Мая

мэзаамэрыканская цывілізацыя
(Перанакіравана з «Цывілізацыя мая»)

Ма́я — адна з цывілізацыяў Мэзаамэрыкі, вядомая сваім разьвітым пісьменствам, уражвальнымі дасягненьнямі ў мастацтве, астраноміі ды архітэктуры. Цяперашняе ўяўленьне пра тое, што народ мая вымер, хібнае — сотні тысячаў індзейцаў мая працягваюць жыць на тых самых тэрыторыях, дзе тысячу рокаў таму мешкалі іхнія продкі; шмат у чым яны трымаюцца тых самых традыцыяў і мовы, што й стагодзьдзі таму. Цывілізацыя мая разьвівалася ў вобласьці, якая ахоплівае паўднёва-ўсходнюю Мэксыку, усю Гватэмалу й Бэліз, а таксама заходнія часткі Гандурасу й Сальвадору. Гэтая вобласьць складаецца з паўночных нізінаў, якія ахопліваюць паўвостраў Юкатан і сугор’е Сьера-Мадрэ, якая цягнецца ад мэксыканскага штату Ч’япас па ўсёй паўднёвай частцы Гватэмалы й далей у Сальвадор і паўднёвыя нізіны прыбярэжнай раўніны Ціхага акіяна.

Піраміда Кукулькана ў Чычэн-Іцы.

У архаічным пэрыядзе мэзаамэрыканскай храналёгіі да 2000 року да н. э. зьявіліся першыя раньнія вёскі мая. Даклясычнага пэрыяд да 250 року н. э. зазнаў стварэньне першых складаных таварыстваў у рэгіёне й культываваньне асноўных культураў рацыёну мая, як то кукуруза, бабы, гарбуз і чырвоны перац. Першыя месты мая былі пабудаваныя каля 750 року да н. э.. Да 500 року да н. э. у местах ужо ўтрымліваліся будынкі манумэнтальнай архітэктуры, у тым ліку вялікія храмы з складанымі ляпнымі фасадамі.

У позьнім даклясычным пэрыядзе ў рэгіене Пэтэнскага басэйну паўстаў шэраг буйных разьвітых местаў, а места Камінальхую заняло бачнае становішча ў гватэмальскім сугор’і. Пачынаючы прыкладна з 250 року н. э., ужо ў клясычны пэрыяд мая пачалі ўзводзіць скульптурныя помнікі. У гэты пэрыяд цывілізацыя мая дасягла вялікай колькасьці местаў-дзяржаваў, зьвязаных складанай гандлёвай сеткай. Гэты быў пэрыяд росквіту цывілізацыі. У гэты час паўсталі два вялікія супернікі, месты Тыкаль і Калякмуль, якія дасягнулі значнай ступені магутнасьці. Клясычны пэрыяд таксама адзначаецца ўмяшаньнем места Тэатыўакан з тэрыторыі сучаснай цэнтральнай Мэксыкі ў дынастычныю палітыку мая. У IX стагодзьдзі назіраўся шырокі палітычны каляпс у цэнтральнай частцы імпэрыі Мая ў выніку міжусобнай вайны, адмовы ад выкарыстаньня местаў і зруху насельніцтва на поўнач. Таму большасьць зь местаў былі пакінутыя яшчэ да прыбыцьця эўрапейцаў. У постклясычны пэрыяд назіраўся ўздыму места Чычэн-Іца на поўначы краіны, а таксама пашырэнне агрэсіўнага каралеўства Кумаркай у гватэмальскім сугор’і. У XVI стагодзьдзі Гішпанская імпэрыя калянізавала мэзаамэрыканскую вобласьць. Пасьля доўгай сэрыі вайсковых кампаніяў у 1697 року была захоплены Таясаль, апошняе места мая.

У клясычным пэрыядзе ў мая панавала канцэпцыя «чароўнага караля», які выступаў у якасьці пасярэдніка паміж сьмяротнымі й звышнатуральнай сфэрай. Улада, як правіла, пераходзіла ад бацькі да старэйшага сына. Кароль таксама ачольваў войска. Палітыка мая базавалася на замкнёнай сыстэме патранажу, хоць дакладны палітычны склад каралеўства вар’іраваўся ад места-дзяржавы. Да позьняга клясычнага пэрыяду ўплыў мясцовай арыстакратыі значна павялічыўся, што прывяло да адпаведнага памяншэньня выключнага ўплыву караля. Мая стварылі разьвітую сыстэму герагліфічнай пісьмовасьці і распрацавалі арыгінальную каляндарную сыстэму. У рамках сваёй рэлігіі, мая практыкавалі чалавечыя ахвярапрынашэньні.

Мая будавалі велічныя каменныя месты, большасьць зь якіх былі пакінутыя яшчэ да прыбыцьця эўрапейцаў. Месты мелі тэндэнцыю да пашырэньня бяз сыстэмы, а у цэнтры места знаходзіліся цырыманіяльныя й адміністрацыйныя комплексы, атачаныя нерэгулярнай забудовай жылых раёнаў. Розныя часткі местаў зьвязваліся адно з адным з дапамогай сакбэ. Асноўная архітэктура гораду складалася з палацаў, пірамідаў-храмаў, цырыманіяльных пляцовак і структураў, якія выкарыстоўваліся для астранамічных назіраньняў. Паводле стану на пачатак 1980-х рокаў археолягамі было выяўлена каля 1000 гарадзішчаў і 3000 паселішчаў мая. Некаторыя з гэтых гарадзішчаў: Паленке, ычэн-Іца ды Ўшмаль у Мэксыцы, Тыкаль і Кірыгуа ў Гватэмале, Капан у Гандурасе й Хоя-дэ-Сэрэн у Сальвадоры — занесеныя ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць