Сьвістун
Сьвістун (Свіязь па-лацінску: Anas penelope) — від качак сямейства качыных. Назву атрымаў за свой характэрны сьвіст.
Сьвістун | |
Самец сьвістуна | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Кляса | Птушкі |
Атрад | Гусепадобныя |
Сямейства | Качыныя |
Род | Рачныя качкі |
Від | Сьвістун |
Бінамінальная намэнклятура | |
Mareca penelope L., 1758 | |
Апісаньне
рэдагавацьДаўжыня цела 42—50 см, размах крылаў 71—80 см. Маса цела 650—800 г, сустракаецца да 1 кг.
Афарбоўка самца ў шлюбны пэрыяд шэрая з бакоў і чорная ззаду. На верхняй частцы крылаў бліскучыя белыя плямы, добра заўважныя падчас палёту. Грудзі ружовыя, белы жывот, руда-каштанавая галава і крэмавая карона, ад дзюбы да патыліцы шырокая сьветла-жоўтая палоска. У астатні час болей падобны да саміцы. Саміца сьветла-карычневая, з апярэньнем, падобным афарбоўкай да амэрыканскага сьвістуна.
Распаўсюджаньне
рэдагавацьСьвістун шырока распаўсюджаны ў самых паўночных абласьцёх Эўропы і Азіі. Узімку пералятае на поўдзень, у Паўднёвую Азію і Афрыку. На зімоўцы і гнездаваньні ў Беларусі сустракаецца вельмі рэдка, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Сьвістун — птушка адкрытых забагненых мясьцінаў зь вялікай колькасьцю ўчасткаў чыстай вады і багатай высокай расьліннасьцю. Таксама сустракаецца на лясных азёрах, зрэдку ў поймах павольных рэк, сажалках з раскошнай воднай расьліннасьцю.
Харчаваньне
рэдагавацьСпажывае галоўным чынам зялёныя часткі расьлінаў і карэнішчы. Часам есьць чарвякоў, казурак, малюскаў, нават апалонікаў і малькоў рыбаў, нярэдка харчуецца зернем і насеньнем.
Размнажэньне
рэдагавацьУвесну на месцы гняздоўлі сьвістуны прылятаюць даволі позна, прыкладна ў сярэдзіне красавіка ў паўднёвых частках арэалу і ў канцы траўня ў паўночных. Гнёзды зьвіваюць на зямлі ў добра схаваным месцы, побач з вадой, часам могуць і на адлегласьці некалькіх сотняў мэтраў ад вадаёмаў, у лясох. У поўнай кладцы 4—11 крэмава-жоўтых яек зь вельмі гладкай шкарлупай. Выседжваюць яйкі 22—25 дзён. Птушаняты даволі хутка вырастаюць і ва ўзросьце прыкладна 45 дзён пачынаюць лётаць.
Паводзіны
рэдагавацьВельмі таварыскія птушкі, за выняткам пэрыяду гнездаваньня. Утвараюць вялікія чароды, якія злучаюцца з амэрыканскімі сьвістунамі і могуць міжсобку скрыжоўвацца.
Самец выдае чысты сьвіст, на які саміца адказвае нізкім сыканьнем.
Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца законам. |
Літаратура
рэдагаваць- Птицы Белоруссии: Справочник-определитель гнёзд и яиц / М. Е. Никифоров, Б. В. Яминский, Л. П. Шкляров. — Мн.: Выш. шк., 1989. — 479 с. — 15 000 ас. — ISBN 5-339-00209-8
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Сьвістун (рас.) на бачыне «Аховы птушак Бацькаўшчыны»