Юнацтва-Менск

беларускі хакейны клюб
(Перанакіравана з «Юнацтва Менск»)

«Юна́цтва-Менск» — беларускі хакейны клюб зь Менску, выступае ў Беларускай экстралізе. Клюб зьяўляецца сяміразовым чэмпіёнам Беларусі, двухразовым уладальнікам Кантынэнтальнага кубка 2007 і 2011 гадоў. Сэзон 2012—2013 гадоў каманда правяла ў Найвышэйшай хакейнай лізе.

Юнацтва-Менск
Заснаваны 1994
Адкуль Менск, Беларусь
Пляцоўка Чыжоўка-Арэна
Зьмяшчальнасьць: 8800
Зьвязаны клюб Юніёр
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Экстраліга
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
junost.org

Гісторыя

рэдагаваць

Спэцыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскай рэзэрвы «Юнацтва» была заснавана 1 верасьня 1975 году. Праз год, 8 лістапада 1976 году, адкрылася арэна ў менскім парку Горкага, якая стала асноўнай спартовай базай школы. Юнацкія і моладзевыя каманды СДЮШАР «Юнацтва» шэсьць разоў станавіліся бронзавымі прызэрамі першынства СССР, а ў 1990 годзе моладзевая каманда стала чэмпіёнам Савецкага Саюзу. Паводле вынікаў працы ў 1989 і 1990 гадох СДЮШАР «Юнацтва» прызнавалася лепшай спэцыялізаванай школай СССР.

У 1977—1991 гадох каманда СДЮШАР «Юнацтва» ўдзельнічала ў чэмпіянаце БССР, які меў статус першынства КФК. Як правіла, каманда займала месцы ў ніжняй палове турнірнай табліцы й толькі аднойчы, у 1980 годзе, стала чэмпіёнам рэспублікі. Выступ у чэмпіянаце рэспублікі быў для школы толькі этапам у падрыхтоўцы да сустрэчаў моладзевага і юнацкага першынстваў СССР, лепшыя гульцы прыцягваліся ў беларускія каманды майстроў. У канцы 1980-х гадох выхаванцы «Юнацтва» склалі касьцяк менскага «Дынама», які прабіўся ў вышэйшую лігу чэмпіянату СССР. Найбольш вядомым гульцом прайшоўшым школу «Юнацтва» зьяўляецца Сяргей Фёдараў, які бараніў колеры школы й «Дынама» ў 1984—1986 гадох. У будучыні выхаванцы «Юнацтва» 1980-х гадох склалі аснову зборнай Беларусі.

З 1994 году

рэдагаваць
 
Колішні клюбны лягатып.

З 1994 году каманда СДЮШАР «Юнацтва» пачала выступаць у чэмпіянаце незалежнай Беларусі. У 1990-х гадох каманда камплектавалася ўласнымі выхаванцамі, якім складана было супрацьстаяць дарослым гульцам іншых калектываў, таму «Юнацтва», як правіла, замыкала турнірную табліцу. 19 сакавіка 2003 году на базе СДЮШАР «Юнацтва» Менскі гарвыканкам заснаваў і зарэгістраваў некамэрцыйную дзяржаўную ўстанову «Хакейны клюб "Юнацтва-Менск"». Пасьля рэарганізацыі ў камандзе зьявіліся вопытныя беларускія гульцы і легіянэры. Узмацненьне дазволіла «Юнацтву» ў першы ж сэзон пасьля пераўтварэньня выйграць чэмпіёнскі тытул. Пачынаючы з 2004 году, каманда ніводнага разу не заставалася без мэдалёў чэмпіянату Беларусі. У студзені 2007 году хакейная каманда «Юнацтва-Менск» упершыню ў гісторыі беларускага хакею стала ўладальнікам Кантынэнтальнага кубка ІІХФ, адолеўшы ў вырашальным матчы омскі «Авангард». Пасьля выйгрышу ў 2010 годзе чарговага чэмпіёнскага тытулу «Юнацтва» стала самай тытулаванай камандай Беларусі.

У 2012 годзе каманда падала заяўку на ўдзел у Вышэйшай хакейнай лізе з сэзону 2012—2013 гадоў паводле ініцыятывы Фэдэрацыі хакею і Міністэрства спорту і турызму[2]. У далейшым «Юнацтва» меў намер заявіцца ў КХЛ[3]. 2 ліпеня 2012 году каманда была аднагалосна прынята ў склад лігі ўжо з сэзону 2012—2013 гадоў, аднак на наступны сэзон клюб вырашыў вярнуцца ў першынство Беларусі.

 
Канстанцін Захараў у кашулі менскага «Юнацтва».

Пасьля вяртаньня ў Экстралігу клюб нязьменна выходзіў у фінал плэй-оф з 2014 па 2018 гады, аднак толькі аднойчы за гэты час здолеў атрымаць галоўны трафэй у сэзоне 2015—2016 гадоў. У сэзоне 2016—2017 гадоў «Юнацтва» дэбютавала ў Лізе чэмпіёнаў, дзякуючы запрашэньню да ўдзелу ў турніры беларускага чэмпіёна. У свой дэбютны сэзон беларуская дружына трапіла ў адну групу з швэдзкім «Вэкшэ Лэйкерз» і чэскім клюбам «Млада Болеслаў». «Юнацтва» пачало з дзьвюх хатніх перамогаў, спачатку выгуляўшы чэскі клюб зь лікам 4:3, а потым апынуўшыся мацней за клюб з Вэкшэ ў авэртайме. Нават дзьве паразы у гасьцявых гульнях, якія рушылі ўсьлед, дазволілі беларусам прасунуцца ў 1/16 фіналу. «Юнацтва» патрапіла ў плэй-оф на швэдзкага чэмпіёна «Фрэлюнду». У першым матчы, які ладзіўся ў Чыжоўцы-Арэне, швэды мелі вялікую перавагу ў гульні і спачатку выйшлі наперад, дзякуючы голу фінскага нападніка Крыстыяна Вэсалайнэна. Аднак менчукі ў кожным з пэрыядаў закідвалі шайбы ў браму супернікаў. Зрабілі гэта Віктар Туркін, Павал Развадоўскі і Павал Чарнавок. На апошніх хвілінах сустрэчы швэды рэалізавалі колькасную перавагу ў складзе, усталяваўшы канчатковы лік 3:2. У матчы ў адказ «юнакі» ня мелі шанцаў і прагулялі з буйным лікам 5:0.

У 2018 годзе клюб стаў пераможцам Кантынэнтальнага кубка ІІХФ, прыняўшы ў студзені на «Чыжоўцы-Арэне» фінал чатырох[4]. У тым жа годзе пасьля матчу «Юнацтва» ў Швэцыі супраць мясцовага клюбу «Мальмё Рэдкогс», беларускі клюб зьвінавацілі ў крадзяжы ручнікоў, шампуню і імбрыку[5]. У тым розыгрышы Лігі чэмпіёнаў «Юнацтва» прагуляла ўсе гасьцявыя матчы, здабыўшы толькі дзьве хатнія перамогі над «Мальмё Рэдгокс» і фінскім ТПС. Тым ня менш, пасьля двух гадоў бяз тытулу чэмпіяну Беларусі клюб здабыў перамог ў Экстралізе. Наступны сэзон у Лізе чэмпіёнаў быў больш пасьпяховым для менчукоў. «Юнакі» занялі другое месца ў групе, а ў матчах 1/8 фіналу двойчы саступілі нямецкаму «Рэд Булу». У айчынным першынстве «Юнацтва» ня толькі абараніла свой тытул, але і пасьпяхова здабыла яго і праз год у сэзоне 2020—2021 гадоў. Напачатку 2021 году з пасады галоўнага трэнэрам каманды звольніўся Аляксандар Макрыцкі, які быў адзіным галоўным трэнэрам сярод клюбаў чэмпіянату Беларусі, які не падпісаў праўладны ліст. Улетку таго ж году каманда мусіла браць удзел у чарговым розыгрышы Лігі чэмпіёнаў, але беларускі клюб быў адхілены ад спаборніцтваў[6][7]. Такая пастанова была зьвязаная з скасаваньнем авіяцыйнага злучэньня Беларусі з краінамі Эўропы, пасьля таго, як эўрапейскі самалёт быў прымусова пасаджаны ў Менску на патрабаваньне беларускіх уладаў. У сэзоне 2021—2022 гадоў менчукі спыніліся на першым месцы паводле вынікаў рэгулярнага сэзону, але саступілі ў фінале плэй-оф жлобінскаму «Мэталюргу».

З траўня 2023 году каманду ачольвае трэнэр Віктар Касьцючонак, які ў 1995 годзе пачынаў сваю кар’еру гульца ў клюбе. Ён жа ў другой палове 2010-х гадоў некаторы час уваходзіў у трэнэрскі штаб «Юнацтва».

Хатнія матчы «Юнацтва-Менск» праводзіла ў Менскім лядовым палацы спорту (вул. Прытыцкага, 27), а з 2013 году клюб праводзіць матчы на арэне «Чыжоўка», якая здольна зьмясьціць каля 9 тыс. гледачоў.

Трэнаваньня СДЮШАР ладзяцца на базе крытай коўзанкі ў парку Горкага. Коўзанка была пабудаваная ў 1976 годзе паводле праекту архітэктараў Юрыя Грыгор’ева і Ўладзімера Бабашкіна. Акрамя вялікай лядовай пляцоўкі памерамі 28,5 x 59 мэтраў, пад дахам здубаваньня месьціцца дзіцячая трэнавальная пляцоўка памерамі 8,5 x 19 мэтраў. Трыбуны комплексу ўмяшчаюць 767 гледачоў. На падземным узроўні разьмешчаныя распранальні, склады ды тэхналягічныя памяшканьні.

Паводле стану на 14 верасьня 2024 году

Брамнікі
30   Мікіта Мытнік 25.09.2002 35   Макар Серабраньнікаў 24.10.2005
48   Георгі Кузьняцоў 28.01.1998
Абаронцы
6   Максім Сушчынскі 02.05.2003 7   Сяргей Станкевіч 03.03.1995
9   Уладзіслаў Суркоў 20.09.2000 11   Павал Воранаў 15.10.2000
16   Аляксей Кургановіч 20.06.2006 23   Мікіта Парфянюк 09.09.2003
46   Раман Дастанка 03.05.1994 52   Ільля Сідарук 07.03.2002
70   Арсень Козіч 14.04.2004 88   Цімафей Мамановіч 05.12.2006
96   Іван Костка 16.12.2004
Нападнікі
10   Валянцін Дземчанка 01.04.2002 13   Аляксандар Кітараў 18.06.1987
15   Уладзіслаў Шыла 14.03.2003 17   Станіслаў Кучкін 17.11.1993
18   Павал Кулікоў 14.01.1992 19   Дзьмітры Колышкін 13.03.1996
21   Герман Несьцераў 31.08.1991 27   Іван Серада 05.12.2003
53   Іван Касарэнкаў 22.01.1998 78   Максім Мецялёў 27.06.2005
80   Уладзіслаў Дземідовіч 23.05.2002 82   Аляксандар Кулагін 12.01.1994
87   Глеб Шкапцоў 05.03.2000 92   Уладзімер Роўба 26.10.1997
93   Мікіта Вярэніч 02.04.2002 97   Герман Пірагоўскі 15.07.2002
98   Арсень Каўгарэня 13.05.2005

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць