Першы менскі беларускі пяхотны полк

Пе́ршы ме́нскі белару́скі пяхотны полк — першае беларускае нацыянальнае вайсковае фармаваньне, створанае Цэнтральнай беларускай вайсковай радай. Полк стаўся асноваю ўзброеных фармаваньняў Выканаўчага камітэту Вялікае Беларускае рады Ўсебеларускага зьезду.

Першы менскі беларускі пяхотны полк
Гады існаваньня лістапад 1917— люты 1918
Краіна Сьцяг Беларусі Беларуская Народная Рэспубліка
Падпарадкаваньне Вялікая беларуская рада
Уваходзіць у Войска БНР
Тып пяхота
Функцыя Абарона Беларускай Народнай Рэспублікі
Колькасьць да 2 тысячаў
Войны Першая сусьветная вайна
Грамадзянская вайна ў Расеі
Удзел у Менскія падзеі
Вядомыя камандзіры І. Рачкевіч

Перадумовы рэдагаваць

Пад час Кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе ў Менску была створаная Вялікая беларуская рада, а пры ёй – вайсковая камісія. Ініцыятарамі стварэньня камісіі былі афіцэры ваеннага часу, у мінулым настаўнікі Кастусь Езавітаў і Сымон Рак-Міхайлоўскі. Неўзабаве да беларускага руху далучыўся генэрал-лейтэнант Кіпрыян Кандратовіч, якому было перададзенае кіраваньне вайсковай камісіяй. Намаганьнямі генэрала Кандратовіча была дасягнутая дамоўленасьць са стаўкай Вярхоўнага галоўнакамандуючага расейскімі арміямі пра стварэньне беларускіх вайсковых частак. Загадам начальніка штаба вярхоўнага галоўнакамандуючага генэрала Бонч-Бруевіча ад 24 лістапада 1917 г. № 937 было дазволенае фармаваньне Беларускага пяхотнага палку ў складзе трох батальёнаў. Празь некалькі дзён генэрал Кандратовіч быў адхілены са сваёй пасады, і кіраўніком вайсковай камісіі стаў паручнік Кастусь Езавітаў.

Шлях палку рэдагаваць

24 лістапада 1917 году быў сфармаваны Першы менскі беларускі пяхотны полк. Да пачатку сьнежня 1917 году ў полк запісалася 350 чалавек. Але ў палку не было ні кашараў, ні зброі, ні грошай. Ужо ў сьнежні бальшавікі разагналі ў Менску ўсе беларускія нацыянальныя арганізацыі, а Беларускі пяхотны полк быў далучаны да 289-га запаснога пяхотнага палку[1].

Менскія падзеі рэдагаваць

Асноўны артыкул: Беларуска-польская адміністрацыя Менску

У лютым 1918 году немцы перайшлі ў наступ па ўсім Заходнім фронце. 19 лютага расейскія ўлады й рэвалюцыйныя батальёны пачалі эвакуацыю зь Менску ў Смаленск. У месьце на стратэгічных аб’ектах засталіся дробныя аддзелы бальшавіцкае варты. Тады ж 19 лютага беларусы захапілі збройню, дзе захоўвалася зброя. Другі ўдар узброеныя беларусы вырашылі нанесьці па органах улады РСФСР у Менску. 20 лютага, каб пазьбегнуць збройных сутычак паміж беларускімі і польскімі аддзеламі, Кастусь Езавітаў выдаў загад, які акрэсьліў зону беларускіх цікавасьцяў у Менску. У той жа дзень 20 лютага быў адноўлены Першы Менскі беларускі полк пад камандаваньнем І. Рачкевіча.

А 15-й 20 лютага польскія атрады занялі Віленскі чыгуначны вакзал (сучасны Менск-Пасажырскі), выбіўшы з чыгуначных мастоў бальшавіцкую варту. Пад кантроль палякаў пасьля бою перайшла электрастанцыя. Вядомы беларуска-польскі дасьледнік Алег Латышонак лічыў, што тыя бальшавіцкія патрулі, якія зьнішчылі пілсудчыкі, насамрэч былі беларускімі. Бальшавікі ўжо пакінулі Менск, тыя хто застаўся ў месьце, пахаваліся. Польскія баявікі запісвалі ў бальшавікі ўсіх, хто быў супраць іх.

Полк таксама ўдзельнічаў у баях супраць бальшавікоў у студзені — лютым 1918 року, дзейнічаючы сумесна з польскім корпусам Доўбара-Мусьніцкага.

Нямецкая акупацыя рэдагаваць

21 лютага а 4-й гадзіне раніцы пілсудчыкі адбілі ў беларусаў Варшаўскі чыгуначны вакзал (сучасная станцыя Інстытут культуры). Аб 11-й гадзіне раніцы ў Менск увайшлі нямецкія аддзелы коньніцы. А 15-й гадзіне ў Менск прыбыў першы нямецкі цягнік.

22 лютага Кастусь Езавітаў выдаў загад аб уключэньні ўсіх беларускіх частак у склад беларускага войска.

25 лютага ў Менск увайшлі асноўныя сілы 10-га нямецкага войска. Польскім атрадам, якія немцы лічылі за сваіх хаўрусьнікаў, загадана пакінуць места. Прычына гэтага загаду ў тым, што польскія баявікі пачалі рабаваць дзяржаўныя склады з вайсковым рыштункам і харчамі, якія немцы лічылі сваімі трафеямі. У той жа дзень новыя акупанты раззброілі беларускае войска. Выканкам Рады выгналі з Дому губэрнатара, канфіскавалі касу, скінулі з будынку беларускі сьцяг.

Зноскі рэдагаваць

  1. ^ Яраслаў Цінчэнка. Узброеныя фармаванні БНР у Літве. 1919-1923  (бел.) // Беларускае Радыё Рацыя.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць