Ёсіф Багдзевіч
Ё́сіф Міха́йлавіч Багдзе́віч (нар. 1937, Васілішкі, цяпер Шчучынскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь) — беларускі аграхімік-вынаходнік.
Ёсіф Багдзевіч | |
Дата нараджэньня | 28 жніўня 1937 (87 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | Васілішкі, Шчучынскі павет, Наваградзкае ваяводзтва, Заходняя Беларусь, Польская Рэспубліка |
Месца вучобы | Гарадзенскі дзяржаўны сельскагаспадарчы інстытут (1960) |
Навуковая сфэра | аграхімія |
Месца працы | Інстытут глебазнаўства і аграхіміі НАНБ |
Вядомы як | распрацоўнік спосабу пераадоленьня наступстваў радыёактыўнага забруджаньня глебаў пасьля Чарнобыльскай катастрофы 1986 году |
Навуковая ступень | доктар навук (1992) |
Навуковы кіраўнік | Іван Лупіновіч |
Узнагароды |
Доктар сельскагаспадарчых навук і прафэсар (1992). Заслужаны працаўнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1997) і акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ, 2003). Ляўрэат прэміі Міжнароднага саюзу вытворцаў калю (1995) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2002). Замежны сябра Ўкраінскай акадэміі аграрных навук (2002). 8-ы кіраўнік «Інстытуту глебазнаўства і аграхіміі» (1980—2005) НАНБ. Ганаровы доктар Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўнівэрсытэту. Абгрунтаваў павышэньне ўрадлівасьці дзярнова-падзолістых глебаў і вызначыў спосабы пераадоленьня наступстваў радыёактыўнага і хімічнага забруджаньня глебаў пасьля Чарнобыльскай катастрофы 1986 году[2].
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 1955 годзе паступіў на агранамічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага інстытуту, які скончыў у 1960-м. Яго выкладнікамі былі 1-ы загаднік катэдры хіміі Васіль Наўгольнікаў і загаднік катэдры батанікі Вадзім Кумакоў, які ладзіў досьледы ў навуковым гуртку, а таксама выкладніцы катэдры аграхіміі і глебазнаўства Маргарыта Чарнышова і Дзіна Андрэева, як і вядомы глебазнаўца-навукоўца Васіль Чацьвярыкоў. Паводле разьмеркаваньня 2 гады адпрацаваў у саўгасе «Васілішкі» Шчучынскага раёну. Наступныя 2 гады складаў мапы сельскагаспадарчых глебаў у атрадзе. У 1964 годзе паступіў у асьпірантуру Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту глебазнаўства і аграхіміі (БелНДІГА)[3]. У 1966-м стаў навуковым супрацоўнікам БелНДІГА, дзе ў 1970-м ачоліў лябараторыю аграхіміі. У 1971 годзе заняў пасаду намесьніка кіраўніка ў навуковай працы БелНДІГА. У 1974—1977 гадох працаваў галоўным экспэртам урадлівасьці глебаў у Дзяржаўнай арганізацыі мэліярацыі земляў Іраку[4]. У 1980 годзе стаў кіраўніком БелНДІГА[3].
У 1984-м выдаў супольную манаграфію «Аптымальныя парамэтры ўрадлівасьці глебаў». У 1992 годзе атрымаў навуковую ступеню доктара сельскагаспадарчых навук і навуковую годнасьць прафэсара[4]. У 1994 годзе атрымаў навуковую годнасьць акадэміка аграрных навук Беларусі[3]. У 1995 годзе атрымаў прэмію Міжнароднага саюзу вытворцаў калю. У 199-м атрымаў ганаровую годнасьць заслужанага працаўніка сельскай гаспадаркі Беларусі і выдаў у суаўтарстве «Кіраўніцтва па вядзеньні аграпрамысловай вытворчасьці ва ўмовах радыёактыўнага забруджаньня земляў Рэспублікі Беларусь на 1997—2000 гг.» У 2002 годзе стаў ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі за цыкль працаў «Стварэньне комплексу навучальнай літаратуры па аграхіміі для найвышэйшых і сярэдніх спэцыяльных сельскагаспадарчых навучальных установаў». Таксама ў 2002-м атрымаў годнасьць замежнага сябра Ўкраінскай акадэміі аграрных навук[4].
У 2003-м стаў акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ). У студзені 2006 заняў пасаду загадніка аддзелу ўрадлівасьці глебаў і лябараторыі маніторынгу ўрадлівасьці глебаў і экалёгіі Інстытуту аграхіміі і глебазнаўства НАНБ. Таксама атрымаў годнасьць ганаровага доктара Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўнівэрсытэту (ГДАУ)[3]. У кастрычніку 2012 году стаў галоўным навуковым супрацоўнікам лябараторыі маніторынгу ўрадлівасьці глебаў і экалёгіі Інстытуту аграхіміі і глебазнаўства НАНБ. Таксама ў 2012 годзе выпусьціў супольную манаграфію «Аграхімічная характарыстыка глебаў сельскагаспадарчых земляў Рэспублікі Беларусь»[4]. На жнівень 2014 году меў звыш 400 навуковых працаў, зь іх 6 манаграфіяў, а таксама 29 аўтарскіх пасьведчаньняў на вынаходзтвы.
Навуковая дзейнасьць
рэдагавацьНа 2022 год напісаў звыш 600 навуковых працаў, у тым ліку 6 манаграфіяў. Атрымаў 35 патэнтаў і аўтарскіх пасьведчаньняў на вынаходзтвы. Абгрунтаваў павышэньне ўрадлівасьці дзярнова-падзолістых глебаў і вызначыў спосабы пераадоленьня наступстваў радыёактыўнага і хімічнага забруджаньня глебаў. Распрацаваў мадэлі ўрадлівасьці глебаў з экалягічнымі абмежаваньнямі на прымяненьне сродкаў хімізацыі і мэтадалёгію кампутарнай сыстэмы глебаў. Вызначыў колькасную залежнасьць паступленьня радыёнуклідаў у сельскагаспадарчыя расьліны ад грануламэтрычнага складу, парадку ўвільгатненьня і земляробчых уласьцівасьцяў глебаў. Прапанаваў шэраг экалягічных мінэральных угнаеньняў з дадаткамі біястымулятараў і мікраэлемэнтаў[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ https://nasb.gov.by/bel/members/akademiki/bogdevich.php
- ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 28 жніўня 2014. — № 162 (27772). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в г Багдзевіч Ёсіф Міхайлавіч // Гарадзенскі дзяржаўны аграрны ўнівэрсытэт, 2022 г. Праверана 5 лютага 2022 г.
- ^ а б в г д Багдзевіч Ёсіф Міхайлавіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 5 лютага 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |