Элегі Пранціш Вуль

беларускі паэт

Элегі Пранціш Вуль (сапр. Элегі Францішак Карафа-Корбут; 21 красавіка 1835, Віцебск — 8 сьнежня 1894, Варшава) — беларускі паэт.

Элегі Пранціш Вуль
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Элегі Францішак Карафа-Корбут
Нарадзіўся 21 красавіка 1835
Віцебск, Расейская імпэрыя
Памёр 8 сьнежня 1894
Варшава, Расейская імпэрыя
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт

Удзельнік паўстаньня Кастуся Каліноўскага, за ўдзел у якім быў сасланы ў Сібір. Апошнія гады жыцьця правёў у Варшаве, дзе зь Вінцэсем Каратынскім і Адамам Плугам стварыў беларускі гурток. Аўтар верша «К дудару Арцёму ад надзьвінскага мужыка» — аднаго з найлепшых узораў раньнебеларускай грамадзянскай лірыкі. Зьяўляецца верагодным аўтарам паэмы «Тарас на Парнасе»[1].

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў Віцебску 21 красавіка 1835 году і быў старэйшым сынам у сям’і беднага тутэйшага чыноўніка Маўрыкія Фаміча Карафа-Корбута. З 1846 году вучыўся ў Віцебскай гімназіі. Верагодна з-за слабога здароўя і неўладкаванага матэрыяльнага становішча сям’і будучы паэт ня здолеў скончыць сёмую выпускную клясу гімназіі.

Ужо падчас вучобы Элегі Пранціш вылучаўся сваімі літаратурнымі здольнасьцямі. У раньні пэрыяд творчасьці індывідуальная манеры будучага пісьменьніка фармавалася пад вызначальным уплывам беларускай народнай культуры і традыцыямі расейскай прафэсійнай паэзіі. Аднымі з вучнёўскіх працаў, якія былі дакумэнтавана засьведчаныя як кіраўніцтвам гімназіі, так і апекуном Пецярбурскай навучальнай акругі былі «Воспоминания детства и юности» (верасень 1851), «Витебск» (верасень 1852), «Крестины у белорусских крестьян» (травень 1853), «О Державине вообще и об оде „Бог“ в особенности» (студзень 1854).

Пасьля сыходу з гімназіі Элегі Пранціш Вуль уладкаваўся пісарам у Віцебскую палату дзяржаўных маёмасьцяў, дзе займаўся акцызнымі пытаньнямі, зборам і ўлікам падаткаў ад продажу гарэлкі і працаваў там з 1856 па 1862 год. Гэты этап у жыцьці паэта засьведчаны дакумэнтальна:

  По выбытии из седьмого класса Витебской губернской гимназии поступил на службу в Витебскую палату государственных имуществ писцом среднего разряда хозяйственного отделения тысяча восемсот пятьдесят шестого года апреля двадцатого. Помещён на вакансию писца высшего разряда в том же отделении 30 октября 1857 года. Согласно прошению уволен от службы для поступления в высшее учебное заведение по постановлению 30 июля 1862 года[2]  

Верагодна, недзе да 1856 году адносіцца знаёмства Вуля зь беларускім пісьменьнікам Арцёмам Вярыгам-Дарэўскім, у «Альбоме» якога 23 красавіка 1859 году зьявіўся 28-ы запіс, зроблены Элегіям Пранцішам Вулем, які складаўся зь беларускага верша «К дудару Арцёму ад надзьдзьвінскага мужыка» і польскага «Няновая думка».

Памёр у Варшаве 8 сьнежня 1894. Пахаваны на могілках Старыя Павонзкі.[3]

Першапублікацыя верша «К дудару Арцёму ад надзьдзьвінскага мужыка» адбылася ў «Нашай Ніве» 9 лістапада 1912 году. Затым яго тэкст быў уключаны ў «Хрэстаматыю беларускае літаратуры» Максіма Гарэцкага.

Бібліяграфія

рэдагаваць
  • Э. Ф. Вуль. Карэспандэнцыя «Газэты цодзеннэй. 1860, № 188.» Віцебск, 21 чэрвеня 1860 г.н.с. / Гал. рэд. Мікола Гіль // Літаратура і мастацтва : газэта. — Менск: Беларускі дом друку, 19 сакавіка 1993. — № 12 (3682). — С. 16.
  1. ^ Хаўстовіч М. Вераніцын ці Вуль? // XIX стагоддзе: Навук.-літ. альманах. Мн., 2000. Кн. 2. С. 188—191
  2. ^ Г. Б. Кісялёў. Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 369
  3. ^ Хаўстовіч М. Знайсці Ялегі Пранціша Вуля ў Варшаве. // Даследванні і матэрыялы. Т.5., Варшава, 2019. С. 229—239.

Літаратура

рэдагаваць