Цюркалёгія

навука пра цюрскія мовы, культуру, гісторыю і літаратуру

Цюркалёгія — сукупнасьць (комплекс) навуковых гуманітарных дысцыплін, што вывучаюць мовы, літаратуру, гісторыю, фальклёр, рэлігію, этнаграфію, духоўную і матэрыяльную культуру і інш. цюрскіх і цюркамоўных народаў у мінулым і цяпер[1].

Спачатку разглядалася як вузкая філялягічная навука.

Прадмет вывучэньня

рэдагаваць

Геаграфічна сфэра інтарэсаў цюрколягаў распасьціраецца ад Якуціі на крайняй поўначы да Кіпру на паўднёвым захадзе, ад Кітая на ўсходзе да краінаў Блізкага Ўсходу на поўдні.

Агульная колькасьць цюрскіх народаў, этнічных груп і меншасьцей у сьвеце сёньня дасягае паводле розных ацэнак каля 165 мільёнаў чалавек. Каля 20 мільёнаў чалавек валодае якой-небудзь зь цюрскіх моваў у якасьці другой ці трэцяй. Аднак ня трэба зьмешваць такое веданьне з этнічнай прыналежнасьцю. Найранейшыя цюрскія тэксты датуюцца 600—800 гг. н. э.

Рэлігіяй старажытных цюркаў было тэнгрыянства. У наш час розныя цюрскія народы вызнаюць розныя рэлігіі. Асноўнымі рэлігіямі зьяўляюцца іслам, хрысьціянства, будызм і карэнныя рэлігіі. Большасьць сучасных цюркаў мусульмане-суніты. Пасьлядоўнікі будызму засталіся сёньня толькі сярод жоўтых уйгураў і тувінцаў. Чувашы, якуты і Гагавузы галоўным чынам праваслаўныя хрысьціяне.

Колькасьць цюрскіх моваў вызначаецца па-рознаму. Так, у калектыўнай манаграфіі, выдадзенай АН СССР у 1966 г., паказана 23 жывыя мовы; у навучальным дапаможніку А. А. Рэфармацкага — 25 жывых і 7 мёртвых моваў; у манаграфіі М. А. Баскакава — 27 жывых і 12 мёртвых моваў. У новай калектыўнай манаграфіі «Цюрскія мовы», выдадзенай Інстытутам мовазнаўства РАН у сэрыі «Мовы сьвету» ў 1997 г., адзначана 39 жывых і 15 мёртвых цюрскіх моваў[2].

Пасьля распаду СССР эканамічнае і геапалітычнае значэньне такіх этнічна цюрскіх дзяржаваў, як Турэччына, Узбэкістан, Казахстан, Азэрбайджан і інш. павялічваецца.

У апошні час у сілу адчувальнай працоўнай міграцыі некаторых цюрскіх народаў у краіны заходняй і паўночнай Эўропы значэньне цюркалёгіі ўзрастае і нярэдка прымае больш ужытковы характар.

Веды экспэртаў-цюрколягаў запатрабаваны як у лінгвістыцы і культуры, так і ў паліталёгіі, журналістыцы, сацыялёгіі, статыстыцы, антрапалёгіі і інш.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць