Я́нка Пятро́віч Садо́ўскі (15 ліпеня 1926, Залужжа, цяпер у Стаўпецкім раёне Менскай вобласьці — 10 чэрвеня 1982, Кінгстан, Канада) — беларускі навуковец, грамадзкі дзяяч, скарыназнаўца.

Янка Садоўскі
Дата нараджэньня 15 ліпеня 1926(1926-07-15) або 15 лютага 1926(1926-02-15)
Месца нараджэньня вёска Залужжа, Стаўпецкі раён Менскай вобласьці
Дата сьмерці 10 чэрвеня 1982(1982-06-10)
Месца сьмерці Кінгстан, Антарыё
Месца вучобы
Занятак мовазнавец
Навуковая сфэра гісторыя, мовазнаўства
Месца працы Кўінз-унівэрсытэт
Вядомы як скарыназнаўца
Сябра ў Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў вёсцы Залужжа (цяпер у Стаўпецкім раёне Менскай вобласьці) у сям’і селяніна Пятра. Навучаўся ў вясковай школе (1933—1939), сярэдняй школе ў Міры (1939—1942), Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі (1942—1944)[1].

Ваяваў у Францыі ў 30-й грэнадэрскай дывізіі СС (беларускай), зь лютага 1945 — у войску генэрала Андэрса. У ліпені 1946 апынуўся ў Вялікабрытаніі, дзе да траўня 1947 служыў у Польскім перасяленчым корпусе. Дэмабілізаваўшыся, працаваў у Камісіі лясной гаспадаркі, Нацыянальнай вугальнай радзе[2]. Сябра Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі з 8 сьнежня 1946 року.

У 1948 року паступіў кандыдатам у ордэн марыянаў і, атрымаўшы ў 1949 року брытанскі атэстат сталасьці, пераехаў у Італію. Навучаўся ў Папскім інстытуце «Ангелікуме» (1950—1952), дзе атрымаў ступень бакаляўра філязофіі, вывучаў багаслоўе ў Папскім Грыгарыянскім унівэрсытэце (1952—1956). У 1953 перайшоў зь бізантыйскага ў рымскі абрад і пачаў навучаньне ў Францускай калегіі ў Рыме, 17 сьнежня 1955 высьвячаны на сьвятара. У 1956—1958 вывучаў біблеістыку ў Папскім біблейскім інстытуце, адначасна займаўся вывучэньнем гісторыі ўсходнеславянскіх моваў у Рымскім унівэрсытэце (1956—1960), дзе зацікавіўся дасьледаваньнем жыцьця і дзейнасьці Францішка Скарыны. Менавіта ён адшукаў у падуанскім архіве дакумэнт пра магчымую службу Скарыны сакратаром дацкага караля ў 1506—1512 роках[3].

У лютым 1961 вярнуўся ў Лёндан, каб узначаліць Беларускую школу-інтэрнат імя сьв. Кірылы Тураўскага. Аднак неўзабаве пакінуў сьвятарства і ажаніўся з ангелькай. Працаваў школьным настаўнікам расейскай мовы[4].

У 1964 року абараніў дысэртацыю па тэме «Францішак Скарына» і атрымаў ступень доктара літаратуры ў славяназнаўстве. У 1967 року абараніў яшчэ адну дысэртацыю на тэму «Лінгвістычны аналіз чатырох Кніг Царстваў, надрукаваных Францішкам Скарынам у 1518 годзе», атрымаўшы ступень доктара філязофіі. Пасьля гэтага пераехаў за акіян. У 1968—1969 выкладаў расейскую мову і літаратуру ў Ілінойскім унівэрсытэце Чыкага(en). З 1969 року — у Канадзе, заняў пасаду дацэнта расейскай мовы і літаратуры ў Кўінз-унівэрсытэце ў Кінгстане (Антарыё), дзе і працаваў да скону[4].

Займаўся дасьледаваньнем беларускай літаратуры XIX стагодзьдзя, уплыву беларускай культуры на расейскую ў XVI—XVII стагодзьдзях, пісаў пра Рыгора Крушыну, Васіля Быкава, рабіў ангельскамоўныя агляды беларускіх публікацыяў для «The Year’s Work in Modern Languages Studies». Склаў першую дасьледчую працу пра беларускую эміграцыю на Захадзе пад назваю «Гісторыя беларусаў у Канадзе»[5][6]. У 1971 року зладзіў першую канфэрэнцыю беларусаведы[7] ў Кінгстанскім Кўінз-унівэрсытэце[8]; у 1972—1974 роках ўзначальваў БІНіМ[9]. Засталася нявыдадзенай ягоная манаграфія пад назовам «Доктар Францішак Скарына: Жыцьцё, працы і мова»[10].

  1. ^ Гардзіенка 2014. С. 97.
  2. ^ Гардзіенка 2014. С. 97—98.
  3. ^ Гардзіенка 2014. С. 98.
  4. ^ а б Гардзіенка 2014. С. 99.
  5. ^ Гардзіенка 2014. С. 99—100.
  6. ^ John Sadouski. A history of the Byelorussians in Canada. — Belleville, Ont.: Mika, 1981. — 148 с. — ISBN 978-0919303539
  7. ^ Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш. (24 чэрвеня 2003) Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе Беларускае замежжа. Радыё «Свабода»Праверана 26 чэрвеня 2017 г.
  8. ^ Зінаіда Гімпелевіч. Беларускі інстытут навукі й мастацтва ў Канадзе (БІНіМ, Канада). 1967—2016. Даклад на 32-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі // Культура, Нацыя : часопіс. — верасень 2016. — № 15. — С. 70—75.
  9. ^ БІНіМ Гісторыя. БІНіМПраверана 27 чэрвеня 2017 г.
  10. ^ Гардзіенка 2014. С. 103—104.

Літаратура

рэдагаваць
  • Натальля Гардзіенка Да біяграфіі скарыназнаўцы Янкі Садоўскага // Віленскія выданні Францыска Скарыны ў кантэксце эпохі Адраджэння: да 490-годдзя кнігадрукавання ў Вялікім Княстве Літоўскім: матэрыялы IV Скарынаўскіх чытанняў (Мінск, 27 красавіка 2012 г.) / пад рэд. І. Э. Багдановіч. — Мн.: Кнігазбор, 2014. — С. 97—105. — ISBN 985-985-7089-61-1
  • Лявон Юрэвіч Літаратурны рух на эміграцыі. — Мн.: Беларускі гістарычны агляд, 2002. — 242 с. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі гістарычны агляд»). — ISBN 9789785272109