Электрастанцыі Паўночнай Македоніі
Каардынаты: 41°59′41″ пн. ш. 21°25′57″ у. д. / 41.99472° пн. ш. 21.4325° у. д.
«Электрастанцыі Паўночнай Македоніі» («ЭПМ») — дзяржаўнае прадпрыемства Паўночнай Македоніі, заснаванае ў 1945 годзе ў якасьці «Электраэнэргетыкі Македоніі».
«Электрастанцыі Паўночнай Македоніі» | |
мак. Електрани на Северна Македонија | |
Тып | акцыйнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | Ніколі не спыняемся, пастаянна разьвіваемся |
Заснаваная | 1945 |
Заснавальнікі | урад Дэмакратычнай Фэдэральнай Македоніі |
Уласьнікі | урад Паўночнай Македоніі |
Краіна | Паўночная Македонія |
Разьмяшчэньне | Скоп'е |
Адрас | вул. 11 кастрычніка, д. 9[1] |
Ключавыя фігуры | Сладжана Багдановіч (старшыня), Васько Кавачэўскі (генэральны дырэктар)[2] |
Галіна | электраэнэргетыка |
Прадукцыя | электраэнэргія, цеплавая энэргія |
Абарачэньне | ▲15,935 млрд дэнараў (2021 год; 259,116 млн эўра)[3] |
Апэрацыйны прыбытак | ▼849,2 млн дэнараў (2021 год; 13,808 млн эўра) |
Чысты прыбытак | ▼-1,728 млрд дэнараў (2021 год; -28,101 млн эўра) |
Лік супрацоўнікаў | 4471 (2022 год) |
Даччыныя кампаніі | Рудна-энэргетычны камбінат Бітола |
На 2023 год забясьпечвала каля 90 % вытворчасьці электраэнэргіі ў краіне. Цеплавыя электрастанцыі магутнасьцю 824 МВт выраблялі 5000 ГВт-гадзіна электраэнэргіі за год, гідраэлектрастанцыі магутнасьцю 556,8 МВт — 1200 ГВт-гадз, ветраэлектрастанцыя на 36,8 МВт — звыш 100 ГВт-гадз. Кагенэрацыйная газавая электрастанцыя на 30 МВт выдавала цеплавую магутнасьць у 26 МВт. Таксама дзейнічала сонечная электрастанцыя «Асламей 1» на 10 МВТ[4].
Будова і вытворчасьць
рэдагавацьНа 2023 год «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі» ўлучалі:
- 2 рудна-энэргетычныя камбінаты (РЭК) — «Бітола» і «Асламей»;
- 4 гідраэлектрастанцыі — «Маўрава», «Ціквеш», «Чорны Дрым» і «Трэска»[5].
Дзьве цеплавыя электрастанцыі працавалі на бурым вугалі ў Пелагонскай і Кічаўскай катлавінах. Яны забясьпечвалі да 80 % вытворчасьці электраэнэргіі. Агульныя запасы вугалю ў 20 радовішчах, у тым ліку ў Мар'ёўскай і Ціквескай катлавінах, ацэньваліся ў 2,5 млрд тонаў. Рудна-энэргетычны камбінат (РЭК) «Бітола» меў найбольшую магутнасьць на трох блёках па 233 МВт і вырабляў штогод 1200 ГВт-гадз электраэнэргіі на блёк. Сярэдняя цеплатворная здольнасьць вугалю складала 1540 кДж/кг. РЭК «Асламей» каля Кічава меў магутнасьць 125 МВт. ЦЭЦ на прыродным газе даччынага прадпрыемства «Энэргетыка» вырабляла да 100 МВТ-гадз электраэнэргіі і да 40 МВт цеплаэнэргіі для забесьпячэньня гарачай вадой і ацяпленьня[6]. Два буйныя руднікі бурага вугалю Асламей і Сувадол працавалі ў Кічаўскай і Пелагонскай катлавінах, дзе знаходзіліся радовішча Сувадол, Брод-Гнеаціна, Жывойна, Асламей, Папавяні і Страгаміштэ. Сярод 664 млн тонаў вугалю 62 % падлягалі здабычы ў шахтным спосабам, а рэшта — адкрытым спосабам[7].
Гідраэлектрастанцыі выраблялі 1200 ГВт-гадз электраэнэргіі за год і мелі магутнасьць 554 МВт, што складала 40 % ад агульнага абсягу магутнасьцяў прадпрыемства. Выкарыстаньне магутнасьці рэк Вардар і Чорны Дрым скдалала 27 % ад тэхнічных магчымасьцяў (1417 МВТ-гадз)[8].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 1945 годзе ўрад Дэмакратычнай Фэдэральнай Македоніі ўтварыў прадпрыемства «Электраэнэргетыка Македоніі». У хуткім часе ўвялі ў дзеяньне два агрэгаты цеплаэлектрастанцыі «Маджары» ў Скоп'і. Затым штогод запускалі па малой гідраэлектрастанцыі: «Зрноўцы», «Песачаны», «Сапунчыца» і «Дошніца». У 1957 і 1958 гадах запусьцілі 2 агрэгаты магутнасьці па 37,5 МВт на ГЭС «Вруток». У 1960 годзе адчынілі ГЭС «Равен» і «Врбен» па 12,8 МВт, якія ўтварылі першую чаргу «Маўроўскай ГЭС». У 1965-м запусьцілі ГЭС «Глабочыца» магутнасьцю 42 МВт на рацэ Чорны Дрым, а таксама ў 1969-м адчынілі ГЭС «Сьпіле» на 70,2 МВт. У 1968-м узьвялі 2 агрэгаты ГЭС «Ціквеш» па 46 МВт. У 1970-м пусьцілі ГЭС «Каліманцы» на 12,8 МВт[9].
У 1978 годзе пабудавалі цеплаэлектрастанцыю «Нягоціна». У 1980-м запусьцілі Рудна-энэргетычны камбінат «Асламей». Да 1988 году пасьлядоўна ўзьвялі тры цеплавыя блёкі Рудна-энэргетычнага камбінату «Бітола». У 2004 годзе ўсталявалі 2 агрэгаты магутнасьцю 80 МВт ГЭС «Казяк» магутнасьцю, што дазволіла вырабляць 652 000 МВт·гадз электраэнэргіі за год, а гэта склала 1/8 вытворчасьці ГЭС у Македоніі. 30 чэрвеня 2005 году ўрад Македоніі ўхваліў Пастанову № 19-2626/1 аб пераўтварэньні прадпрыемства ў акцыйнае таварыства «Электрастанцыі Македоніі»[9].
У 2008 годзе працягнулі выведку Мар'ёўскага радовішча, дзе пацьвердзілі запасы 111 млн тонаў вугалю. У 2010 годзе пачалі распрацоўку Подзінскага радовішча на рудніку Сувадол, дзе запасаў вугалю ставала на 20 гадоў працы ЦЭС «Бітола». У 2010 годзе дасягнулі найбольшай вытворчасьці электраэнэргіі ў 6462 гігават-гадзіна за кошт павышэньня яе вытворчасьці на ГЭС на 70 % да 2185 гігават-гадзіна. У жніўні 2012 году запусьцілі ГЭС «Сьвятая Петка» на рацэ Трэска магутнасьцю 36,4 мэгават з выпрацоўкай 66 гігават-гадзіна электраэнэргіі за год. У сакавіку 2014 году да электрасеткі падлучылі ветравую электрастанцыю «Багданцы» магутнасьцю 36,8 МВт з пастаўкай 100 гігават-гадзіна электраэнэргіі для 60 000 хатніх гаспадарак. У 2019 годзе прадпрыемства перайменавалі «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі» ў адпаведнасьці з Прэспанскім пагадненьнем з Грэцыяй[9].
На 2020 год сярод 4699 супрацоўнікаў 86 % складалі мужчыны. Найбольш працаўнікоў налічвалі РЭК «Бітола» — 2550 (54 %) і РЭК «Асламей» — 965 (20 %)[5]. За 2021 год вытворчасьць электраэнэргіі ўпала на 21 % да 3227 гігават-гадзіна. Зь іх 63 % вырабілі на 2-х цеплаэлектрастанцыях, 33 % — на 8 гідраэлектрастанцыях, 3 % — на ветравой электрастанцыі «Багданцы», а рэшту на кагенэрацыйнай цеплаэлектрацэнтралі[3]. У красавіку 2022 году запусьцілі сонечную электрастанцыю «Асламей 1» магутнасьцю 10 МВт з выпрацоўкай 15 гігават-гадзіна за год[9].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Зьвесткі для сувязі (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.
- ^ Будова (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.
- ^ а б Уладзімер Слаўкоўскі, Дабрыла Стэфаноска. Справаздача аб працы за 2021 год (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 9 траўня 2022 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.
- ^ «ЭПМ» на першы погляд (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.
- ^ а б Кіраваньне прадпрыемствам (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.
- ^ Цеплавая энэргія (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 14 красавіка 2023 г.
- ^ Руднікі (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.
- ^ Гідраэнэргетыка (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.
- ^ а б в г Гісторыя (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |