatowicz, 10 жніўня [ст. ст. 30 ліпеня] 1796, маёнтак Малая Капліца, Гарадзенскі павет — 28 верасьня (10 кастрычніка) 1867) — беларускі і польскі паэт, пэдагог.
Ігнат Пётр Легатовіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 10 жніўня [ст. ст. 30 ліпеня] 1796 маёнтак Малая Капліца, Гарадзенскі павет, Слонімская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр | 28 верасьня (10 кастрычніка) 1867 |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, пэдагог |
Мова | беларуская мова і польская мова |
Узнагароды |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў шляхецкай сям’і.
Скончыў Гарадзенскую дамініканскую школу і Віленскі ўнівэрсытэт (1817), дзе атрымаў дыплём магістра. Працаваў выкладчыкам лацінскае мовы ў Менскай гімназіі (1817—1839), школьным інспэктарам ў Лепелі і Вількаміры.
У 1846, страціўшы зрок, пераехаў у Менск, дзе заняўся рэпэтытарства і літаратурнаю творчасьцю. Жыў бедна, бо не хапала пэнсіі. Часта наведваў дом Марцінкевічаў.
Творчасьць
рэдагавацьВершы і эпіграмы І. Легатовіча карысталіся вялікаю папулярнасьцю ў тагачасным грамадзтве. Паэт высьмейваў і агульначалавечыя заганы, і непрыстойныя паводзіны ды учынкі канкрэтных асобаў. Эпіграмы І. Легатовіча скіраваны супраць зладзеяў, п’яніцаў, злосных жонак і графаманаў. Асаблівы рахунак І. Легатовіч выстаўляў дактарам, лячэньне якіх не толькі спустошала кішэню хворага, але і скарачала век, магчыма тут выявіўся горкі жыцьцёвы вопыт паэта, бо страціўшы зрок, ён доўга і безвынікова спрабаваў вярнуць яго з дапамогаю мэдыцын.
Самым вядомым творам І. Легатовіча была эпіграма на сьмерць жорсткага прыгоньніка маршалка Менскае губэрні Леана Оштарпа. Сацыяльны аспэкт зьяўляецца асноўным і ў эпіграме «Адказ хлопа». Пэўна, антыпрыгоньніцкі пафас дадзеных твораў І. Легатовіча стаўся тою акалічнасьцю, якая зьвязала асобу паэта з ананімна надрукаваным у альманаху Адама Пянькевіча «Bojan» (1838) вершам «Скажы, Вяльможны Пане…». Напраўдзе ж, выдавец «Bojana» А. Пянькевіч (1811—1879) у 1830-я гады яшчэ не меў сувязі з І. Легатовічам.
Верш «Пра час» пераклаў на беларускую мову Уладзімер Мархель[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
Літаратура
рэдагаваць- Мархель У. На кампактнай мастацкай плошчы // Мархель У. Прысутнасць былога. С. 71.
- Янушкевіч Я. Услед за Міцкевічам і Пушкіным — Дунін-Марцінкевіч: Канцэпцыя аднаго супольнага юбілею аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры // Беларусіка — Albaruthenica кн. 20, 2001. С. 178—181
- Хаўстовіч М. Паэзія 30-40 гг. ХІХ ст. (Ян Чачот, Ігнат Легатовіч, Тадэвуш Лада-Заблоцкі) // Лекцыі па гісторыі беларускае літаратуры. БДУ, 2005.