15-я зэнітная ракетная брыгада
15-я зэнітная ракетная брыгада (15 зрбр) — злучэньне Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі, што месьціцца ў Фаніпалі (Койданаўскі раён).
15-я зэнітная ракетная брыгада | |
Нарукаўны знак (2017 год) | |
Гады існаваньня | з 25 жніўня 1991 (33 гады таму) |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Падпарадкаваньне | Міністэрства абароны Беларусі |
Уваходзіць у | Вайскова-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны Беларусі |
Тып | зэнітныя ракетныя войскі |
Уключае ў сябе | дывізіёны |
Функцыя | супрацьпаветраная абарона |
Дысьлякацыя | Фаніпаль (Койданаўскі раён) |
Узбраеньне | зэнітныя ракетныя комплексы «Тор-М2К» і «С-300» |
Дзейны камандзір | Андрэй Доўбік |
Вайсковая часьць 30151[1]. Уваходзіла ў Паўночна-Заходняе апэратыўна-тактычнае камандаваньне (ПЗАТК) ВПС і войскаў СПА Беларусі.
Мінуўшчына
рэдагаваць25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет Беларускай ССР зацьвердзіў Закон «Аб наданьні статусу канстытуцыйнага закона Дэклярацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР» (Дзень Адраджэньня). У выніку зімовы заклік вайскоўцаў 15-й зэнітнай ракетнай брыгады (15 зрбр), якую стварылі ў студзені 1968 году, прысягнуў на вернасьць Беларусі. У 1992 годзе брыгаду падначалілі Міністэрству абароны Рэспублікі Беларусь. Ад 1996 году разьлікі 15-й зэнітнай ракетнай брыгады атрымалі магчымасьць ладзіць баявыя пускі на расейскіх палігонах Ашулук у Астраханскай вобласьці, Тэлемба і Мыс Таран.
На 2014 год 15-я зэнітная ракетная брыгада ўваходзіла ў Паўночна-Заходняе апэратыўна-тактычнае камандаваньне (ПЗАТК). Працоўны дзень дзяжурнай зьмены пачынаўся а 7:30. Папярэдне спэцыялісты праходзілі мэдычны агляд, псыхалягічную гутарку, пастраеньне на пляцоўцы. Пасьля загаду яны накіроўваліся на камандны пункт. Цягам наступнай гадзіны правяралі абсталяваньне і дакумэнтацыю. Вайскоўцам даводзілася асаблівасьць будучага дзяжурства, пасьля чаго разьлік пачынаў баявое дзяжурства. На камандным пункце пакідалі дзяжурную зьмену, гатовую падлучыць прылады да прыбыцьця асноўнага разьліку. У склад кожнага разьліку ўваходзілі: памагаты апэратыўнага дзяжурнага, які адказваў за ўключэньне аўтаматызаваных сыстэмаў кіраваньня; планшэтысты, якія наносілі на мапы паветраную абстаноўку, данесеную радыётэхнічнымі падразьдзяленьнямі; дзяжурны па сувязі, які наглядаў за спраўнасьцю каналаў сувязі; апэратыўны дзяжурны, які адказваў за кіраваньне. Пры камандзе начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі на прывядзеньне ў вышэйшую ступеню баявой гатоўнасьці ўключаліся дывізіёны[2].
Таксама для паведамленьня пра летакі на камандны пункт выкарыстоўвалі назіральнікаў ПВН. Апэратыўны дзяжурны накіроўваў паведамленьні ў камандны пункт ПЗАТК для праверкі палётаў згодна заяўкам. Пры супраціве прымусу да пасадкі верталётам разьлік па камандзе пераводзілі ў баявую гатоўнасьць № 1, што абазначала падрыхтоўку адкрыць агонь. На ўзбраеньні 15-й зэнітнай ракетнай брыгады стаялі ЗРК «С-300» і сыстэмы аўтаматызацыі «Паляна-РБ», што дазваляла бачыць абстаноўку з дывізіёнаў і атрымліваць зьвесткі ад авіяцыі і радыётэхнічных войскаў. Камандны пункт атрымліваў да 380 дакладаў пра паветраную абстаноўку ў перадсьвяточныя дні і пастаянна налічваў каля 20 чалавек на баявым дзяжурстве. У брыгадзе служылі вайскоўцы больш як 50 спэцыяльнасьцяў, сярод якіх былі і жанчыны. Начальнік разьліку аддзяленьня баявога кіраваньня меў у падпарадкаваньні 8 жаўнераў[2].
13 сакавіка 2017 году міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў падпісаў Загад № 400 аб зацьвярджэньні нагруднага знака 15-й зэнітнай ракетнай брыгады, які ўяўляў сабой трансфармацыю эмблемы брыгады. Знак зьмяшчаў выяву сокала з узьнятымі крыламі, махавыя пёры якіх стылізаваліся пад ракеты. Галава і грудзі сокала месьціліся на контуры межаў Беларусі, а ззаду знаходзіўся меч рукаяцьцю ўніз. Агульная кампазыцыя абрамлялася лаўрова-дубовым вянком, унізе якога на стужцы зьмяшчалася назва брыгады па-беларуску. 9 кастрычніка 2017 году дадзены нагрудны знак унесьлі ў Дзяржаўны геральдычны рэгістар Беларусі за № В-1365[3][4].
13 студзеня 2023 году 15-я зэнітная ракетная брыгада атрымала на ўзбраеньне зэнітны ракетны комплекс «Тор-М2К».
Кіраўнікі
рэдагаваць- Георгі Рудазуб
- Анатоль Нямковіч
- Андрэй Недаруба
- Анатоль Вусавік
- Ігар Быстры (да 2006 году)
- Іван Ліньнік (2006—2008)
- Аляксандар Астравух (2008—2011)
- Сяргей Фралоў (2011—2015)
- Міхаіл Матросаў (2015—2020)
- Андрэй Доўбік (з 31 сьнежня 2020 году)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Валяр'ян Шкленьнік. Надзейная варта беларускага неба // Пляцдарм. — 25 красавіка 2020. — № 4 (103).
- ^ а б Вераніка Канюта. Вартавыя паветраных межаў // Пляцдарм. — 29 красавіка 2014. — № 4 (33).
- ^ Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь // Дэпартамэнт архіваў і справаводзтва Міністэрства юстыцыі Беларусі, 2023 г. Праверана 28 кастрычніка 2023 г.
- ^ А.С. Ласкевіч. Нагрудныя знакі, якія ўключаныя ў Геральнычны рэгістар Узброеных сіл / рэд. М.Я. Бузін // Бюлетэнь Геральдычнага савета пры міністры абароны Рэспублікі Беларусь. — Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2022. — № 1 (9). — С. 27.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |