«Głos z Litwy» (па-беларуску: Голас зь Літвы) — падпольная газэта пэрыяду паўстаньня 1863—1864 гг. Выходзіла 1 лютага [ст. ст. 20 студзеня]1 красавіка) [ст. ст. 20 сакавіка] 1864 г. ва Ўсходняй Прусіі (Кёнігсбэрг, на нумарах у якасьці месца выданьня пазначалася Вільня) на польскай мове пад рэдакцыяй П. Джавецкага. Выйшла 5 нумароў. Зьяўлялася неафіцыйным органам віленскага паўстанцкага цэнтру, які выдзеліў сродкі на яе выданьне.

У газэце друкаваліся (бяз подпісу) карэспандэнцыя зь Вільні, Менску, Дзісеншчыны й інш. мясьцінаў, публіцыстычныя артыкулы з ацэнкай бягучага моманту й міжнароднага становішча, зьвесткі пра баявыя дзеяньні паўстанцаў, дакумэнты, якія выкрывалі палітыку царскіх уладаў. Ініцыятарам газэты быў Кастусь Каліноўскі, у зборы матэрыялаў і кіраўніцтве газэтай прымаў удзел прадстаўнік Каліноўскага за мяжой Уладзіслаў Малахоўскі. Выхад 1-га нумара Каліноўскі вітаў у «Лістах з-пад шыбеніцы», 1-я частка якіх зьяўляецца непасрэдным зваротам у рэдакцыю: «І да нашага кутка даляцела ваша Газэтка, і мы яе з увагай прачыталі, вельмі яна ўсім спадабалася, бо праўда напісана. Прыймеце для таго нашу падзяку, а пісьмо аддрукуйце…». Зь невядомых прычынаў пісьмо не было зьмешчанае (апублікаванае ў 1867 г.), але, магчыма, у газэце зьмешчаныя іншыя матэрыялы Каліноўскага, несумненны яго ўплыў на ідэйны зьмест газэты. У карэспандэнцыі зь Вільні ад 7 (19) сакавіка 1864 выказаная любімая ідэя Каліноўскага пра права на самастойнае разьвіцьцё ўсіх народаў былой Рэчы Паспалітай і адпаведным раўнапраўным статусе нацыянальных моваў гэтага рэгіёну: «… мы хочам, каб кожная мова разьвівалася паводле ўласнай жыцьцяздольнасьці — і летувіская, і беларуская, і маларуская, і польская».

Літаратура

рэдагаваць
  • Маляўка, М.А. Каму адрасавана «Пісьмо з-пад шыбеніцы» К.Каліноўскага? // Исследования по общественным и гуманитарным наукам: Тез. докладов на конференции по итогам научной работы на 1968—1969 учебные года. — Гомель, 1969.