Dream Theater

прагрэсіўна-мэталёвы гурт ЗША

Dream Theater — амэрыканскі гурт, грае ў стылі прагрэсіў-мэтал. Існуе з 1985 году.

Dream Theater

Зьлева направа: Майк Партной, Джон Пэтручы, Джэймз Лабры, Джон Маянг, Джордан Рудэс
Гады 1985 — цяпер
Краіна
Месца ўтварэньня ЗША
Мова ангельская
Жанр прагрэсіў-мэтал, прагрэсіў-рок
Выдавец Roadrunner Records[d]
Зьвязаныя праекты Liquid Tension Experiment, Liquid Trio Experiment, Opeth, Explorers Club, MullMuzzler, Nightmare Cinema, OSI, Platypus, The Jelly Jam, Transatlantic, True Symphonic Rockestra, Chroma Key, Ayreon
Удзельнікі Джон Пэтручы
Джэймз Лабры
Джон Маянг
Джордан Рудэс
Майк Партной
Былыя ўдзельнікі Чарлі Дамінічы
Кевін Мур
Дэрак Шарыньян
Крыс Колінз
Майк Манджыні
dreamtheater.net

Гурт быў утвораны навучэнцамі Музычнага каледжу Бэрклі Джонам Маянгам, Джонам Пэтручы ды Майкам Партным з арыгінальным назовам «Majesty» і зь цягам часу стаў найбольш пасьпяховым у абраным жанры з часоў сярэдзіны 1970-х гадоў, калі зьявіўся сам прагрэсіў-рок.

Гісторыя

рэдагаваць

Зьяўленьне (1985)

рэдагаваць

Гурт зьявіўся ў верасьні 1985 году. Гітарыст Джон Пэтручы і бас-гітарыст Джон Маянг вырашылі стварыць гурт, каб бавіць вольны час ад свайго навучэньня ў Музычным каледжы Бэрклі. Яны выпадкова трапілі на Майка Партнога, які граў у адным з пакояў каледжу і прапанавалі яму далучыцца да гурта. Трыё пачало выконваць кампазыцыі гуртоў Iron Maiden і Rush.

Цягам часу хлопцы запрасілі былога аднагрупніка Джона Пэтручы, Кевіна Мура, граць на клявішных і, троху пасьля, іншага старога сябра, Крыса Колінза, дзеля сьпеваў, і тым самым сфармавалі першы склад гурта. Цягам таго, як прасоўваліся справы гурта, ягоныя ўдзельнікі былі вымушаны спыніць сваё навучаньне і кінуць каледж.

The Majesty Demos і зьяўленьне Dream Theater (1986—1987)

рэдагаваць

Ад пачатку 1987 году гурт быў заняты шматлікімі выступамі ў ваколіцах Нью-Ёрку. Падчас гэтых выступаў была зроблена пэўная колькасьць дэма-запісаў, што ўрэшце склалі запіс The Majesty Demos. Першапачатковы наклад памерам у 1000 асобнікаў быў распрададзены цягам наступных 6 месяцаў, што разам зь нелегальнымі касэтнымі копіямі матэрыялу прынесла гурту пэўную вядомасьць на сцэне прагрэсіўнага мэталу. У дадзены момант гэтыя запісы можна знайсьці ў выглядзе перавыданьня лэйблам Партнога YtseJam Records.

У лістападзе 1986 году Крыс Колінз сышоў з гурта з-за творчых сварак. Пасьля году пошукаў быў знойдзены Чарлі Дамінічы, які быў значна старэйшы і значна больш дасьведчаны за астатніх удзельнікаў. Ад моманту зьяўленьня новага ўдзельніка гурт хутка пачаў набіраць моц. Колькасьць канцэртных выступаў хутка ўзрастала, што прынесла дадатковыя сродкі ўдзельнікам. Адразу пасьля прыёму Дамінічы супраць Majesty была распачатая судовая справа за назву, якую інсьпіраваў гурт з Лас-Вэгасу, што таксама зваўся Majesty. Пасьля пэўнага пошуку варыянтаў, сярод якіх былі Glasser, Magus, ды M1, бацька аднога з музыкаў прапанаваў слушную назву Dream Theater, у гонар колішняга кінатэатру ў Мантэрэі (Каліфорнія).

When Dream and Day Unite (1988—1990)

рэдагаваць

Паступова з павелічэньнем колькасьці выступаў, ад моманту зьяўленьня ў складзе Дамінічы пачаў хутка зьбірацца новы музычны матэрыял. Аднойчы чарговы выступ быў заўважаны прадстаўніком Mechanic Records, што зьяўлялася часткай MCA. У выніку Dream Theater падпісалі свой першы кантракт 23 чэрвеня 1988 году, у адпаведнасьці зь якім гурт мусіў запісаць альбом.

When Dream And Day Unite сапраўды быў запісаны ў 1989 годзе, але амаль ніякіх іншых абавязкаў па кантракце (перадусім, фінансавых) лэйбл не выконваў. Dream Theater быў вымушаны працягваць выступы ў ваколіцах Нью-Ёрку. Прома-тур да альбому складаўся толькі з 5 выступаў, якія таксама не выходзілі за межы Нью-Ёрку.

Пасьля чацьвертага з прома-канцэртаў, Дамінічы зышоў з гурта з-за творчых і асабістых спрэчак. У хуткім часе пасьля гэтага гурт Marillion запрасіў Dream Theater адчыніць шоў у Рытцу (Нью-Ёрк) і Дамінічы атрымаў магчымасьць зладзіць апошні сумесны канцэрт. Пасьля гэтага пачаліся два гады пошуку вакаліста.

Images and Words (1991—1993)

рэдагаваць

Пасьля зыходу Чарлі Дамінічы Dream Theater здолелі прыпыніць дзеяньне недарэчнага кантракта з Mechanic Records, пачаць пошукі новага вакаліста дый патроху ствараць матэрыял на новы альбом. Падчас пошуку была перапрабаваная вялікая колькасьць розных вакалістаў, у тым ліку Джон Арч, былы фронтмэн Fates Warning, і ніводны ня быў абраны сталым удзельнікам гурта. У сярэдзіне 1990 году, падчас канцэрту ў Нью-Ёрку, Dream Theater назвалі некага Стыва Стоўна новым вакалістам, але ж ён не прасьпяваў і трох кампазіцыяў перад тым, як яго тутака ж звольнілі за неадэкватныя паводзіны. Урэшце, празь пяць месяцаў гурт быў вымушаны даць цалкам інструмэнтальны выступ, нават пад назовам YtseJam. Да сярэдзіны 1992 году Dream Theater былі вымушаны актыўна шукаць новага вакаліста. Паўсьцяж гэтых падзеяў была створана большасьць матэрыялу на новы альбом, што выйшаў пазьней пад назовам Images And Words у 1992 годзе.

Напрыканцы 1991 году з Канады на праслухваньне прыляцеў сьпявак глэм-мэталічнага гурта Winter Rose, Кевін Джэймз Лабры. Джэймз прасьпяваў на джэм-сэсіі з гуртом тры кампазыцыі і адразу ж быў прыняты як сталы ўдзельнік гурта. Адразу пасьля найму Лабры вырашыў зьмяніць імя, пакінуўшы толькі частку «Джэймз», каб не было блытаніны зь іншым Кевінам. Некалькі наступных месяцаў былі напоўненыя канцэртамі, у асноўным па-ранейшаму ў навакольлі Нью-Ёрку дый запісу сьпеваў да раней створанага матэрыялу. У гэты час ATCO Records (цяпер завецца EastWest), частка Elektra Records, дамовілася з Dream Theater аб кантракце на выданьне 7 альбомаў, базуючыся на толькі трох дэма-запісах, якія пазьней сталі дасягальнымі слухачам у выглядзе The ATCO demos, выдадзеных фэн-клюбам гурта.

Першым дыскам, створаным у межах новага кантракту, стаўся Images and Words, які быў выдадзены ў 1992 годзе. Дзеля прамоцыі гэтага дыску, быў зроблены CD-сынгл на трэк «Another Day» разам зь відэа-кліпам на гэтую ж песьню. Камэрцыйнага посьпеху гэтыя высілкі не прынесьлі, але безадносна гэтага, кампазыцыя «Pull Me Under» раптоўна і нечакана для выдаўцы атрымала высокі ўзровень на радыё. Вынікам гэтых падзеяў стала тое, што ATCO Records зладзілі кліп на «Pull Me Under», які атрымаў буйную ратацыю на MTV. Трэцім кліпам з альбому стаўся «Take the Time», але ён нават і блізка не дайшоў да ўзроўню «Pull Me Under».

Посьпех «Pull Me Under» разам зь няспыннымі канцэртамі па ЗША і Японіі прывялі да атрыманьня Images and Words залатога статусу ў ЗША і плацінавага — у Японіі. Тур па Эўропе, што адбыўся пасьля гэтага, прынёс запісаны канцэрт у славутым лёнданскім клюбе Marquee. Запіс гэтага канцэрту трапіў да слухачоў у выглядзе канцэртавага дыску Live at the Marquee і стаўся першым афіцыйным канцэртавым дыскам Dream Theater. Запісы ж японскіх канцэртаў з шэрагам дакумэнтальных здымкаў выйшлі пазьней як відэа Images and Words: Live in Tokyo.

У траўні 1994 году Dream Theater трапілі ў студыю дзеля працы над чарговым дыскам. Новы альбом, Awake, пабачыў сьвет у кастрычніку 1994 году. Падчас мастэрынгу альбома Кевін Мур паведаміў астатнім удзельнікам гурта аб сваім намеры пакінуць Dream Theater. Ён, маўляў, перастаў быць зацікаўленым як у канцэртах з гуртом, так і ў самым музычным кірунку Dream Theater. У выніку, гурт быў павінны тэрмінова шукаць клявішніка дзеля ўдзелу ў туры на падтрымку Awake.

Падчас пошуку новага клявішніка самым вядомым кандыдатам быў Енс Ёхансан, будучы клявішнік Stratovarius. Праз пэўны час Dream Theater вырашылі ўзяць на ролю клявішніка Джордана Рудэса, якога Партной і Пэтручы знайшлі, праглядаючы часопіс Keyboard Magazine, дзе ён быў апісаны як «новы талент» паводле апытаньня чытачоў. Але калі пасьля сумеснага джэм-сэйшна Джордану прапанавалі месца клявішніка ў гурце, ён адмовіўся, абраўшы замест гэтага тур з The Dixie Drags. У выніку, у тур падтрымкі Awake паехаў Дэрак Шарыньян, таксама выпускнік музычнага каледжу Бэрклі. Як вынік туру, Дэраку было прапанаванае сталае месца клявішніка ў гурце.

A Change of Seasons і Falling Into Infinity (1995—1998)

рэдагаваць

Пасьля зьяўленьня новага чальца, Dream Theater не адразу пачалі пісаць новы матэрыял. Фэны з усяго сьвету, аб’яднаныя ў паштовую расылку YtseJam (на той момант найбольш папулярны сродак камунікацыяў фэнаў) пачалі ціснуць на гурт з тым, каб тыя выдалі трэк «A Change of Seasons», які меўся да выхаду на дыску Images And Words і быў напісаны яшчэ ў 1989 годзе і ня трапіў на кружэлку з-за буйнога памеру (амаль 17 хвілін). Дарэчы, гурт час ад часу граў гэты трэк ужыўку і дапрацоўваў яго ажно да афіцыйнага выданьня ў 1995 годзе.

Дзеяньні фэнаў мелі посьпех і музыкі ад красавіка 1995 году пачалі працаваць у BearTracks Studios (Нью-Ёрк) з тым, каб перапрацаваць і выдаць 23-хвілінную кампазыцыю з унёскам Дэрака Шарыньяна ў выглядзе скончанага прадукту. Дыск Change of Seasons быў выдадзены як EP з даданымі кавэр-песьнямі, што былі запісаныя на адмысловым фэн-канцэрце Uncovered.

Пасьля хуткага стосу канцэртаў у падтрымку A Change of Seasons, Dream Theater зрабілі перапынак на колькі месяцаў. Падчас гэтага перапынку гурт выдаў калядны Christmas CD праз свой афіцыйны фэн-клюб, у які ўваходзілі рэдкія канцэртавыя запісы, створаныя за мінулыя гады. Яны працягвалі выдаваць новыя калядныя CD да 2005 году.[1] Таксама падчас адпачынку кожны з удзельнікаў гурта меўся напісаць нешта сваё на новы дыск, што рыхтаваўся да запісу.

Між тым, адбыліся зьмены на EastWest і чалавек, які адказваў за кантакт Dream Theater з выдаўцом быў звольнены. Як вынік, новая каманда ня мела спэцыяльных адносінаў з Dream Theater, і яны пачалі ціснуць на гурт з мэтай стварэньня апошнімі больш камэрцыйна прымальнага альбому. Напрыканцы 1996 году пачаўся запіс. У дадатак да ціску з мэтай больш камэрцыйнага гучаньня, EastWest наймела аўтара і прадусара Дэзманда Чайлда, каб той працаваў з Джонам Пэтручы над выпраўленьнем тэкстаў песьні «You Or Me». Уся група была змушаная перапрацаваць музыку песьні, тая зьявілася на дыску як «You Not Me», вельмі адрозная ад арыгіналу. Вынікам супрацы з Чайлдам гэтаксама сталася тое, што дыск выйшаў з прасьцейшымі і слушнымі для радыёэтэру песьнямі.

Гурт напісаў амаль на два CD матэрыялаў, у тым ліку 20-хвілінны працяг да песьні з Images And Words «Metropolis Part 1: The Miracle and the Sleeper». Выдавец, аднак, не дазволіў выдаць двайны альбом, бо меў сумнеў у тым, што масавая публіка ўспрыме 140-хвілінавы запіс. Залішнія трэкі былі пазьней выданыя ў рэлізе YtseJam Records The Falling Into Infinity Demos[2].

Атрыманы на дыску Falling Into Infinity матэрыял атрымаў вельмі зьмешаную рэакцыю ад слухачоў, якім больш падабалася ранейшае гучаньне гурту. Альбом цалкам меў больш-менш прагрэсіўнае гучаньне, але некаторыя трэкі зь яго (як «Hollow Years» і «You Not Me») успрыняліся некаторымі як пачатак новага мэйнстрымавага Dream Theater. Суцэльна, альбом быў як камэрцыйным, так і крытычным расчараваньнем. Нашмат гадоў пазьней, Майк Партной ў камэнтарах 2004 году да DVD 5 Years in a LIVEtime адзначыў, што той пэрыяд прыводзіў яго да высновы аб неабходнасьці скончыць існаваньне гурту.

Падчас эўрапейскай часткі сусьветнага туру Touring Into Infinity, два канцэрты былі запісаныя для жывога альбому, што быў названы Once In A LIVEtime, у Францыя і Нідэрляндах. Альбом выйшаў прыкладна ў тыя ж часы, што і відэа 5 Years in a LIVEtime, што апісвала пэрыяд у жыцьці групы ад часу зыходу Кевіна Мура да часу туру ў падтрымку Falling Into Infinity.

Scenes from a Memory і Metropolis 2000 (1999—2001)

рэдагаваць

У 1997 годзе Майк Ўорні з Magna Carta Records запрасіў Партнога, каб той сабраў прагрэсіўны супэргурт дзеля працы над альбомам, што распачне доўгі сьпіс сайд-праектаў удзельнікаў Dream Theater. Гурт склаўся з Партнога на барабанах, Пэтручы на гітары, Тоні Левіна на басе і клявішніка Джордана Рудэса, што сышоў з Dixie Dregs. Гурт атрымаў назоў Liquid Tension Experiment і стаўся тым чыньнікам, які дазволіў Партному і Пэтручы ізноўку запрасіць Рудэса далучыцца да Dream Theater. У 1999 годзе ён адклікнуўся на прапанову і стаў трэцім клявішнікам Dream Theater, замяніўшы Шэрыняна.

З чарговым новым чальцом, Dream Theater ізноў увайшлі ў студыю BearTracks Studio дзеля запісу чарговага альбому. Вынікам ультыматуму Партнога стаўся поўны дазвол выдаўца на творчую свабоду. Працяг «Metropolis Part 1», што быў напісаны падчас сэсіяў запісу Falling Into Infinity (але ня трапіў на альбом), быў узяты з паліцы на дапрацоўку. Хлопцы вырашылі дапрацаваць 20-хвілінную песьню да поўнага канцэптуальнага альбому, што апавядаў бы гісторыю на такія тэмы, як рэінкарнацыя, забойства ды здрада. Каб пазьбегнуць збаламучваньня фэнаў, стварэньне і запіс альбому былі зробленыя максымальна сакрэтна. Адзінае, што трапіла да публікі да рэлізу — трэкліст і дакладная дата рэлізу. У 1999, Metropolis Pt. 2: Scenes from a Memory выйшаў і атрымаў вялікі посьпех. Дыск успрымаецца шматлікімі аматарамі і крытыкамі як найбольшае дасягненьне Dream Theater, нягледзячы на толькі #73 у US album chart.

Альбом быў зьведзены Дэвідам Батрылам, але толькі некалькі міксаў трапілі на канчатковую вэрсію дыску. Астатняе было зроблена Кевінам Шырлі. Рэшты міксаў можна пачуць на афіцыйным бутлегу «The Making of Scenes from a Memory».

Вялікі сусьветны тур адбыўся пасьля выхаду альбому, заняўшы больш за год. Канцэрты адлюстроўвалі тэатральную сутнасьць альбому. Падчас канцэртаў выконваўся дыск Scenes From a Memory цалкам, зь відэа-экранам ззаду сцэны, на якім дэманстраваўся адмысловы відэашэраг. У дадатак да альбому выконваўся другі сэт з больш старых кампазыцыяў Dream Theater, а таксама троху кавэраў ды імправізацыяў з старога матэрыялу Dream Theater.

На адным адмысловым выступе, у Roseland Ballroom у Нью Ёрку, былі нанятыя акторы, каб адыграць удзельнікаў гісторыі, і таксама госпэл-хор, які меўся ўдзельнічаць у выступе.

Гэты выступ, апошні ў паўночнаамэрыканскім туры, быў запісаны дзеля першага ў гісторыі групы DVD-рэлізу. Пасьля шматлікіх тэхнічных затрымак дыск, названы Metropolis 2000: Scenes from New York, быў выдадзены напачатку 2001. У хуткім часе гурт паведаміў, што будзе выдадзена поўная аўдыё-вэрсія канцэрту (з амаль чатырохчасавым сэтлістам).

Аблонка для CD, названага Live Scenes from New York, адлюстроўвала адзін з ранейшых лягатыпаў Dream Theater (часоў Images And Words) палаючае сэрца, мадыфікаванае ў бок яблыка (алюзія на «Вялікі Яблык» — мянушку Нью-Ёрку), і відарыс Нью-Ёрку, разам зь вежамі-двайнятамі Сусьветнага гандлёвага цэнтру, і полымя вакол яго. Як выпадковасьць, альбом быў выпушчаны менавіта ў тую ж дату, што і атакі 11 верасьня 2001 году. Наклад альбома быў адразу ж адазваны і перавыданы з новай вокладкай.

Six Degrees of Inner Turbulence (2002)

рэдагаваць

Пасьля чатырох гадоў змаганьня гурт атрымаў дазвол ад выдаўца на запіс двайнога дыску і з гэтым настроем пайшоў у студыю. Вынікам атрымаўся Six Degrees Of Inner Turbulence, які зьмяшчаў на першым дыску пяць трэкаў па 7—13 хвілін, а на другім — адную цэльную 42-хвілінавую кампазыцыю, якая на сучасны момант ёсьць самай доўгай кампазыцыяй у Dream Theater.

Дыск атрымаў вельмі станоўчыя водгукі ад крытыкі і прэсы, дайшоў да #46 у чартах Billboard і да першага месца — у ягонае інтэрнэт-вэрсіі. Наступныя паўтара году гурт гастраляваў па сьвеце з пашыраным сэтам, які акрамя новых кампазыцыяў меў таксама спэцыяльныя «кавэр-канцэрты», на якіх цалкам выконваліся такія клясычныя альбомы як «Master Of Puppets», створаны гуртам Metallica і «The Number Of The Beast» Iron Maiden.

Train of Thought і Live at Budokan (2003—2004)

рэдагаваць

Цягам 2003 году Dream Theater трапілі ў студыю дзеля запісу чарговага альбому. Ад часоў Scenes From A Memory яны пісалі і запісвалі музыку ў адзін час, таму гэтым разам вырашылі наперш тры тыдні адвесьці стварэньню музыкі перад запісам. Падчас сэсіі запісу яны зьнянацку выбраліся на адмысловы тур з назовам «Escape From Studio American Tour» (уцёкі са студыі), які зладзілі сумесна з Queensrÿche і Fates Warning. Канцэрты былі пабудаваны такім чынам, што напрыканцы кожнага зь іх удзельнікі мелі мажлівасьць граць разам, і часьцей за ўсё гэта былі кавэр-вэрсіі вядомых гітоў.

Напрыканцы туру гурт вярнуўся ў студыю з тым, каб скончыць запіс сёмага па ліку альбому, «Train Of Thought». Пры напісаньні матэрыялу гурт больш арыентаваўся на стварэньне песенна-арыентаванага дыску, працуючы ўсьлед адыграным на нядаўніх канцэртах «Master Of Puppets» і «The Number Of The Beast». Вынікам такога падыходу атрымаўся больш мэталёва аздоблены дыск, які не знайшоў надта масавае падтрымкі ў сталых фэнаў гурта, але прыгяцнуў да сябе ўвагу як больш шырокага кола аматараў мэталу як стылю, так і шматлікіх музычных крытыкаў.

Падчас наступнага туру Dream Theater адыграў колькі сумесных канцэртаў з аб’ектам іх заўсёдашняга натхненьня, Yes. Пасьля гэтых сумесных выступаў гурт скончыў тур з праграмай, што звалася «An Evening With Dream Theater»

Наступным крокам стаўся запіс канцэрту ўжыўку, адначасова на CD і DVD, гэтым часам — у славутым Nippon Budokan Hall (Токіё, Японія), падчас сусьветнага туру Train Of Thought. Live In Budokan быў выдадзены 5 кастрычніка 2004 году і пацьвердзіў рэпутацыю гурта як галоўных выканаўцаў стылю.

Octavarium і Score (2005—2006)

рэдагаваць

Напрыканцы туру ў падтрымку Train Of Thought Dream Theater трапілі ў студыю Hit Factory ў Нью-Ёрку дзеля запісу восьмага альбому. Так атрымалася, што яны былі апошнім гуртом, што запісалі альбом у гэтай слыннай студыі і апасьля сканчэньня працы над дыскам агні студыі згасьлі назаўжды.

Octavaruim пабачыў сьвет 7 чэрвеня 2005 году і вывеў гучаньне гурта на новы кірунак. Сярод гэтых васьмі трэкаў знайшоў месца працяг дванаццацікрокавай сагі Партнога (крокі 6—7 з заплянаваных 12), гэтаксама як і музычна разнастайны 24-хвілінавы эпік, пасьлядовец Change Of Seasons. Octavarium атрымаў зьмешаныя водгукі ад фэнаў і быў нагодай для сур’ёзных спрэчак. Ён таксама стаўся апошнім зь сямі альбомаў, якія меліся запісаць музыкі ў межах кантракту з Elektra Records, які перайшоў да спадкаемцы ад EastWest Records.

Dream Theater вельмі істотна гастралявалі ў пэрыяд 2005—2006 гадоў, у тым ліку, з нагоды 20-годзьдзя гурта. Яны ачолілі праект Gigantour. Напрыканцы туру Gigantour Dream Theater працягнулі свае ўласныя канцэрты. Так, на амаль не рэклямаваны канцэрт 1 красавіка 2006 году ў Radio City Hall квіткі былі распрададзеныя за лічаныя дні пасьля пачатку продажу. Гэтае шоў было выдадзена Rhino Records на CD і DVD пад назовам SCORE 29 жніўня 2006 году і сталася першым запісам Dream Theater, у якім прымаў удзел сымфанічны аркестар (названы Octavarium Orchestra).

Systematic Chaos (2007—2008)

рэдагаваць

Наступны альбом Dream Theater выйшаў 5 чэрвеня 2007 году. Гэта быў першы вынік супрацы з Roadrunner Records, часткай Atlantic Records. Roadrunner сур’ёзна паставіўся да прамоцыі дыску і як вынік, альбом трапіў на #19 месца гіт-параду Billboard 200, што стала лепшым вынікам для альбомаў гурту. Таксама, сьвет убачыў кліп на трэк «Constant Motion» 14 чэрвеня, першы кліп гурта ад часоў пачатку 1990-х. Таксама была выдадзена афіцыйная кніга пра гісторыю гурта, Lifting Shadows, якая асьвятляла першыя 20 гадоў існаваньня. Systematic Chaos зьмяшчаў 8 трэкаў, але 7 песьняў. Чарговы эпік, «In The Presence Of Enemies» быў разьбіты на дзьве часткі, на пачатку альбому і ў канцы. Таксама ў склад трапіла чарговая частка АА-сагі Партнога («Repeatance») і палітычная па сутнасьці «Prophets Of War».

Сусьветны тур 2007/2008 «Chaos In Motion World Tour» распачаўся ў Італіі, і ўключаў выступы на шмалікіх эўрапейскіх фэстывалях. Ад сярэдіны лета Dream Theater выступаў у Паўночнай Амэрыцы, тур працягваўся ажно да наступнага году, з выступамі ў Азіі, Паўднёвай Амэрыцы і, упершыню, Аўстраліі.

Greatest Hit і Chaos in Motion (2008)

рэдагаваць

1 красавіка 2008 году выйшаў двухдыскавы зборнік лепшых гітоў каманды пад назовам Greatest Hit (…and 21 Other Pretty Cool Songs). Жартаўніча, загалоўны трэк быў прыпісаны да «Pull Me Under», адзінага сапраўднага радыё-гіта гурта. Таксама на складанку трапілі перамікшаваныя вэрсіі кампазыцыяў з другога альбому, «Images And Words», пяць рэдагаваных кампазыцыяў з больш позьніх альбомаў і адзін сынгл. У адрозьненьне ад шмат якіх іншых складанак лепшых гітоў, Dream Theater актыўна ўдзельнічалі ў працэсе адбору кампазыцыяў на дыск з тым, каб атрымаць больш поўнае адлюстраваньне сваёй музычнае кар’еры. Гэты дыск стаўся апошнім дыскам у супрацы з лэйблам-даўгачасным партнэрам, Atlantic Records.

Пасьля выхаду дыску хутка прайшоў чарговы тур, «Progressive Nation Tour 2008», які распачаўся 29 красавіка. Адметнай рысай туру было тое, што гурт даваў канцэрты ў гарадох, у якіх ніколі ня граў ці ня граў вельмі працяглы тэрмін.

Пасьля гэтага туру Dream Theater выпусьцілі дыск Chaos In Motion 2007—2008. На гэты рэліз трапілі выступы з розных канцэртаў сусьветнага туру. Выйшлі два варыянты DVD, стандартны двухдыскавы сэт і спэцыяльная рэдакцыя з трыма CD, ён выйшаў 30 верасьня 2008 году.

Black Clouds & Silver Linings і зыход Майка Партнога (2008-2010)

рэдагаваць

2 чэрвеня 2008 Майк Партной паведаміў, што гурт пачынае працу над новым дыскам. 7 кастрычніка 2008 Dream Theater пачалі запіс свайго дзясятага альбому. Дыск, што завецца Black Clouds & Silver Linings, выйшаў 23 чэрвеня 2009 году. Акрамя стандартнага кампакт-дыску, новая студыйная праца дасягальная на вініле, гэтаксама ж як і трохдыскавы пашыраны бокс-сэт, на якім акрамя альбому ёсьць інструмэнтальныя вэрсіі кампазыцыяў і дыск з шасьцю кавэрамі.

1 траўня Майк размаўляў з Metal Hammer пра новы дыск і паведаміў, што песьня «The Shattered Fortress» сталася апошняй з цыклю 12-крокавай супрацьалькагольнае сюіты, а «The Best of Times» — яго глыбока пэрсанальная тэма, датычная ягонага айца, які пайшоў з жыцьця якраз у час запісу альбому.

Гурт таксама ж распавёў пра пляны другога туру «Progressive Nation», гэтым разам з канцэртамі ў Эўропе. Opeth, Bigelf і Unexpect падтрымаюць эўрапейскую частку туру, а ў амэрыканскай прыме ўдзел Zappa Plays Zappa.

22 чэрвеня 2009 Майк на сваім форуме паведаміў, што ў туры адбыліся зьмены, Pain of Salvation, Beardfish і Zappa plays Zappa ня прымуць удзелу ў туры. 1 ліпеня 2009 году новы альбом трапіў у Billboard Top 200 на 6 месца, атрымаўшы за тыдзень 40 285 продажаў.

8 верасьня 2010 году Майк Партной паведаміў грамадзкасьці аб тым, што ён пакідае гурт.[3] Прычынай гэтага па ягоных словах стала страта інтарэсу да супрацы з калегамі.

A Dramatic Turns of Events і далучэньне Майка Манджыні (2011—2012)

рэдагаваць

Лягатып і выявы

рэдагаваць

Нягледзячы на вымушаную зьмену назову, Dream Theater адаптаваў уласны лягатып (вядомы як сымбаль Majesty) і wordmark (афіцыйнае напісаньне назову), што месьціцца на амаль усіх прома-матэрыялах гурту, а таксама і на ўсіх студыйных альбомах. Сымбаль Majesty паходзіць ад знаку Мэры Каралевы Шатландцаў[4][5], што быў перапрацаваны Чарлі Дамінічы дзеля выкарыстаньня ў вокладцы альбому When Dream and Day Unite.[6] Ён складаецца зь вялікае літары Фі, вялікае Мю, і вялікае Лямбда.

Дыскаграфія

рэдагаваць

Апроч афіцыйных альбомаў сучасныя і былыя музыкі гурта маюць сотні дыскаў бутлегаў і досьвед удзелу ў вялізным стосе пабочных праектаў.

  1. ^ Дзевяць Калядных CDs было выдана фэн-клюбам Dream Theater’s, покуль ён ня быў зачынены ў 2005. DTIFC on Dream Theater.net.
  2. ^ Falling Into Infinity Demos  (анг.)
  3. ^ https://web.archive.org/web/20110902020701/http://dreamtheater.net/news_dreamtheater.php#mppressrelease
  4. ^ Знак Мэры Каралевы Шатландцаў дасягальны на DreamTheater.net.
  5. ^ Вышыванка зь лягатыпам Мэры ўжыўку [1]
  6. ^ Dixon, Brad et al. «What is the 'symbol' DT use?».